Выбрать главу

— І вопыт гісторыі гаворыць нам, што заўсёды, ва ўсіх рэвалюцыях,— на працягу такога перыяду, калі рэвалюцыя перажывала круты пералом і пераход ад хуткіх перамог да перыяду цяжкіх паражэнняў, надыходзіў перыяд псеўдарэвалюцыйнай фразы, якая заўсёды прыносіла найвялікшую шкоду развіццю рэвалюцыі.

Уласныя думкі і абавязак сачыць за залай заміналі Багуновічу слухаць з той увагай, з якой нельга не слухаць выступленне, што так ярка асвятляла ўсё, да чаго ён дабіраўся ў чорную ноч, у ранішніх прыцемках, а калі і ўдзень, то ў бездараж — як ішоў да Смаленска: па заснежаным полі, па лесе.

— Трэба ўмець зразумець, што, толькі прымаючы пад увагу змяненні суадносін класавых сувязей адной дзяржавы з другой, можна ўстанавіць заведама, што мы не можам прыняць бой зараз; мы павінны лічыцца з гэтым, сказаць сабе: якой бы ні была перадышка, якім бы ні быў нетрывалым, якім бы ні быў кароткім, цяжкім і зняважлівым мір, ён лепш, чым вайна, бо ён дае магчымасць уздыхнуць народным масам...

— Як гэта правільна! — вырвалася ў Багуновіча.

Садуль пераклаў яго выгук на французскую — для

Робінса. Той загадкава пасміхнуўся і спытаў:

— Вы бальшавік?

— Не, я беспартыйны.

— Многа ў рускай арміі такіх афіцэраў?

— Той арміі, якую вы маеце на ўвазе, ужо няма... Але я хачу быць афіцэрам новай арміі.

Садуль здзіўлена сказаў:

— О!

Але і яму, як і Багуновічу, не хацелася прапусціць нешта з ленінскага даклада.

Яны зноў услухаліся ў голас, што запаўняў вялікую залу,— у голас, нібыта знешне спакойны, але надзвычай багаты на адценні, на ўнутраны пафас і натуральны, не сыграны, драматызм.

— Так, наш народ павінен перанесці найвялікшы цяжар, які ён узваліў на сябе, але народ, які змог стварыць Савецкую ўладу, не можа загінуць.

І такая была сіла, такая ўпэўненасць у гэтым «не можа загінуць», што Багуновіч раптам адчуў зусім новы, не перажыты дагэтуль, гонар ад таго, што у яго ёсць права назваць сябе сынам гэтага народа,— такую радасць, ад якой адхлынула хваля яго смутку.

Ён быў цалкам у палоне слоў Чалавека, што стаяў на трыбуне. Ён удыхаў гэтыя словы, як лясное паветра. І думаў пра тое, што дарога ў Маскву прывяла яго да Леніна. Цяпер ён пойдзе толькі па гэтай дарозе. І гэта назаўсёды. На ўсё жыццё.