Выбрать главу

Гэтыя ж людзі і гавораць на поўны голас, і смяюцца гучна, жыццярадасна. Больш за ўсё Багуновіча ўразіў іх смех. Сабраліся на такі з'езд! Не кажучы пра тое, што некаторыя, вельмі можа нават быць, не снедалі сёння.

Але ў гэтай жыццястойкасці — разумеў ён — сіла людзей, што ўзялі ўладу, што мусяць сказаць сваё слова аб важнейшым дзяржаўным акце.

Багуновіч не сумняваўся, што скажуць яны сваё слова гэтак жа, як сказаў бы і ён, каб у яго спыталі. Але часам з'яўлялася трывога. За няпоўны тыдзень, як ён у Маскве, Сяргей Валянцінавіч даведаўся, якой жорсткай была барацьба паміж Леніным і «левымі» за падпісанне мірнага дагавору. Толькі ўчора перад імі, курсантамі, выступаў Крыленка і расказваў, як гэтая барацьба ўспыхнула з новай сілай на Сёмым з'ездзе бальшавіцкай партыі, што адбыўся тыдзень назад у Петраградзе.

Багуновіч думаў пра тое, што цяпер лёс яго, можна лічыць, вызначаны.

Але настрой у яго быў вельмі складаны: задавальненне, трывога, душэўная ўзнёсласць, глыбокі смутак... Менавіта тут, калі ён заглянуў у на дзіва ўрачыстую залу з белымі калонамі, з нізка падвешанымі паміж імі крышталёвымі люстрамі, яму з новай сілай забалела рана ад смерці жонкі. «Міра! Дзяўчынка мая! Каб цябе сюды!»

Апрануты гэтак жа, як большасць чырвонаармейцаў, у шынель, толькі шынель у яго быў новы, не прыцёрты яшчэ да цела, і ў новыя боты, занадта добрыя і моцныя ў параўнанні з тымі, што паступалі на фронт, у фуражцы з чырвонай зоркай над казырком, Багуновіч хадзіў у натоўпе, і ніхто, безумоўна, не здагадваўся, што ў яго зусім іншая місія, чым у кожнага з дэлегатаў. Мацаючы ў кішэні шыняля ручку нагана, ён узіраўся ў твары людзей, запамінаў іх. Усхваляваны незвычайнасцю ўсяго, што бачыў вакол сябе, перажываючы ад успамінаў, ён не пераставаў думаць пра самае блізкае: як перавярнулася яго жыццё за нейкія дзевяць дзён!

У той жа вечар, пасля бурнай размовы з Кручэўскім, бацька, згадзіўшыся з яго рашэннем і пераканаўшы маці, пасварыўшыся з Лёляй, якая заявіла, што паедзе з братам, дамовіўся з чыгуначнікамі, і ён, былы камандзір палка, адзеты ў чыгуначную форму, сеў кандуктарам з ліхтаром у руках на пляцоўку апошняга вагона. Перад адыходам таварнага састава на Оршу побач з ім прымасціўся нямецкі салдат. Гэта ўпачатку занепакоіла Багуновіча — такое суседства не было прадугледжана. Але ноч была ветраная, завейная, за апошнім вагонам круціўся снежны смерч, іх прадзьмувала да касцей, засыпала снегам. Багуновічу чыгуначнікі не пашкадавалі доўгага, да пят, кажуха, ён абуўся ў бацькавы паляўнічыя валёнкі. А пра немца яго начальства не надта паклапацілася: боты і футравая душагрэйка пад шынялём. Вартавы акачанеў у першую ж гадзіну так, што адважыўся сарваць стоп-кран, пагразіў Багуновічу пальцам — глядзі, маўляў, адказваеш за ўсё! — і пабег да паравоза. Засталася адна задача: не прыехаць у Оршу, дзе можа быць строгая праверка (чыгуначнікі сказалі, што «лінія міру» — дэмаркацыйная, на вайсковай мове,— раздзяліла Оршу папалам), і не сысці занадта далёка ад Оршы. Яму пашанцавала: пад раніцу доўга стаялі на нейкай станцыі; калі з'явіліся мясцовыя чыгуначнікі, ён даведаўся, што да Оршы ўсяго пятнаццаць вёрст. Якраз тое, што трэба — ні блізка, ні далёка. Ён тут жа сігануў за пакгауз, адтуль, пакуль былі яшчэ прыцемкі, падаўся да бліжэйшага лесу, што цямнеў за вярсту. Баяцца не было чаго. Наўрад ці пачнуць немцы шукаць кандуктара.

Выменяўшы пазней у той дзень у вёсцы кажух на лягчэйшую напратку — сялянскую світку, ён без асаблівых прыгод за двое сутак дабраўся да Смаленска,

Шукаючы прытулак у горадзе, забітым разрозненымі вайсковымі часцямі і бежанцамі, Багуновіч, на шчасце сваё, сустрэў камандзіра батальёна з Петраградскага палка — таго самага Сцяпана Гарчакова, што вучыўся на дзяка. Гарчакоў павёў яго да Чарназёмава. Камандзір палка вельмі ўзрадаваўся з'яўленню свайго калегі — суседа. Абняў усё роўна што сына. Абагрэў. Распытаў, якой дарогай Сяргей адступаў. Расказаў пра свой полк. Багуновіч перажыў нялёгкія хвіліны, даведаўшыся, што Чарназёмаў, хоць і з немалымі стратамі, але арганізавана, з усёй артылерыяй і абозам, вывеў полк, наносячы немцам контрудары на працягу ўсяго адступлення, ажно пакуль не падпісалі мір. Вельмі балюча было: нейкі каваль здолеў уратаваць полк ад разгрому, людзей ад смерці, а ён... У чым жа справа? Не дарос да камандавання палком? Не. Побач быў Пастушэнка. Яны разам думалі... І, аднак, усё роўна балела сэрца. Думаў, што не знайшоў ён таго рашэння, якое, магчыма, уратавала б... Міру, салдат, што засталіся ў брацкай магіле, ды і тых, каго пагналі ў нямецкі палон, у рабства.