Выбрать главу

Троцкі тлумачыў Міры ўжо сур'ёзна, мабыць зразумеўшы, што зрабіў не той жэст:

«Дзіця маё, у мяне нелады з горлам. А мне заўтра аднаму трэба перагаварыць ажно чатырох імперыялістычных шакалаў: Кюльмана, Чарніна, Папова і Талаатпашу. Гэтыя паны маюць вялікі вопыт дыпламатычнай дэмагогіі. Перагаворы будуць цяжкія. Вы павінны зразумець гэта... Нашай дэлегацыі...»

Тады гэтак жа нечакана, як Міра, пачаў гаварыць Пастушэнка. Сказаў, што армія, па сутнасці, развалілася і не здольная трымаць фронт, а тым больш спыніць нямецкае наступленне. Але стары таксама хваляваўся і сказаў у адным месцы не «таварыш нарком», а «гаспадзін нарком». Багуновіча гэтая памылка палкоўніка развесяліла. А Міра ажно перасмыкнулася. Зноў разгарэліся яе шчокі. Але ці толькі ад наркомаўскага паляпвання ці Пастушэнкавай памылкі? Багуновіч злавіў, як аглядае яна салон, як затрымала свой позірк на кубках, на вазе з пячэннем і цукеркамі, што стаяла на стале.

Пэўна, гэты яе позірк убачыў Троцкі і ў сувязі са скаргай Пастушэнкі на тое, што салдаты галадаюць, зразумеў па-свойму. Калі развіталіся, ён затрымаў Міру і даў ёй плітку шакаладу.

«Майму юнаму агітатару! Поспехаў вам «у распальванні пажару сусветнай рэвалюцыі»!»

Кроў ударыла Багуновіча ў галаву, зазвінела ў вушах. Калі дагэтуль ён на ўсё глядзеў з гумарам, у тым ліку і на Мірына хваляванне, то цяпер яго апанавала злосць на Троцкага. Як можна не разумець? Як далёка трэба адысці ад гэтай рамантычнай дзяўчыны, каб не бачыць яе высокага парыву і так унізіць дурацкім шакаладам? А яна сапраўды такі разгубілася: выйшла з вагона, трымаючы шакалад у руцэ. Прыйшлося шаптаць ёй: «Схавай у кішэню».

Міра непрыкметна знікла — пайшла на кватэру, не дачакаўшыся адыходу спецпоезда.

Панура маўчаў Сцяпанаў, калі яны ішлі са станцыі ў маёнтак, у штаб. Уздыхнуў цяжка. Багуновіч здагадваўся, пра што думае рабочы, былы катаржанін. Зразумеў, безумоўна, гэта і палкоўнік, бо раптам сказаў пераканана, горача:

«Усё правільна! Усё правільна, панове! — зноў забыўся стары.— Едзе дэлегацыя вялікай краіны. На ўзроўні міністра. Не карайце мяне, не мае значэння, як гэтая дзяржаўная пасада называецца цяпер. Едзе весці перагаворы аб міры. З міністрамі Чацвярнога саюза. Што ж вы хочаце? Каб яны ехалі ў цяплушцы? З салдацкімі сухарамі? Не трэба раняць гонар Расійскай дзяржавы! Мы вялікая дзяржава, таварышы! Вялікая Русь! Багацейшая краіна свету! Няхай разораная... Але для сваіх дыпламатаў мы не пашкадуем... Каб трымалі гонар! Гонар рускага народа!»

Сцяпанаў раптам засмяяўся:

«Дзіўны вы чалавек, Пятро Пятровіч».

Хораша кранулі тады Багуновіча і словы двараніна, і словы рабочага, і ён падумаў, што гэтыя ж Пастушэнкавы словы ён скажа Міры, калі вернецца на кватэру, бо яе думкі, напэўна, пайшлі ў тым жа кірунку, што і ў Сцяпанава.

Ды Міра ў той вечар была ласкавая, добрая, даравала яму ўсе «панскія конікі», многа гаварыла, але на такія тэмы, што Багуновіч зразумеў: не хочацца ёй, каб ён пачынаў размову аб сустрэчы з наркомам, баіцца яна такой размовы — самое сябе баіцца. І ён, хораша разумеючы яе, ні разу пасля не ўспомніў пры ёй Троцкага, хоць газеты былі запоўнены яго імем. Яму ж асабістая поза Троцкага — эпізод з ляпаннем па шчацэ і з шакаладам, што тады абурыла,— пасля ўяўлялася смешнай гульнёй у Напалеона. Бачыў ён такіх «напалеонаў» і дома, у Мінску (Курлова, напрыклад), і ў Маскоўскім універсітэце, і асабліва на фронце. Усе яны выглядалі смешнымі. Амаль цалкам была размыта яго вера ў аўтарытэты, палітычныя, ваенныя, нават літаратурныя (да вучэння Талстога таксама ставіўся скептычна), аднаго Чэхава прызнаваў, бо Антон Паўлавіч ні разу не стаў у позу прапаведніка, ні ў адным творы. Багуновічу хацелася быць такім, як Чэхаў: проста любіць людзей. Проста любіць...

Троцкі ўспомніўся не толькі таму, што салдаты настойліва пыталіся пра мір. Успомніўся з іншай прычыны. Ці разумее Міра яго сённяшнюю задуму? Ці не палічыць панскім выбрыкам? Але яму вельмі хацелася зрабіць ёй хоць маленькае свята — сустрэць Новы год з шампанскім, з падарункам.

Неяк у размове яна прызналася, што ніколі не каштавала шампанскага. Ён здзівіўся: скончыла гімназію і не пакаштавала шампанскага? Сямейны закон? Але ж здолела яна разарваць усе іншыя каноны. Расказвала з гонарам, што бацька яе і брат — перадавыя людзі, рабочыя-чыгуначнікі, брат — бальшавік. Выходзіць, што і бальшавікі пурытане? Яна, між іншым, праявіла амаль дзіцячую наіўнасць — спытала здзіўлена: