— Я разумею тваю нянавісць да немцаў. Думаеш, я іх люблю? Але будзем рэалістамі, сябра мой. Пакуль у нас няма свайго войска... Немцы памаглі нам вызваліцца ад страшнай навалы бальшавізму, з іх дапамогай мы ўціхамірым мужычкоў, якіх у лясы вядуць бальшавіцкія камісары. А там будзе відно. На ўсё трэба час.
Сяргей раптам адчуў, што ён зрабіўся на здзіўленне спакойны, больш таго — яму стала весела, і ён зразумеў — ад чаго так: ад усведамлення сваёй маральнай перавагі, сваёй перамогі над гэтым хлюстам, сэрцаедам кіеўскіх рэстаранных паненак, над пігмеем, што лезе ў Аляксандры Македонскія. Было толькі горка і прыкра ад таго, што некалі ён лічыў гэтага чалавека сваім сябрам, нават лепшым сябрам.
Багуновіч па-вайсковаму трыумфальна прайшоўся па кабінеце, спыніўся каля крэсла Кручэўскага, збоку. Здзівіў бацьку весялосцю свайго голасу:
— Болесь! Шаноўны заступнік беларускага народа! З гэтага ты і пачынаў бы — што вам хочацца паслужыць немцам. А калі гаварыць салдацкай мовай, якую мы з табой добра вывучылі,— палізаць Вільгельму с... Ліжыце! Ён кіне вам костку... Грызіце!
— Сярожа! — як застагнаў бацька.
Кручэўскі гэтак жа па-вайсковаму падхапіўся, шчоўкнуў абцасамі, сказаў вельмі ўзлавана:
— Здаецца, я не туды трапіў.
— Не туды, Болесь, не туды, пан атаман. Ты трапіў да сумленных людзей, якія ніколі не пойдуць чысціць боты генералу Фалькінгейму. Ды і кайзеру не пачысцяць. Цару не чысцілі. Праўда, бацька?
— Хлопчыкі! Далібог жа пеўні... Ах, божа мой! — бедаваў стары.— Што адбываецца ў гэтым свеце!
— Прашу прабачыць, пан Багуновіч,— Кручэўскі ўміг апынуўся каля дзвярэй кабінета і адчыніў іх з такой сілай, што ледзь не збіў да смерці спалоханую Марыю Міхайлаўну.
Але Болесь, здаецца, не заўважыў яе. Сарваў у прыхожай з вешалкі сваё футра і выскачыў за дзверы, грымнуўшы імі так, што зазвінелі шыбы, люстры, посуд У камодах.
Выскачыла са свайго пакоя Лёля.
— Сярожа выкінуў яго, гэтага нахабніка? Дарэмна ён не спусціў яго з лесвіцы. Я чула праз сцяну...
Марыю Міхайлаўну спалохала размова, якую яна пачула. Але разам з тым яна ўзрадавалася за сына, за яго высакародныя прынцыпы. Для яе пакуль што не мела значэння, якія ў яго палітычныя погляды. Для яе важна было, што ён застаўся Чалавекам, такім, якім яна і бацька выхоўвалі яго з маленства.
Нясмела, але з прасветленым тварам, увайшла маці ў кабінет. Сын сядзеў у крэсле і смакаваў лікёр, пераможна пасміхаючыся.
Валянцін Вікенцьевіч стаяў перад акном да іх спіной, быццам вельмі зацікаўлены нечым, што адбываецца на вуліцы. Але яна ведала: нічога там асаблівага няма, пры глыбокім хваляванні муж нярэдка так робіць.
— Сядай, мама. Выпі лікёру. Выдатны «Шартрэз». У цябе вялікія запасы, бацька?
Багуновіч-старэйшы не адказаў.
Сяргей гарэзліва падміргнуў яму ў спіну.
— У цябе, мама, сёння добры выгляд. Ты памаладзела.
— Дзякую, сыне, за камплімент,— і раптам вінавата прызналася: — Я слухала пад дзвярамі.
Бацька перасмыкнуў плячамі і незразумела хмыкнуў.
З дзвярэй закрычала Лёля:
— Які жах! Мама! Не прызнавайся нікому.
Яна са смехам увайшла ў кабінет, упала ў крэсла, у якім сядзеў бацька.
— Калі ты так хваліш гэтае зялёнае зелле, то налі і мне. Нап'юся і пайду наб'ю морду твайму лепшаму сябру. Які цынік і... дурань... Пасватаўся...
Сяргею захацелася тут жа абняць, пацалаваць маці і сястру, ён напаўняўся гонарам за іх.
Бацька нечакана для ўсіх іх раптам ціха засмяяўся. Марыя Міхайлаўна ажно спалохалася: з чаго гэта ён смяецца? Няма ж прычыны.
Валянцін Вікенцьевіч павярнуўся да жонкі, дзяцей і весела сказаў:
— Але, не быць мне таварышам міністра. Яны мяне сваталі намеснікам сакратара юстыцыі. Але пра што я падумаў зараз? Можа, праўда, сын, ты ўратаваў мяне ад ганьбы?
— Не можа, а напэўна,— сказала Лёля, каўтнула лікёр і закашлялася.— Фу, брыдота, я ў шпіталі спірт піла і — нічога.
— Я даўно табе казала: будзь далей ад гэтай хеўры. Яны ўжо грызуцца паміж сабой за партфелі.
— Але што мяне непакоіць...— сказаў Багуновіч-старэйшы, панізіўшы голас і наблізіўшыся да іх.— Не выдасць цябе, сын, гэты тып?
Жанчыны насцярожана прыціхлы
Сяргей падумаў, прыгубіўшы чарку, але не п'ючы. Адказаў са спакоем, якому сам здзівіўся:
— Напэўна выдасць.
Маці жахнулася:
— Божа мой! Сярожа! Як можна так... упэўнена і спакойна? Ён быў тваім сябрам...
— Да немцаў ён, магчыма, і не пойдзе. Але сваім... ураду свайму... вайсковай камісіі... раскажа безумоўна. А там знойдуцца...