Не, такое жыццё не для яго! Але што рабіць? Куды пайсці? І што рабіць? Словы, якія часта паўтараў бацька,— словы Багдановіча; ім і Купалам захапляўся адвакат, лічыў іх прадвеснікамі нацыянальнага адраджэння беларусаў.
Пахадзіў па кабінеце. Спыняючыся ля стала, прачытаў верш другі раз... трэці. Запомніў. Пайшоў да сястры. Прачытаў ёй на памяць. У Лелі, пасля таго як яна паслужыла ў шпіталі, пабачыла, як людзі пакутуюць, з'явіўся своеасаблівы пратэст супраць інтэлігентшчыны. У гімназіі яна захаплялася новай паэзіяй. Але ў шпіталі пераканалася, што салдаты любяць Лермантава і Кальцова і не разумеюць Блока, а тым больш Севяраніна і Гумілёва. Увогуле сама яна астыла да любой паэзіі, лічыла: не да паэзіі ў такі сурова-празаічны час. Цяпер яна з большым задавальненнем распускала старыя кофтачкі, світэры і вязала безрукаўкі — «душагрэйкі», так называлі іх салдаты; не толькі раненыя, што ляжалі ў халодным шпіталі, але і ўрачы некаторыя, фельчары гатовы былі цалаваць ёй рукі за такія падарункі. Чалавечая ўдзячнасць кранала дзяўчыну.
Не спыняючы вязанне,— пруткі ў яе пальцах мільгалі з хуткасцю гільз, што выляталі з кулямётнай ленты,— Лёля абыякава ўхваліла:
— Нічога. Чыё?
— Бунін.
— Бунін?— здзівілася яна.— Не тое яны пішуць, паэты, пра вайну.
— Не тое,— згадзіўся Сяргей.— Але гэта напісана да вайны. Хоць што значыцца да вайны? Калі людзі не ваявалі?
Зрабілася трохі сумна, што сястра не зразумела яго. Тлумачыць не захацелася. Вярнуўся ў кабінет. Паляжаў. Пачытаў Чэхава. Але з галавы не выходзілі радкі: «Но сердце в нем чуть тлеет: как огонек под кизяком».
«О, да, он — мудр!»
Не ляжалася. Не чыталася. Заглянуў на кухню, дзе маці і Васіліна гатавалі абед; ім хацелася найлепш, найсмачней карміць яго, кантужанага; рабіць гэта ў галодны ваенны час — з прыходам немцаў рынкі апусцелі — было вельмі нялёгка, таму яны прыкладалі ўсё сваё кулінарнае майстэрства.
Жанчыны ўзрадаваліся яго з'яўленню: калі хворага пацягнула на кухонныя пахі — гэта добра.
— Сяргей Валянцінавіч, вы паспыталі салдацкія супы. Паспытайце наш. Грыбны.
Ён ахвотна, што таксама парадавала іх, выканаў Васілініну просьбу: падзьмухаў на вогненнае варыва ў лыжцы, сербануў; пахваліў. Адышоў да акна, гледзячы ў двор, на будынак пошты на рагу Падгорнай і Губернатарскай, прачытаў як бы сам сабе: «Герой — как вихрь...»
Азірнуўся не адразу, як бы прадчуваючы, што тут будзе не так, як з Лёляй. Глянуў: у Васіліны былі спалоханыя вочы, у маці дрыжалі вусны. Яны зразумелі яго. Настрой яго. І сэрцы іх у роспачы крычалі:
«Што ж гэта такое? Зноў — на вайну?»
Бацька радасна крыкнуў з пярэдняй:
— Сярожа, паглядзі, каго я табе прывёў!
Багуновіч-малодшы каторы дзень пакутаваў ад адзіноты, ад безвыходнасці, адчуваючы сябе тым «мудрым», што нібыта песціць помсту, а ў сапраўднасці тлее, бо не ведае, куды падацца. Неаднойчы падумаў: шчаслівыя Рудкоўскі і Бульба, яны — што віхор,і калі згараць, то як метэоры. Ва ўсялякім разе, тлець не будуць. Ён узненавідзеў сябе за бездапаможную бяздзейнасць. Ісці нікуды не хацелася, сустрэцца з кім-небудзь з сяброў юнацтва не было ніякага ^жадання, тым больш прынімаць іх у сябе. Сустрэцца яму хацелася хіба толькі з адным чалавекам, з незнаёмым,— з Мірыным братам, які, як прагаварылася іх словаахотлівая маці, хаваецца ад немцаў, жыве, працуе ў падполлі.
Па бацькавым голасе адчуў, што прывёў кагось з яго даўніх дружбакоў. Бацьку хочацца прагнаць яго хандру. Паморшчыўся, неахвотна падняўся з канапы, выйшаў у пярэднюю. І — дзіўна — раптам узрадаваўся. Перад ім стаяў яго гімназісцкі сябар Баляслаў Кручэўскі.
Адзеты ён быў трохі дзіўна, але не без элегантнасці: у афіцэрскіх ботах, кавалерыйскім галіфэ, але ў цывільным пінжаку, на бялюткай манішцы — «бабачка» ў крапінку.
Твар Славін, расчырванелы з марозу, свяціўся, як у імянінніка. Горача абняліся, пацалаваліся — на радасць бацьку. Дагадзіў сыну. Ад Кручэўскага патыхала віном. Ён і цвярозы быў вясёлы, а на падпітку — Сяргей добра помніў — станавіўся душой любой кампаніі. У гімназіі яго любілі. Для Сяргея і сам Слава, і асабліва бацька яго, актыўны дзеяч Беларускай грамады, сябра адваката Багуновіча,— былі кумірамі. Калі яны вучыліся ў апошнім класе гімназіі — было гэта ў час рэакцыі,— Пятра Кручэўскага асудзілі на год ці паўтара за артыкул аб прыгнёце самадзяржаўем беларускага народа. Сын падбіў сяброў-гімназістаў на дэманстрацыю. Немалая група беларусаў і палякаў у актавай зале чыталі Купалу і Міцкевіча. Дырэктару Фальковічу, які паспрабаваў угаварыць іх, каб разышліся, гімназісты крычалі: «Тыран! Дэспат!» — хоць Фальковіч лічыўся лібералам. З ім здарыўся сардэчны прыступ. Славу Кручэўскага выключылі з гімназіі. Але маці пайшла, пакланілася губернатару, і Слава быў залічаны назад. Аднак хадзіў ён пасля героем, лідэрам «прагрэсіўных беларусаў».