Выбрать главу

Дрэвы натужліва рыпелі і трашчалі пад напорам ветру. А ўвесь бор гудзеў, як мора пры шматбальным шторме, калі хвалі б'юць у бераг з разбуральнай сілай.

Але ўнізе пад соснамі было да ўтульнасці зацішна. Даўно наезджаная дарога толькі прыцярушана снегам, не тое што ў полі, дзе дарогу перамялі гурбы снегу і коні правальваліся па калені.

У лесе конь ішоў лёгка. Зрэдку весела фыркаў. Тут жа адзываўся ззаду конь веставога. Салдата, які суправаджаў бы, прымусіў узяць Пастушэнка, прымусіў з настойлівасцю камандзірскай і бацькоўскай. Увогуле старому было дзіўным нечаканае Багуновічава жаданне ў такую непагадзь наведаць свой трэці батальён і суседні полк. Пастушэнка не любіў камандзіра гэтага палка эсэра Бульбу-Любецкага.

Багуновіч пасаромеўся сказаць сапраўдную прычыну, чаму абавязкова трэба з'ездзіць да Бульбы. Здзівіў Пастушэнку і асабліва Сцяпанава запрашэннем прыйсці да яго, каб сустрэць Новы год.

Сцяпанаў усміхнуўся нават:

— Вы сур'ёзна?

— Няўжо я такі блазен, што магу жартаваць з такімі паважнымі людзьмі?

Прыцішыў лёгкі бег каня. Аслабіў ногі ў страмёнах, апусціўся ў сядле, як у крэсле, не па-кавалерыйску. Ведаў: салдат-казак з сотні, што прыдадзена была палку, ад якой цяпер засталося чалавек пяць, астатнія дэзерціравалі, ці, як называе Сцяпанаў, самадэмабілізаваліся, асудзіць такую яго «пяхотную пасадку». Але было не да афіцэрскага гонару.

Прыемна, як у калысцы, гойдацца на спіне скакуна, які хадзіў не як усе чатырохногія, а неяк адменна: спружыніста выкідваў уперад адразу дзве, правыя ці левыя, нагі.

Багуновіч слухаў скрып сядла, удыхаў пах конскага поту, хвоі, свайго кажушка і папахі (скінуў шынель і шапку, у якіх хадзіў да немцаў) і думаў... Думаў пра Міру, пра бацькоў, пра Новы год. Але любая думка не адыходзіла ў бяскрайнасць мінулага ці будучыні, не гублялася ў прасторы, яна кружыла, рабіла вялікі ці малы круг, не адрываючыся ад эпіцэнтра, А эпіцэнтрам такім былі цяжкія, як ядро зямлі, думкі пра мір.

Багуновіч толькі што наведаў трэці батальён, якім камандаваў яго былы ротны фельдфебель Берасцень, бальшавік са стажам — кіраўнік выступлення гомельскіх чыгуначнікаў у пятым годзе. Але пра гэта ён, Багуновіч, даведаўся толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі і быў трохі пакрыўджаны і расчараваны сваёй блізарукасцю, што больш як за год не здолеў разгледзець, хто яго памочнік: пад выглядам паваротлівага па гаспадарчай частцы і строгага з салдатамі фельдфебеля хаваўся вопытны канспіратар, прапагандыст. Цяпер Берасцень — лепшы камандзір батальёна, у яго найбольш людзей, і ён, не назаляючы начальству, нейкім чынам умее карміць іх.

Батальён яго займае пазіцыі паміж вёскамі Стары Бор і Кацічы, у голым полі. Там свету белага не было відаць. Снег сляпіў і коней, і іх з казаком. Але Багуновіч не паехаў у вёску ў штаб, а звярнуў па цаліку да пярэдняй лініі акопаў. Ехаў з халадком на душы: калі нашай аховы няма і акопы забіла снегам, ён, заблудзіўшыся, можа апынуцца ў немцаў. Другі за дзень візіт да ворага ў розным выглядзе можа дрэнна кончыцца; загоняць у лагер палонных, а то і зусім могуць судзіць, як шпіёна.

Не, вартавыя спынілі. У ротным бліндажы, дзе гарэла чыгунная печка, было нямала салдат. Людзі разумелі, што і ў дні перамір'я, і ў завіруху пазіцыі пакідаць нельга, не так, як гэта зрабілі раніцой у другім батальёне. Хутка з'явіўся і сам Берасцень. Адбылася размова. Першае пытанне салдат: ці будзе падпісаны мір? калі?

Багуновіч расказаў, як яны, колькі дзён назад, сустрэлі наркома замежных спраў Савецкай рэспублікі Троцкага, які з дэлегацыяй праехаў праз станцыю ў Брзст-Літоўск для вядзення мірных перагавораў.

— Нарком сказаў усім, хто быў на станцыі: мы прывязём вам, таварышы, мір.

Салдаты радасна загаманілі.

Цяпер, едучы па лесе, слухаючы гул сосен і скрып сядла, Багуновіч з нядобрым асадкам у душы думаў пра тое, што сказаў ён салдатам няпраўду: не гаварыў такіх слоў нарком. Гэта яму, камандзіру палка, хацелася, каб нарком сказаў ім. І салдатам, якія толькі што глядзелі на яго прагнымі вачамі, ловячы кожнае слова, хацелася пачуць такое. Таму ён мусіў сваё і іх жаданне ўлажыць у вусны наркома — для большага аўтарытэту.

А ўвогуле ад сустрэчы з Троцкім у яго засталося супярэчлівае пачуццё.

Тэлеграма, што дэлегацыя праедзе праз іх станцыю, узрушыла ўсіх, але асабліва хваляваліся два чалавекі — Міра і начальнік станцыі літовец Баранскас. Загадкава маўклівы стары чыгуначнік, які ўсё перажыў і, здавалася, да ўсяго прывык — да вайны, да афіцэрскіх пагроз расстраляць за затрымку эшалонаў, да рэвалюцый, да салдацкага пагрому пакгауза, раптам зрабіўся, што дзіця — гаваркі, мітуслівы, хадзіў па пятах за ім, Багуновічам, быццам хацеў, у выпадку чаго, схавацца за камандзірам палка. А Міра... Міру ажно ліхаманіла, калі яна пачынала гаварыць пра Троцкага. Знайшла газеты з яго прамовамі, артыкуламі, перачытвала іх з алоўкам, робячы выпіскі. Калі Багуновіч паспрабаваў пажартаваць на гэты конт, дзяўчына гатова была кінуцца на яго з кулакамі; ва ўсялякім разе, не пасаромелася кінуць жорсткія словы, абвінаваціўшы ў буржуазным нігілізме, эсэраўскім анархізме і ў іншых смяротных грахах. Дзякуй богу, што ў яго хапіла мудрасці прыняць усё гэта з гумарам. Але і гумар нельга было выдаваць пры такой Мірынай сур'ёзнасці.