Выбрать главу

Чарназёмаў прадставіў яго Мяснікову, даўшы найлепшую рэкамендацыю. На другі ж дзень яго паслалі ў Маскву на толькі што створаныя курсы камсаставу Чырвонай Арміі.

І вось тыдзень ён вучыцца і... вучыць. Вучыцца разумець законы рэвалюцыі, палітыку Савецкай улады. Вучыць курсантаў-рабочых вайсковай справе, уменню валодаць зброяй. Тактыку чытае генерал Самойла. Ён расказаў ім, як вяліся перагаворы ў Брэсце. У той жа вечар, застаўшыся днявальным, Багуновіч зняў у чырвоным кутку партрэт Троцкага, што вісеў побач з партрэтам Леніна. Камісар курсаў, стары бальшавік, былы катаржанін Сізоў, і курсанты зрабілі выгляд, што не заўважылі знікнення аднаго партрэта. А ўчора будучым камандзірам далі першую баявую задачу: ахоў ваць Чацвёрты з'езд Саветаў.

Багуновіч верыў у лёс, таму быў глыбока ўсхваляваны, што яму наканавана ахоўваць з'езд, які ратыфікуе мірны дагавор. Яшчэ ўчора, калі яны атрымалі гэтае заданне, яго моцна ўзрушыла думка, што, ахоўваючы з'езд ад правакацый контррэвалюцыі, ён будзе ахоўваць Леніна. Доўга не засынаў мінулую ноч, уяўляючы Леніна. Ах, каб яго паставілі на самы галоўны пост! Быў крыху расчараваны, калі атрымаў раніцой такое празаічнае заданне — хадзіць сярод дэлегатаў, сачыць і дзейнічаць толькі ў выпадку правакацый.

Зноў ён думаў пра Міру. А яшчэ думаў, як знайсці магчымасць паслаць вестачку ў Мінск, бацьку, маці, Лелі, што ён жывы, вучыцца на камандзіра той арміі, з якой у хуткім часе — верыў у гэта! — прыйдзе на чале роты ці палка — чын не меў значэння,— каб вызваліць іх. Ніколі ён не хваліўся, у натуры не было такой рысы, але, здарыцца нагода напісаць, ён, напэўна, хоць намёкам паведаміць родным, што ахоўваў Леніна.

Багуновіч заглянуў у буфет. Каля пустых стоек было гэтак жа мнагалюдна, як некалі ў часе антрактаў. Але тады пілі і елі, а цяпер спрачаліся ці гаварылі пра вясну, пра сяўбу. Гэта, па вымаўленні чуваць, данцы, дзе сяўба, можа, пачалося ўжо.

У дальнім куце нейкі інтэлігент даводзіў сялянам, што мірны дагавор — кабала, што кантрыбуцыя разорыць сялянства. Барадатыя дзядзькі, адзін абуты ў лапці, слухалі моўчкі, пачціва.

Багуновіч падумаў: агітуе, гад, супраць міру! Што рабіць у такім выпадку яму? А калі гэта і ёсць той контррэвалюцыянер, што пралез сюды, каб зрабіць правакацыю? Але ім было сказана: у палітычныя дыскусіі не ўступаць. Для яго армейская дысцыпліна — закон. Аднак не вытрымаў — узлавана спытаў у інтэлігента:

— А вы, пан, ваявалі?

Інтэлігент абурыўся.

— Я вам не пан! Я член ЦК левых эсэраў...

— Яно і відно,— ужо лагодна, без злосці, адзначыў Сяргей і засмяяўся. Следам за ім засмяяліся пачцівыя сяляне. Член ЦК кінуўся ўбок, застагнаўшы:

— Божа мой! Божа мой! Гэтыя людзі не разумеюць, на што ідуць.

Задаволены сабой і сялянамі, Багуновіч з удзячнасцю падумаў пра іншага эсэра — Назара Бульбу. Дзе ён? Ці прыжыўся ў партызан? Напэўна, прыжыўся, гэта яго стыхія. Сумленны народнік.

Зноў прайшоў па фае ў бок сцэны, дзе дзяжурылі двое чэкістаў, з якімі яго пазнаёмілі. І тут яго ўвагу прыцягнула група людзей. Іх было чацвёра, яны стаялі каля дзвярэй, што вялі на сцэну. Уласна кажучы, яго пільнасць узрушыў афіцэр у форме капітана французскай арміі. «А гэты як трапіў сюды?»

Ніхто не гаварыў, што на з'ездзе могуць быць чужаземцы. Побач з капітанам стаяў высокі чалавек у палінялым футры, таксама па выгляду і адзенні не рускі.

Спіной да Багуновіча стаяў невысокі каржакаваты чалавек у кепцы, у асеннім паліто з плюшавым каўнерыкам.

Багуновіч пачуў, як ён сказаў па-французску, грасіруючы больш, чым таго патрабавала мова:

— Не. Я не баюся. Я не скрываю: на партыйным з'ездзе была больш сур'ёзная апазіцыя, аднак дзве трэці дэлегатаў з'езда прагаласавалі за мір. Зараз я паднімуся на трыбуну — і мірны дагавор будзе ратыфікаваны. Можаце, панове, пісаць дэпешы панам Вільсану і Клемансо. Для іх гэта будзе горкая пілюля.

Чалавек у футры засмяяўся і нешта сказаў па-англійску, чалавек у паліто таксама адказаў яму па-англійску.

Багуновіч, пачуўшы такую размову, не мог не падысці бліжэй. Хто так упэўнена гаворыць?

У гэты міг чалавек у паліто ступіў убок, павярнуўся, і Багуновіч не адразу паверыў сваім вачам: Ленін! Няўжо Ленін? Ды ён жа! Ён! Усё такое ж, як на партрэтах... лоб, бародка... Ды і словы... Ніхто іншы так упэўнена сказаць не мог! Па-французску... Сяргей адчуў і шчасце, і разгубленасць. Адбылося тое, пра што ён марыў у бяссонную ноч: ён побач з Леніным! Ленін ходзіць так проста па фае? Размаўляе з нейкімі чужаземцамі? Што ж у такой сітуацыі рабіць яму? Трэба ж ахоўваць з'езд, Леніна. Як ахоўваць? Як мала ім далі інструкцый!