Але — о, парадокс! — з асалодай знікла весялосць, падумаў пра іншае: Міра мае рацыю, калі абвінавачвае, што ён прапітаны буржуазным духам, буржуазным бытам, забабонамі свету, які гніў і сваёй гніллю, сваімі мікробамі заражаў усё навакол. Узяў кнігу, якая апынулася каля яго ног. Што чытае Бульба-Любецкі? Гісторыю Французскай рэвалюцыі?
— Хачу прасачыць аналогіі. І зразумець: колькі часу пратрымаюцца бальшавікі?
— Калі яны заключаць мір і ажыццявяць Дэкрэт аб зямлі... дадуць зямлю і волю — такая ўлада будзе вечнай.
Бульба здзівіўся і спытаў, здавалася, з пагрозай:
— Ты што? Уступіў у іх партыю?
— Не. Пакуль што не ўступіў.
— Чорт з табой. Уступай. Дазваляю. У сваю партыю не буду агітаваць, пакуль не стану на чале яе. Дзярмовыя ў нас лідэры. Крэціну Сашку Керанскаму бальшавікі геніяльна саданулі салдацкім ботам у зад. Вылецеў, што корак. Так яму, ідыёту, і трэба. Я што яму казаў? Рабі мяне міністрам унутраных спраў — я табе навяду парадак. Дык ён нават палкоўніка пашкадаваў. А пасля хацеў, каб я падтрымаў яго. А во табе! — Бульба склаў кукіш.— Свістун! Інстытутка! Педэраст!
Багуновіч чуў раней пра яго размовы з былым прэм'ерам і не вельмі верыў у гэтыя байкі, пасміхаўся з іх. А тут паверыў. Калі ён і Керанскі сапраўды старыя знаёмыя, то Назар Любецкі, сын дыякана, бясстрашны тэрарыст партыі, які ўмеў забіць і ўцячы ад смяротнага прыгавору, дзесяць гадоў хавацца і з'явіцца самазванцам ка фронт, мог сказаць, мог патрабаваць сабе высокі пост у лідэра партыі.
— І як бы ты наводзіў яго, парадак? Вешаў бы?
Бульба адказаў з жартаўлівым дакорам:
— Свіння ты, Сяргей. П'еш мой каньяк і гэтак думаеш пра мяне. Ніяк бы я яго не наводзіў — і тады быў бы парадак. Парадак там, дзе яго ніхто не наводзіць.
— Значыцца, анархія — маці парадку?
— Не паўтарай чужыя словы. Анархістам мяне назвала гэтая твая мадонна ў шынялі. Лёгка аддалася?
Больш за ўсё Багуновіч не любіў пошласці ў мужчынскіх размовах пра жанчын, нават акопнае жыццё не сапсавала яго; пошласць у адносінах да Міры асабліва непрыемна ўразіла. Баючыся, каб Бульба не пачаў нагрувашчваць брыдкасці, далікатна папрасіў:
— Не трэба, Назар. Я кахаю гэтую жанчыну. Яна — мая жонка.
Бульба-Любецкі здзівіўся.
— Не, ты гэта сур'ёзна? Ажаніўся? У наш час! Ідыёт!
— Чым дрэнны наш час? Канчаем вайну. Пачынаем новае жыццё.
— Лёгка ты яе канчаеш. І што ты думаеш рабіць у гэтым новым жыцці?
— Паедзем куды-небудзь у наша беларускае сяло і будзем вучыць дзяцей. Сялянскіх дзяцей. Сеяць разумнае, вечнае, добрае.
Бульба пільна ўгледзеўся ў яго, недаверліва спытаў:
— Ты здзекуешся з мяне?
— Абсалютна сур'ёзна.
Гаспадар наліў каньяку і, не прапаноўваючы, за што выпіць, хвіліну маўчаў, углядаючыся ў камін, пасля падняўся, не спяшаючыся, кінуў у агонь адно, другое бярозавыя палены; адтуль, ад каміна, сказаў:
— Зайздрошчу я табе, Багуновіч. Цэльны ты чалавек. А я... я зламаны. Душэўна. Я некалі таксама кахаў. Яе закатавалі, сволачы. У турме. Памерла ад сухот. Не! — сказаў рашуча, упаўшы на турэцкі пуфік.— Я не гатовы вучыць дзяцей. Мне хочацца яшчэ пачысціць свет ад дзярма маўзерам і кулямётам. Не. Я не забойца! Я асенізатар. Вып'ем. За цябе. І за яе. Яна калючая, што ёрш, але... Урэшце, кожны абараняецца, як умее.
Выпілі.
Багуновіч спытаў:
— Назар, у цябе ёсць шампанскае?
— Табе захацелася шампанскага?
— Не.
— Чакай. Ты хочаш зрабіць вяселле?
— Не, сустрэць Новы год. Яна ніколі не піла шампанскага.
— Божа, якая святая чысціня і наіўнасць! Толькі ж гэта буржуазныя штучкі, Сяргей,— шампанскае. Праклятая буржуазія! Як яна нас разлажыла! Не прыжывёмся мы ў пралетарыяце. Выплюне ён нас.
— Не блазнуй. І памажы яшчэ ў адным: адзець яе цяплей. Цеплыня не пашкодзіць і пралетарыю.
— Што хочаш? Футра? Паліто?
— Не. Футра яна не надзене. Казацкі кажушок.
— Будзе табе кажушок. Хочаш, жаночую бялізну дам? Французскую. Крык моды трынаццатага года.
Крык перад патопам.
— Дзе ты гэта бярэш?
Бульба засмяяўся.
— Ты не чытаеш Маркса. Ёсць у яго разуменне: экспрапрыяцыя экспрапрыятараў. Толькі бальшавікі замахнуліся на сусветную экспрапрыяцыю. А я гэта раблю лакальна. І бяскроўны. Збіраю даніну з тутэйшых гандляроў. Пачысціў нямецкія склады,— Бульба рагатнуў, але тут жа пазмрачнеў.— А ўвогуле ўсё дзярмо, Сярожа. Я ніколі нічога не баяўся. А тут сяджу і са страхам думаю... Падпішуць мір. Разыдуцца апошнія салдаты. А я куды? Губернатараў і паліцмайстраў не стала. Каго страляць? Пайсці на службу да Машы Спірыдонавай? Можаш ты ўявіць мяне ад'ютантам Машы? Смех. Хоць гэта адзіная эсэрка, якую я паважаў. Некалі мы з ёй заключылі пары: хто больш адстраляе саноўнікаў. Дабрацца хіба да манархіста Каледзіна? Шлёпнуць яго? Ці з Савінкавым звесці старыя рахункі? Але... стаміўся я. Ці абуржуазіўся... ад такога жыцця. Можа ў гэтае... як яго бальшавікі назвалі? — чэка падацца? Кажуць, яны вылаўліваюць былых жандараў і міністраў, як бяздомных сабак. Але лавіць тыпаў, пазбаўленых улады... Бр-р. Не па мне такая работа. Мярцвячына. А я люблю жывое дзела. У мяне казацкая кроў. Мне вольным атаманам трэба быць. Толькі дзе разгуляцца?