Выбрать главу

Багуновіч паслухмяна падняўся, пакланіўся гаспадыні.

— Дзякую вам, пані Альжбета.

— Ах, што вы! Няма завошта. Я — маці, пане паручнік,— і, засаромленая і ўзрадаваная, пайшла з пакоя.

Міра папрасіла:

— Пацалуй мяне.

— Не, не, я халодны.

Ён спачатку прыпаў да гарачай грубкі, абняў яе, пагрэў рукі, грудзі, твар.

Міра сказала:

— Сярожа, як я баялася за цябе! Я ніколі не думала, што магу так... баяцца. Але я перажыла і шчасце. Ты знаеш, я многа гаварыла пра брацтва людзей, але, можа, толькі сёння па-сапраўднаму зразумела, што гэта такое, калі ўсе мы — браты і сёстры.

Пасля прыйшлі Пастушэнка і Сцяпанаў. Растлумачылі прычыну вячэрняй страляніны. Атрад Рудкоўскага злавіў кантрабандыстаў, што ішлі з нямецкага боку. Аднаго забілі, двух арыштавалі. Немцы не ўмяшаліся: бой быў на нашым баку, за добрую вярсту ад перадавой.

Сустракалі Новы год усе разам. Хоць Баранскасы па каталіцкім календары сустрэлі свой Новы год колькі дзён назад, усё роўна былі яны па-святочнаму ўзбуджаныя — і сам начальнік станцыі, і яго ганарлівая жонка, і Юстына. Накрылі стол у зале. Дадалі да пайкоў, што прынеслі вайскоўцы, прывёз Багуновіч, свае небагатыя прыпасы. Убралі елачку. Запалілі свечкі. Але падагрэтае — для Міры — шампанскае пілі каля яе ложка.

Яна сядзела, захутаная гаспадыніным пледам, абкладзеная падушкамі; Юстына прычасала яе, упляла ў падстрыжаныя чорныя косы белы бант; з бантам гэтым, расчырванелая, яна выглядала маленькай дзяўчынкай, вочы яе, што росныя слівы, дзівосна блішчалі.

Яны — чатыры мужчыны і дзве жанчыны — стаялі ў цесным пакойчыку і ўсе віншавалі яе, чамусьці адну яе. Міра дзякавала і казала:

— Вы добрыя. Вы такія добрыя. Я люблю Бас.

Шампанскае яна піла маленькімі глыткамі, па колькі кропель, як бы прыслухоўвалася да смаку. Заключыла:

— А гэта смачна.

Усе засмяяліся з яе слоў. Усім было весела і радасна.

А пасля з ёй засталася Юстына. А яны сядзелі ў зале за святочным сталом. Толькі Багуновіч і Альжбета, па чарзе, хадзілі наведаць хворую. Ды Міра тут жа адсылала яго назад.

— Мне так хораша. Мне так хораша з Юстынай. Ідзі да людзей.

Потым прыйшла ў залу Юстына, шэптам паведаміла:

— Заснула.

Мулсчыны на хвіліну змоўклі, пасля гаварылі напаўголаса; так гавораць далікатныя людзі, калі побач засынае дзіця.

Багуновічу было вельмі радасна ад гэтай чуласці, цеплыні людской, дабрыні. Успомніліся Мірыны словы пра брацтва. Ён адчуваў сябе ў першую ноч новага года зусім шчаслівым чалавекам. Ён верыў у шчасце.

Раздзел другі. ГЕНЕРАЛЬНЫ ШТАБ

1

Конь, весела фыркаючы, бег лёгкім трушком. Фурман падганяў каня гэтак жа весела, не рускім ноканнем, а свістам і своеасаблівым цмоканнем. Падковы выбівалі ўкатаны снег, на фурмана і пасажыраў ляцелі дробныя льдзінкі.

На елках, што абступалі дарогу, ляжалі тоўстыя шапкі снегу, прыгнуўшы ніжнія галіны да самай зямлі, утапіўшы іх у снезе.

Дзень быў хмурны, але на дзіва ціхі, які бывае толькі тут, на Карэльскім перашыйку.

Уладзімір Ільіч з дзіцячай прагнай цікавасцю любаваўся зімовай прыродай. Ён адчуваў хараство зімы не розумам — сэрцам, усёй істотай. Недалёка адгэтуль, у Разліве, ён пражыў мінулае лета і палюбіў карэльскія краявіды, зрадніўся з імі гэтак жа, як некалі ў юнацтве з волжскімі. З верасня не ўдавалася вырвацца за горад. Тры месяцы самай напружанай працы, калі трэба было займацца адначасова і тэорыяй, і практыкай рэвалюцыі і рабіць усё гета з выключнай энергіяй, з нечалавечай нястомнасцю. Пачала балець галава. Уладзімір Ільіч меў неасцярожнасць сказаць пра болі сястры. Маняша тут жа, безумоўна, выдала яго Надзеждзе Канстанцінаўне. А потым нехта з іх сказаў Аляксандры Міхайлаўне Калантай, і ўсе тры жанчыны вымусілі яго прасіць у Саўнаркома кароткі адпачынак і паехаць у санаторый «Халіла». Вырвацца было нялёгка. У гісторыі чалавецтва не было яшчэ вопыту будаўніцтва сацыялізму, пісаліся толькі праекты, да Маркса ўсе ўтапічныя. Практыка падкідвае такія праблемы, якія ніхто з тэарэтыкаў не мог прадугледзець. Трэба думаць. Трэба рашаць. А людзей мала. Не, людзей нямала. Рэвалюцыянераў — рабочых, салдат. Мала адукаваных бальшавікоў. Многія з тых, хто абвясціў сябе сацыялістамі, запляміліся згодніцтвам з буржуазіяй і працягваюць выступаць супраць рэзалюцыі, супраць дыктатуры пралетарыяту. А некаторыя з бальшавікоў бязбожна блытаюць і ў тэорыі, і ў практычнай рабоце. Неадкладнейшае пытанне сацыялістычнага будаўніцтва, умацавання Савецкай рэспублікі — падпісанне мірнага дагавора з Германіяй.