Выбрать главу

«Рымскімі цэзарамі сябе ўяўляюць. Пігмеі. Крэціны. Большага балагана ва ўсёй гісторыі не было!»

Пасля Кастрычніка рэвалюцыйны камітэт арыштаваў большасць афіцэраў штаба арміі, а Бульбу-Любецкага рэкамендаваў камандзірам палка. Салдаты любілі яго за дэмакратычнасць і шалёную смеласць. За гэта ж, за смеласць — сам напрасіўся некалі з ім у разведку,— Бульба паважаў Багуновіча. І за адукаванасць. Любіў з ім паспрачацца. Прыязджаў у госці.

Міры ён не спадабаўся. Як ні хавала яна свае адносіны з Сяргеем, Бульба зразумеў іх адразу і даволі салёна жартаваў. Ды і пра палітыку разважаў так, што Міра сказала: «Анархіст».

Штаб Бульбы размяшчаўся ў лясніцтве. Ды было гэта не простае лясніцтва — паляўнічая сядзіба магната Хадкевіча, магчыма, кардон на мяжы з баронскімі ўладаннямі; кажуць, два ўладары, беларус і немец, з даўніх часоў вялі тайную вайну, хоць часам сустракаліся тут і разам палявалі то ў лесе аднаго, то ў лесе другога.

Акрамя будынкаў лясніцтва, тут стаяў драўляны двухпавярховы асабняк у швейцарскім стылі — для гаспадара і гасцей. Асабняк гэты яшчэ ўлетку, калі немцы пасля няўдалага рускага наступлення добра выраўнялі лінію фронту, занялі пад штаб палка.

Лясніцтва было на ўзлессі бору. Нешырокая града магутных сосен і алея ліп аддзялялі сядзібу ад ракі, што прыгожа вілася глыбока ўнізе, пад абрывам. За ракой рассцілаўся шырокі луг, а яшчэ далей — поле з раскіданымі хутарамі. Там, на стыку лугу і поля, праходзіла лінія акопаў. Бульба пахваляўся, што ніводзін палкавы штаб не размяшчаецца так блізка ад пярэдняга краю.

Даўно заняты вайскоўцамі, паляўнічы дом захаваў знешні бляск, магнацкае багацце. Сцены былі ўпрыгожаны рагамі аленяў і ласёў, на іх віселі даўнейшыя і сучасныя стрэльбы, на падлозе ў гасцінай ляжалі мядзведжыя шкуры, праўда, прыкметна папсаваныя салдацкімі ботамі.

Бульба, што хан, ляжаў на скураных падушках перад камінам, у якім горача палалі бярозавыя дровы, і чытаў тоўстую кніжку. Убачыў Багуновіча — радасна падхапіўся, але спытаў з трывогай:

— Што цябе занясло ў такую непагадзь?

— Правяраў трэці батальён. Адтуль — да цябе. У лесе зацішна.

— У цябе яшчэ ёсць батальёны? Шчасліўчык! У мяне ні храна не засталося, з усяго палка ці нашкраблі б роту-другую. Ну, дзякую, што заглянуў. Мне было сумна. Сёння мы з табой нарэжамся да зялёных чорцікаў. Распранайся.

Багуновіч скінуў кароткі кажух і, калі наблізіўся да каміна, тады па-сапраўднаму адчуў, як моцна азяб. Мабыць, ажно кроў застыла, бо, адагрэтая полымем каміна, яна запульсавала так, што закалола ў пальцы рук і ног, у грудзі, застукала ў скроні.

— Наразацца я не стану, але чарку-другую вып'ю. Адубеў. У полі — шалёны вецер.

Бульба пайшоў да буфета. Быў ён па-мужыцку дзябёлы, каранасты, касалапы, ва ўсёй яго паставе адчувалася вялікая дужасць, хоць са спіны, з-за нейкай ледзь улоўнай паставы, што выдавала перажытае, яму можна было даць больш за трыццаць шэсць гадоў, якія ён меў.

Багуновіч падумаў, што ў гэтай паставе ёсць нешта да трагічнасці слабое, хоць раней заўсёды захапляўся сілай Бульбы, фізічнай і духоўнай.

Вярнуўся Бульба з пачатай бутэлькай «Напалеона», з сярэбранымі чаркамі. Упаў на падушкі.

— Адагрэў задніцу? Сядай. Грэй душу.

— Слухай. Як палкавы камітэт церпіць такое тваё жыццё? Мяне напэўна расстралялі б, каб я пачаў так жыць... калі людзі галадаюць.

— Камітэтчыкаў я патроху спайваю. Лаюцца. Пагражаюць. Але п'юць, гады. Чалавек, Сярожа, слабы.

— Я гэтага не сказаў бы.

— Ты — ідэаліст. А большасць людзей — рэалісты. Знаеш, у чым мая сіла? Я — рэаліст. Можа, адзін з усёй эсэраўскай вярхушкі. Нават Ворка Савінкаў меншы рэаліст, чым я.

Багуновіч успомніў, як даводзіла Міра, што ўсе эсэры — авантурысты ў палітыцы, падумаў: «Сказаць бы гэта Назару!» — і засмяяўся.

— Але Савінкаў — свіння, з-за кар'еры ён зарэжа бацьку роднага. Я аднойчы даў яму па мордзе. Ты чаго смяешся? Не верыш, што я рэаліст? Правільна. Не вер. Я такі ж ідыёт, як і большасць людзей. Жраць хочаш? У буфеце хлеб і вяндліна. Вазьмі. Я забыўся... Раблюся алкаголікам: п'ю і не закусваю.

Па закусь Багуновіч не пайшоў. Забулькаў каньяк, і ён пачуў незвычайны водар, у якім, здавалася, таіліся ўсе спакусы свету, і, упаўшы на калені, як на малітве, працягнуў руку па чарку, зноў весела падумаўшы:

«Пабачыла б гэта Міра. Ох, як бы яна кляйміла нашы панскія вымудры».

Заціснуў чарку ў далонях і доўга ўдыхаў гаючы пах. Пасля кульнуў і праз хвіліну-другую пачуў, як каньяк разліўся па ўсіх жылах.