Выбрать главу

Стары Багуновіч дарэмна спалохаўся, дарэмна стаў паміж маладымі. У іх зусім не было намеру кінуцца адзін на аднаго. Сяргей адышоў да кніжнай шафы, збялелы ад хвалявання. А Кручэўскі прадаўжаў спакойна цадзіць лікёр, не крануўшыся з крэсла, паблажліва, з адчуваннем сваёй перавагі, пасміхаючыся:

— Нервачкі ў цябе, дарагі сябра мой, нікуды не вартыя. Але мы іх вылечым. Я прыйшоў да цябе не проста так, а з канкрэтнай прапановай, якая, не сумняваюся, цябе парадуе. Але спачатку да пытання пра братоў. Сапраўдныя браты мы з табой, Сяргей. Абодва беларусы. Гэта вышэйшае брацтва. Хіба не так?

— Так, безумоўна, так,— пацвердзіў Багуновіч-старэйшы, каб памірыць маладых.

— Бачыш, такія людзі, як мой бацька, твой бацька, гэта добра разумеюць. Яны — мозг будучай Беларускай рэспублікі. А мы з табой павінны стаць яе сілай. Ваеннай сілай.

Сяргей урэшце зразумеў, куды хіліць Кручэўскі, і скептычна пасміхаўся, загадваючы сабе не ўзрывацца больш, а паздзекавацца з гэтага дамарошчанага палкаводца.

— Вітаю прасвятленне на тваёй поснай фізіяноміі. А то набычыўся, як белавежскі зубр. Зараз ты будзеш скакаць ад радасці. Слухай уважліва. Я прыйшоў, каб афіцыйна прапанаваць табе пасаду камандзіра першага беларускага палка.

— Якога палка?

— Палка Беларускай вайсковай рады.

— А што гэта за рада такая?

— Ну, ты мяне здзіўляеш. Ты быццам з неба зваліўся.

— Я зваліўся з фронту. Кантужаны,— голас Сяргея зноў пагрозліва задрыжаў: не, заставацца спакойным пры такой гутарцы вельмі нялёгка.

— Як гэта вы, Валянцін Вікенцьевіч, не прасвяцілі сына? — з дакорам спытаў Кручэўскі ў адваката.

Сяргея зноў скаланула:

«Нахабнік! Тылавы пацук! Ты дазваляеш сабе папракаць старога чалавека!»

— Сярожа быў хворы. Колькі дзён ён нічога не чуў,— прагучала гэта апраўдальна, і Багуновіч-малодшы не стрымаўся, кінуў бацьку адно слова, з грымасай болю і сораму:

— Тата!

Валянцін Вікенцьевіч пачырванеў, як дзяўчына, цяжка ўздыхнуў, паскардзіўся:

— Незразумелымі вас зрабіла вайна. Незразумелымі...

Кручэўскі самаўпэўнена засмяяўся, сам наліў сабе лікёру і з размаху выплеснуў чарку ў рот.

— Зараз мы, дзядзька Багуновіч, усё зразумеем. Прасвятлім,— і да Сяргея: — Спадзяюся, ты чуў пра «Усебеларускі кангрэс», які праходзіў яшчэ ў снежні? Бальшавікі хацелі разагнаць яго. Не ўдалося. Хоць пасля некаторых з нашых яны арыштавалі. Цяпер, калі беларускі народ вызваліўся...

«Калі і ад чаго ён вызваліўся? Немцы вызвалілі мой народ?!» — абурана закрычаў Сяргей, але ў думках, бо голас яму як бы адняло, як аднялі былі нямецкія снарады слых.

— Цяпер выканаўчы камітэт з'езда стварыў урад рэспублікі — народны сакратарыят Беларусі. Яго ўзначалілі Варонка, Цвікевіч, Серада, Грыб.

— І каго яны прадстаўляюць? Рабочых? Сялян? — спытаў Сяргей у бацькі.

КруЧэўскі засмяяўся.

— Ну і бальшавікі! Начынілі яны цябе марксізмам. Але калі ты ўжо лезеш у тэорыю, то я табе скажу: сіла ў еднасці нацыі, у еднасці ўсіх яе класаў і пластоў. Тэорыя вашага Маркса — гэта тэорыя для людзей без роду і племя. А мы — чыстае славянскае племя. Рускія перамяшаліся з татарамі...

У Сяргея было што адказаць на гэта, але пачынаць тэарэтычную спрэчку яму зусім не хацелася; залішне многа энергіі ішло на тое, каб стрымліваць сябе, прымушаць да спакою.

— Я не палітык. Я салдат.

— Вось гэта мне падабаецца! — бадай узрадаваўся Кручэўскі.— Палітыкаў у нас хапае. Салдат мала. Таму я прапаную табе полк. Аднак слухай пра нашу арганізацыю. Пры ўрадзе створана «Вайсковая камісія». Яе ўзначальвае Езавітаў... Помніш? Цвікевіч і ён былі арганізатарамі Беларускай сацыялістычнай грамады. Розум, я табе скажу,— англійскі парламент. Мяне ён узяў да сябе начальнікам штаба. Не бойся. Прыцясняць цябе не буду. У нас — поўная дэмакратыя...

— Каго прадстаўляе ваша камісія?

— Вайсковая?

— Усе.

— Ну, ведаеш... Мне не падабаецца твая іронія. Май павагу. Як — каго? Беларускі народ.

— Увесь?

— Безумоўна, увесь.

— А ты ведаеш, што сяляне ідуць у лясы, у партызаны, як пры нашэсці Напалеона... каб біць «вызваліцеляў»?

Кручэўскі ўскінуў галаву і здзівіўся.

— Аднак не такі ўжо ты недасведчаны. Сляпым і глухім ты прытварыўся.

— Я не сляпы. Я чую. Вас чую, пан начальнік штаба!

— Хлопчыкі! Хлопчыкі! Не сварыцеся, калі ласка,— адчуўшы набліжэнне новага ўзрыву, прасіў стары Багуновіч.

Грамадавец адкусіў ад свайго вуса, сплюнуў валаскі ў жменю, выцер руку беласнежнай хусцінкай. Відно было, што сарказм Багуновіча, яго здзекліва-афіцыйны тон вывеў госця з раўнавагі. Але Кручэўскі стрымліваў сябе.