Выбрать главу

Усё роўна настрой дзіўным чынам перамяніўся.

Выйшаў з палаца ў завею, пачуў, як шумяць дрэвы парку, і захацелася радасна, па-хланчукоўску, галёкнуць і засмяяцца. Галоўнае, знікла адчуванне страху, якое з'явілася ад сустрэчы з немцамі, той сустрэчы, якая так узрадавала Міру. Дзіўна, як па-рознаму розныя людзі глядзяць на свет! Не толькі розныя людзі — адзін і той жа чалавек на працягу дня. Як ён сёння. Усё ж хораша! У Брэсце пачаліся мірныя перагаворы. Надыходзіць Новы год. Сапраўды — Новы, з вялікай літары, бо ўсё ў ім будзе новым на гэтай шматпакутнай зямлі.

Сяргей з пяшчотай падумаў пра Міру, з удзячнасцю і дабрынёй аб людзях, з якімі толькі сустрэўся.

Рудкоўскі прапанаваў яму паабедаць. Багуновіч прызнаўся, што жанчыны пачаставалі яго блінцамі. Стары Калачык весела смяяўся:

«Во салдацкі нюх мае чалавек! Во ўвішны! Пакуль мы з табой, Антон, агітавалі адзін аднаго, ён каля нашых баб на кухні аціраўся. А я думаю: адкуль пра блінцы знае?»

4

У штабе, калі не лічыць вартавога, толькі адзін чалавек працаваў — займаўся справамі палка. Як і ў іншыя многія дні. Начальнік штаба палкоўнік Пастушэнка. Падлічваў, планаваў, вычэрчваў графікі, схемы. Нястомны працаўнік. Чалавек гэты даўно здзіўляў Багуновіча. Палкоўніку пад шэсцьдзесят, ён старэйшы за яго, Багуновічавага, бацьку. У шаснаццатым прысланы са Стаўкі, назначаны камандзірам гэтага палка. Хадзілі чуткі, што за нейкую правінку быў высланы, нібыта з самім імператарам не згадзіўся ў нечым. Дваранін, не з бедных. Але з вышэйшым камандным саставам не вельмі сябраваў, не любілі Пастушэнку там. Трымаўся кампаніі сваіх афіцэраў, большасць з якіх у пяхотных часцях была з разначынцаў — з настаўнікаў, чыноўнікаў, сярэдняй буржуазіі. Гэтая частка афіцэраў лічылася найбольш рэвалюцыйнай да лютаўскага перавароту і горача вітала звяржэнне Мікалая крывавага, устанаўленне рэспублікі. Пастушэнка не ўзначальваў іх, але ішоў з імі, як роўны, прымаючы ўсе рэвалюцыйныя перамены ў арміі і ў краіне. А пасля палкоўнік пайшоў далей за многіх маладых афіцэраў — пайшоў за салдатамі. У чэрвені полк адмовіўся ад наступлення.

Палкоўнік абараняў салдат, не выдаў агітатараў-бальшавікоў і, нібыта трымаючыся ў цяні, здолеў зрабіць так, што казацкай сотні, якая была прыслана штабам фронту, каб абяззброіць полк і расфарміраваць, не ўдалося гэтага зрабіць.

Полк некаторы час не чапалі — гарачыя ліпеньскія дні ў Петраградзе, у Стаўцы, Часоваму ўраду было не да таго. А пасля, калі контррэвалюцыя арганізавалася і ўмацавалася, ваенны міністр Керанскі, стаўшы прэм'ерам, уласным загадам зняў Пастушэнку з камандавання палком і разжалаваў у капітаны.

Любы ва ўзросце Пастушэнкі падаў бы ў адстаўку ці нейкім іншым чынам з'ехаў бы з палка — хто вытрымаў бы такое ўніжэнне!

Пастушэнка застаўся ў палку, камандзірам батальёна.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі бальшавіцкі камітэт у ліку іншых абмяркоўваў і яго кандыдатуру на камандзіра. Ды Пастушэнка сам прапанаваў сябе на начальніка штаба.

«Я штабіст, таварышы, я штабіст»,— часта паўтараў ён.

Штабіст з яго сапраўды быў адменны.

Пастушэнка, накінуўшы кажушок на плечы, сядзеў за сталом і ўважліва вывучаў інтэнданцкія звесткі аб наяўнасці прадуктовага давольства. У яго з'явілася падазрэнне, што на складах не ўсё ладна, ва ўсялякім разе, улік даволі заблытаны. Не дзіва — многа новых людзей, малапісьменных. Але хацелася праверыць салдацкія размовы, што хтось з інтэндантаў «спускае» муку і кансервы набок — прадае сялянам, местачкоўцам. Ён са смуткам думаў, што зладзеі пралазяць і ў рэвалюцыю, што яны ёсць у кожным класе і адрозніваюцца хіба што маштабамі ўкрадзенага. Пры царызме прамыслоўцы, пастаўшчыкі, інтэнданты кралі на мільёны рублёў, кралі ў салдат, што лілі кроў «за цара і айчыну». «Якая брыдота!» — думаў тады стары праўдалюб, талстовец. Цяпер нейкі мужык у шынялі крадзе ў сваіх таварышаў. Яму таксама няма апраўдання. Непісьменны? Несвядомы? Але ўсім — панам і мужыкам — з маленства даводзяць евангельскі запавет: «Не крадзі». «Не забі» — першы і галоўны запавет усіх рэлігій. Тыя, хто, па іх перакананнях, атрымаў уладу ад бога і часцей, чым просты люд, паўтараў у малітвах і пропаведзях усе добрыя запаветы, не толькі кралі — цацкоўвалі народ на народ і забілі не сотні, не тысячы — мільёны людзей.

Сумна было старому палкоўніку ад такіх думак. А яшчэ было сумна ад таго, што ён стары, з хворым сэрцам, і не здолее дажыць да ажыццяўлення ідэалаў свабоды, роўнасці і брацтва. Ён верыў у чалавечы розум, у дабрыню, у тое, што людзі збудуюць жыццё на новых асновах. Ён пайшоў да бальшавікоў таму, што паверыў: вучэнне іх, тэорыя, не разыходзіцца з практыкай. Бальшавікі не спыніліся, як спыніліся эсэры. Не толькі спыніліся — папаўзлі назад. Сволач Керанскі, які столькі крычаў аб высокіх ідэалах, дабраўшыся да ўлады, загадваў расстрэльваць салдат. Расстрэльвалі ротамі, батальёнамі. Без суда.