«А ты піў?»
Ён засмяяўся.
«Ты спытай: чаго я не піў? Ад лепшых заморскіх вінаў да найгоршай самагонкі, якая пахла дзёгцем. Нават англійскую вадкасць для радыятараў аўтамабіляў аднойчы выпілі. Тыдзень жываты балелі».
Міра глядзела на яго спалоханымі вачамі:
«Якія вы... паны!»
«Якія?»
«Брыдкія. Разбэшчаныя. Як я пакахала цябе такога?»
Яе спалох насмяшыў і пацешыў яго.
Шампанскае можна было б дастаць і ў мястэчку — у гадшіяроў-яўрэяў, там жа купіць і падарунак. Але гандляры не хочуць прызнаваць ніякіх папяровых грошай. Давай ім золата! А дзе ў яго золата? Адзін крыжык — падарунак маці, які ён усю вайну насіў на шыі. Міра яго высмеяла, прымусіла зняць, і ён пасля колькі дзён адчуваў сябе нядобра, не таму, што здрадзіў богу, у бога даўно не верыў; здавалася, што здрадзіў маці пад націскам іншаверкі-каханай: ад гэтага было нядобра. Не, крыжык і ў кішэні яму вельмі дарагі, і пазбавіцца яго ён не можа!
Вось чаму ён успомніў пра свайго суседа Бульбу-Любецкага. У гэтага эсэра заўсёды меліся самыя адменныя напіткі, закускі, адзенне, рэчы. Адкуль ён гэта браў — было загадкай для ўсіх армейскіх служб, як загадкай быў і сам Бульба, які доўга выдаваў сябе за нашчадка таго Бульбы, пра якога пісаў Гогаль; не толькі салдаты, але і некаторыя афіцэры верылі ў гэта. Тых, хто сумняваўся, Бульба тут жа выклікаў на дуэль. Яго баяліся. Чалавек гэты быў легендай усяго фронту.
У пятнаццатым годзе ў штаб другой арміі з'явіўся элегантны капітан с прызначэннем, падпісаным вялікім князем. З такімі паперамі яму далі б самую бяспечную пасаду, але ён сам папрасіў самую небяспечную — камандзіра разведкі дывізіі. Праўда, хто іншы і тут здолеў бы адседзецца за салдацкімі спінамі. Бульба быў не такі. Ён сам хадзіў у нямецкі тыл і амаль кожны раз з поспехам — прыводзіў «языкоў», прыносіў важныя дакументы. Тады яны і пазнаёміліся: прапаршчык Багуновіч разы два папрасіўся з легендарным Бульбай у разведку.
Пра бясстрашнага разведчыка даведаліся немцы і абвясцілі ўзнагароду таму са сваіх афіцэраў ці салдат, хто зловіць Бульбу.
А ў канцы шаснаццатага года грымнуў гром: ваенная жандармерыя раскапала, што Бульба ніякі не Бульба, ніколі ваеннай акадэміі не канчаў, сам прысвоіў сабе званне, што ён дзяржаўны злачынца, якога ахранка шукае дзесяць гадоў,— вядомы эсэр-тэрарыст — Назар Любецкі. За забойства чарнігаўскага паліцмайстра яго асудзілі на смерць, але па дарозе з суда ў турму ён здолеў, скаваны кандаламі, збіць з саней двух жандараў, фурмана, выскачыць на гэтых конях з цэнтральнай вуліцы ў завулкі і там бясследна знікнуць, адных коней знайшлі.
У арміі быў дзікі канфуз: прызначэнне сапраўды такі падпісаў Мікалай Мікалаевіч. У дадатак за свае подзвігі на фронце Бульба меў ужо два афіцэрскія Георгіі і Уладзіміра. Пра яго пісалі газеты. За яго заступіўся ўсерасійскі авантурыст Распуцін.
Улічыўшы даўнасць гісторыі з паліцмайстрам і франтавы гераізм, імператар злітаваўся: пазбавіў Любецкага ўзнагарод, сарваў афіцэрскія пагоны і адаслаў у штрафны батальён — у «батальён смяротнікаў», адкуль мала хто вяртаўся жывым. Наконт Любецкага былі дадзены камандзірам спецыяльныя ўказанні: хутчэй падставіць яго пад нямецкія кулі.
У першай жа штыкавой атацы Бульба знік, цела яго не знайшлі. Лічылі, што ён перайшоў да немцаў, так і ў афіцыйным рапарце мусілі паведаміць, за што камандзір роты быў пазбаўлены афіцэрскіх пагонаў.
Але пасля Лютаўскай рэвалюцыі Бульба-Любецкі (цяпер ужо і ў афіцыйных дакументах яго прозвішча пісалася гэтак — здвоєна) з'явіўся ў сваю дывізію ў тым жа званні капітана і з загадам Керанскага ў кішэні. Хадзілі чуткі, што па дарозе, недзе ў Віцебску, ён звёў рахункі з жандармскім палкоўнікам, які дакапаўся, хто ж такі Бульба. А былога камандзіра штрафнога батальёна ў прысутнасці афіцэраў адсцёбаў бізуном, растлумачыўшы — за што: той такім жа бізуном ударыў яго некалі.
«Я табе не быдла, сукін сын, царскі халуй. За адзін удар — налучай сем!»
Пасля яго баяліся нават генералы, асабліва калі пачулі, як ён з кабінета камандуючага арміяй гаварыў па тэлефоне з Керанскім і крычаў ваеннаму міністру: «Саша, храновіну гародзіш! Так камандуюць толькі дурні!»
У палітычным плане Бульба-Любецкі — абсалютны блытанік, у галаве яго пераблыталіся ўсе тэорыі — эсэраўскія, анархісцкія, бальшавіцкія. Ён лічыўся даручэнцам глаўкаверха, але згаджаўся з салдатамі-бальшавікамі, якія выкрывалі здрадніцкую сутнасць эсэра Керанскага, яго згодніцтва з кадэтамі, з буржуазіяй, злосна высмейваў Дырэкторыю.