Сары захацелася паказаць, колькі іх, дзяцей, і як нялёгка іх карміць, і яна нечакана гучна паклікала:
— Фаня! Соня! Лейба! Ходзьце да мяне!
З двух вузкіх дзвярэй, завешаных палінялымі плюшавымі занавескамі, выйшлі дзеці, адзін за адным. Выйшлі па-даросламу паважна, стрымана. Першай з'явілася кучаравая дзяўчынка гадоў васьмі, пэўна, маміна любіміца, бо больш смела, чым іншыя, наблізілася да маці, і Сара ласкава пагладзіла яе па галаве. За ёй — хлопец гадоў трынаццаці, кульгавы, не па-дзіцячаму пануры, пасля — дзяўчынка такога ж узросту, можа, на год маладзейшая. Яна смела агледзела гасцей і грэбліва ўсміхнулася: маўляў, з-за чаго наладжваецца парад? Чацвёрты быў зусім малы, гадоў пяці, у дзявочым плацці, хоць відно было па абліччы, па стрыжцы, што хлопчык. Ён таксама падышоў да маці, і яна таксама пагладзіла яго па галаве.
Дзеці былі прывучаны да строгай дысцыпліны, ім, пэўна, забаранялася з'яўляцца ў прысутнасці заказчыкаў. Аднак яны прывыклі да заказчыкаў і асаблівай цікавасці не выяўлялі. Іх хіба здзівіла: навошта маці паклікала іх?
Сара ўпікнула дванаццацігадовую:
— Як ты надзела Лёву? Ай-яй. Сорамна перад людзьмі. Ты не магла надзець яму штонікаў? — і да Марыі Міхайлаўны: — Я вам скажу: іх нялёка накарміць, але яшчэ цяжэй навучыць. Аднак калі пані думае, што гэта ўсе, то пані памыляецца. Акрамя тых дваіх, што вылецелі з-пад матчынай спадніцы... па кім баліць матчына сэрца, двое басякоў дзесь на коўзанцы дадзіраюць апошнія боты, апошнія штаны. Дык што пані хоча заказаць? — і, не чакаючы адказу, раптам — да Багуновіча: — Пан не можа адвесці вачэй ад тае карціны?
Сяргей уздрыгнуў, павярнуўся, затуманенымі вачамі глянуў на Мірыну маці. Яго трохі раздражняла, што яна так многа гаворыць. Словы, словы... Навошта? Яму хацелася пасядзець моўчкі перад яе партрэтам. Але каб толькі моўчкі. Каб ніхто не пачуў, не ўбачыў, не зразумеў. Акрамя маці. Яго маці. А яе маці? Як ён можа раздражняцца супраць яе?
— Дык я вам скажу. Гэта такі карцінка! Я сама сяджу за машынкай ці з іголкай і гляджу на яе — не нагляджуся. І — што вы думаеце? Часам плачу.
У Багуновіча зноў горкі камяк захраснуў у горле.
— Мае старэйшыя. Гэтую басячку, у якой у галаве ўжо жаніхі...
— Мама! — ужо абурана крыкнула Клара.— Ды сціхніце вы!
— Вы бачылі? Яна хоча заткнуць матцы рот. Няхай пані скажа: хіба было такое, калі мы з вамі мелі па столькі гадоў, колькі ёй? Мая матка агрэла б мяне папругай... Той прыгажун — гэта наш сын. Нядаўна яго называлі Навум Навумавіч. Хто? — Сара панізіла голас амаль да шэпту: — Вядомыя бальшавікі... Не, я проста хацела сказаць, што гэта такі галава, мой Навум! Але басяк. Хіба я кажу няпраўду? Мы са старым Навумам парвалі ўсе жылы, пасляпілі вочы і пакалолі пальцы, каб паслаць яго вучыцца. Калі пані думае, што гэты басяк скончыў вучылішча, то пані памыляецца. Ён заняўся рэвалюцыяй... пачаў бунтаваць супраць дырэктара. Тады яго вытурылі адтуль. З шумам, з гамам. Дык ён пайшоў у дэпо. Ён рашыў стаць пралетарыем. Ха! Быццам пралетарый — граф, князь. Нас з бацькам ён называў дробнымі буржуямі. Як вам гэта падабаецца? Я — буржуйка, ды яшчэ дробная. Пані скажа, што я дробная? — Сара ахапіла рукамі сваю постаць, ёй захацелася пажартаваць. Але Марыі Міхайлаўне было не да жарту, яна разумела, што свацця яе падыходзіць да расказу пра Міру, што ўсім, што сказала дагэтуль, яна як бы падводзіла да таго, каб расказаць нешта незвычайнае пра старэйшую дачку. Што яна скажа? Пахваліць? Асудзіць? Хоць, па сутнасці, яна нікога з дзяцей не асуджае, а слова «басяк» у яе любоўна-ласкальнае. Аднак што б яна ні сказала — Сяргею аднолькава будзе балець.
Ён адарваўся ад фатаграфіі, утаропіўся ў шапку, якую трымаў на каленях. Ён згорбіўся, сцяўся: чакае гэтага расказу, як удару, прысуду.
«Гаротны мой хлопчык!»
— Ён такі высока падскочыў. У рэвалюцыю, Навумчык мой. Але я ў вас пытаюся: ну і што з таго? Прыйшлі немцы, скула ім у бок, і ён мусіў спусціцца на зямлю. Ён не можа з'явіцца дадому і ў сваё дэпо, дзе рабіў, дзе меў павагу...
— Мама!
Сара ў гэты раз не адмахнулася ад дачкі, зразумеўшы, што тая папярэджвае яе.
— Вы думаеце, я ведаю, дзе ён? Я толькі ведаю, што ў іх гэта называецца падполлем...
На нейкі міг жанчына сціхла, глядзела на Клару, як бы пытаючы ў дачкі, ці не нагаварыла чаго лішняга. Клара не глядзела на маці. Яна глядзела на прышэльца. Маці, магчыма, здалося, што глядзіць Клара так на пана таму, што ў яе жаніхі ў галаве. Клара яе мала хвалявала. Яна думала пра Міру, бо пра адну яе не ведала, дзе яна цяпер; дзе хаваецца сын, безумоўна, ведала.