Кручэўскі засмяяўся.
— Ты ідэаліст, Сярожа. І службіст. Ты можаш прысягнуць і богу і чорту. А мяне рэвалюцыя вызваліла ад прысягі, ад абавязкаў. Упраўленне наша распусцілі. Няма славян. Няма немцаў. Есць пралетарыі ўсіх краін,— Кручэўскі іранічна хмыкнуў.— Ішло братанне былых ворагаў. Чым яно кончылася — ты ведаеш.
Братанне і яму, Багуновічу, не падабалася, але словы сябра ён не прыняў, бо балюча кальнуў у сэрца ўспамін пра Міру, пра тое, як яна верыла ў брацтва людзей, у рэвалюцыйнасць нямецкіх салдат.
— Кончылася трагічна,— сумна згадзіўся Сяргей.
— Валянцін Вікенцьевіч сказаў мне, што ў цябе загінула жонка. Ты паспеў ажаніцца? Я выказваю табе спачуванне.
Сяргей не адказаў, з панурай маўклівасцю круціў у руках чарку.
Бацька зноў наліў лікёру. Бацьку хацелася адвесці размову ад сумнага.
— За вас, дзеці. Каб вам добра было.
Кручэўскі падхапіў:
— Будзе добра, дзядзька Багуновіч. Я ж сказаў вам, калі пачуў, што Сяргей дома: нам пашанцавала!
«Каму гэта нам?» — хацелася спытаць Багуновічу-малодшаму, але зноў дзьмухнуў скразнячок нейкай непрыемнай адчужанасці: гэта проста-такі палохала яго.
Кручэўскі выконваў тайную, выказаную тостам, ці, можа, яўную, выказаную раней, як кажуць, адкрытым тэкстам, просьбу Багуновіча-старэйшага не гаварыць пра тое, што можа расхваляваць Сярожу. Ён пачаў пра вясёлае:
— У Кіеў я махнуў проста пажыць. Павесяліцца. Калі воля — дык воля для ўсіх. А Цэнтральная рада, я табе скажу, дала такі волю. У рэстаранах — што да вайны. А хахлушкі, брат,— цуд! Гэткае, ведаеш, нешта такое... ад зямлі — ад стэпу, ад пшаніцы, ад неба, дзе бліскаюць маланкі. «Що цэ то вы робытэ, пан афіцэр?»
А сама млее, растае, цячэ, што мёд. Пальчыкі абліжаш!
Багуновіч хіба толькі ў пачатку вайны, калі быў бязвусым прапаршчыкам, з цікавасцю слухаў расказы афіцэраў пра іх любоўныя прыгоды. Пазней яму было брыдка чуць такое. Па-першае, ён пераканаўся, што большасць афіцэраў бессаромна выхваляліся, манілі. Па-другое, яго абражала жывёльнае стаўленне да жанчыны. Ён абураўся: «Панове! У кожнага з нас ёсць маці, сёстры, нявеста!» Афіцэры звычайна злаваліся: «Чыстаплюй чортаў!» Цяпер яго абурыла, што Баляслаў з такой бесцырымоннай фамільярнасцю расказвае пра свае бруднаватыя прыгоды старому чалавеку — бацьку, равесніку яго бацькі.
Але, моцна змяніўся былы гімназісцкі прапагандыст «свабоды, роўнасці, брацтва», змагар за аўтаномію беларусаў!
«Куды ён схіліўся? Да якога берага прыстаў? Хоць што я пытаюся? Сам я прыстаў да якога-небудзь берага? Я забраўся, няхай сабе ў чысценькую, але ціхенькую, утульненькую бухтачку, адгароджаную ад вялікай ракі гэтымі сценамі, уяўнай хваробай, матчынымі клопатамі».
Сяргей перапыніў сябраў расказ пра кіеўскія рэстараны:
— Што новага ў свеце? На фронце?
— На якім? На Усходнім? Ты што, не ведаеш? Падпісаны мір. Прымусілі бальшавічкоў...
— Мір? — скалануўся ўвесь Багуновіч і ўсхвалявана падняўся з мяккага крэсла.— Калі?
— Падпісаны? Учора ў Брэст-Літоўску. Але калі хочаш ведаць маю думку, як кажуць, не для прэсы, то я скажу: дурні немцы! Знаходзіцца за семдзесят вёрст ад Піцера і пайсці на мір!.. Яшчэ адзін рывок — і можна было б раздушыць гэтае асінае гняздо.
Уміг, у адзін міг міне імі вырасла сцяна. Багуновіч адначасова і ўзрадаваўся яе з'яўленню, і спалохаўся — спалохаўся, што ад аднаго неасцярожнага руху сцяна гэтая абурыцца на яго і пахавае пад сваім тысячапудовым цяжарам.
Зрабілася цяжка дыхаць. Як бы баючыся, што сцяна сапраўды можа абваліцца толькі ад яго голасу, ад дыхання, ён адказаў стоеным шэптам:
— Там нашы браты.
— Хто гэта твае браты? Бальшавікі?
Багуновіч адступіў ад століка, за якім сядзелі, сказаў звычайным голасам:
— Бальшавікі — рабочыя Піцера, Салдаты. Каго ж табе хочацца задушыць?
Бацька таксама насцярожана падняўся, бачачы па сыну, што той вось-вось можа ўзарвацца. Напэўна, і Кручэўскі сцяміў, што перахапіў цераз край. Адказаў лагодна, як бы жартам:
— Аднак набраўся ты іх духу.
І тады Сяргей сапраўды грымнуў:
— А ты якога духу набраўся? У кіеўскіх прастытутак?
Спалоханы адвакат падскокам апынуўся паміж сынам і госцем, растапырыў рукі.
— Хлопцы! Хлопцы! Ну, што вы, як пеўні? Чаго вы не падзялілі? Нельга ж так. Успомніце, як вы дружылі.
Марыя Міхайлаўна, можа, упершыню за ўсё жыццё спынілася каля дзвярэй, каб паслухаць, і таксама спалохалася за сына, за яго ўзрыў. Хацелася ведаць: з-за чаго яны гэтак? Безумоўна, палітыка. Палітыка раскалола ўвесь свет. Але што канкрэтна так абурыла сына?