Хвілінку памаўчалі. Так было заўсёды, калі ўспаміналі Аляксандра ці маці.
Потым Надзежда Канстанцінаўна спытала:
— Табе не холадна, Валодзя?
Ленін пасміхнуўся, адказаў жартаўліва:
— Не, вы мяне прымусіце перасесці ў сані да таварыша Рах'я. Вы знаеце, як Рах'я ахоўваў нас у Разліве? О, гэта вялікі канспіратар! І здзіўляючая далікатнасць. Фінская. Ён не задаў ніводнага пытання не па сутнасці, хоць не скажаш, што яму характэрна фінская маўклівасць, пра якую расказваюць анекдоты, Не, ён вясёлы чалавек,— на момант задумаўся і зноў пра тое, што раптам занепакоіла:— Ці былі ў Шушанскім снегіры, Надзя?
— Здаецца, былі,
— Здаецца? Ці ты ўпэўнена?
— Далібог, не помню, Валодзя.
— Ах, якая ў нас памяць стала! Думаю, яны там летуюць. А ўлетку, калі столькі птаства і снягір мяняе афарбоўку, на яго не звяртаеш увагі. Для гэтага трэба быць арнітолагам. Спытаю ў Сталіна ці ў Свярдлова: бачылі яны ў Сібіры снегіроў? — і засмяяўся ад нейкай сваёй думкі: — Сталін мог не бачыць. Але Якаў Міхайлавіч павінен быў убачыць. У яго вострае вока.
— Я спытаю ў Альмінскага,— сказала Марыя Ільінічна.— Міхаіл Сцяпанавіч усё знае.
Ленін пацёр рукі, знаёмы жэст: так ён робіць, калі ўспамінаюць пры ім таварышаў, якіх ён любіць.
— Альмінскі гісторык, эканаміст, фінансіст. Але не натураліст. Не, не натураліст.
— Ён эрудыт. Праўда, часам сумняваецца. Нядаў на я дала яму артыкул «Сацыяльная рэвалюцыя і Максім Горкі». Ён параіў паказаць табе.
— «Сацыяльная рэвалюцыя і Горкі»? Чартоўскі цікава! Гэта тое, што трэба для будаўніцтва новай культуры. Спадзяюся, ты захапіла артыкул з сабой?
Марыя Ільінічна сумелася — сказаць, што артыкул у яе, значыцца, парушыць іх з Надзяй змову: Надзежда Канстанцінаўна нахілілася і выразна паглядзела на залоўку, напамінаючы пра іх дагавор.
— Не, не ўзяла.
Уладзімір Ільіч зажмурыўся, як бы стрымліваючы смех.
— А чаго вы маргаеце адна адной? Не, вы кепскія канспіратары. Вось што я мушу вам сказаць. Артыкул ты мне пакажаш. «Правда» павінна даць такі матэрыял.
Жанчынам было весела. Ім было радасна ад таго, што вельмі дарагі чалавек такі бадзёры, радасна ўзбуджаны. Значыцца, марознае паветра зняло боль. А гэта галоўнае. Самае галоўнае.
Весела фыркаў конь. Дробныя льдзінкі ляцелі з-пад капытоў у твар, але гэта таксама было прыемна.
Ціхенька пасвістваў фурман, каб не перашкаджаць размове пасажыраў.
З дарогі напіліся смачнага чаю (такога ў Смольным не было) з яшчэ больш смачнымі булачкамі санаторнай выпечкі (такіх ва ўсім Петраградзе не было). Стомленым работнікам арганізоўвалі паездку ў «Халілу» на кароткі час, на тыдзень, не больш, і прасілі фінскіх таварышаў у першую чаргу падкарміць іх: у Фінляндыі не было так голадна, як у Петраградзе.
У цёплай сталоўцы за гарачым чаем добра адагрэліся. Там жа паспрачаліся з за пакояў — дзе каму жыць. Па просьбе Калантай дырэктар санаторыя выдзеліў Леніну асобны домік, на два пакоі: адзін вялікі, светлы, з вокнамі на бярозавы гай, другі маленькі, тыповая фінская спаленька. Ленін паглядзеў пакоі, пахмыкаў і катэгарычна выказаўся, што ў вялікім пакоі будуць жыць яны, жанчыны, бо яму пакой гэты не падабаецца і вельмі даспадобы той, маленькі.
Сястра і жонка добра ведалі гэтую яго хітрасць — застацца аднаму, каб працаваць. Таму яны запярэчылі, не менш рашуча. Надзежда Канстанцінаўна, жанчына з тонкім пачуццём гумару, жартаўліва паскардзілася:
— Падумай, Маша, як можна жыць з такім упартым чалавекам.
Дасціпны гумарыст, Уладзімір Ільіч адказаў:
— Савецкі дэкрэт аб шлюбе і сям'і дазваляе развод. Не трэба прасіць свяцейшы сінод. А сінод, Надзюша, напэўна, адмовіў бы такім бязбожнікам, як мы.
Пасмяяліся з яго жарту. Але што датычыць пакояў, то довады Ілыча не памаглі, жанчыны стаялі цвёрда і на кампраміс не ішлі. Прыйшлося яму скарыцца, па-свойму выказаўшы незадаволенасць:
— Для карысці справы я ўмеў дамовіцца з самымі зацятымі апартуністамі. А вось з вамі, выходзіць, дамовіцца немагчыма.
— Лічы, што мы дамовіліся. Для карысці справы,— з гумарам заспакоіла яго сястра.
Пайшлі гуляць.
У санаторыі адпачывала чалавек пяць бальшавікоў з Петраграда. Яны адразу абкружылі Леніна. Сярод іх быў Муранаў, член рэдкалегіі «Правды». Марыя Ільінічна папрасіла яго:
— Мацвей Канстанцінавіч, не займайце Ільіча справамі. Яму вельмі трэба адпачыць.
Яны, жанчыны, пайшлі ўперад, мужчыны засталіся ззаду.