Чулі, як голасна смяяўся Уладзімір Ільіч з нейкага вясёлага расказу; весяліў, відаць, Лашэвіч, які ўмеў пасмяшыць гісторыяй пра сваіх землякоў — адэсітаў. Хораша, што субяседнікі не ўцягваюць Ілыча ў сур'ёзныя палітычныя размовы, на якія ён траціць столькі энергіі, а заражаюць весялосцю; весялосць — найлепшыя лекі.
Але хутка смех сціхнуў.
Калі Надзежда Канстанцінаўна і Марыя Ільінічна, зрабіўшы круг па расчышчанай дарожцы, выйшлі з бакавой алеі, то ўбачылі, што мужчынская група парадзела і Леніна ў ёй не было.
Яны паглядзелі адна на адну, нявесела ўсміхнуліся, зразумеўшы: іх упэўненасць, што яны прымусяць Уладзіміра Ільіча толькі адпачываць, марная.
Марыя Ільінічна яшчэ паспрабавала як бы суцешыць сябе і братавую:
— Гуляе адзін?
— Не, Маша. Працуе. У яго нэсэсэры няскончаныя артыкулы, якія я не пасмела вылажыць.
Ленін сядзеў за сталом і пісаў з той хуткасцю, якая здзіўляла ўсіх, хто ўпершыню бачыў, як ён піша.
Надзежда Канстанцінаўна спынілася каля дзвярэй, маўкліва выказваючы дакор,
Уладзімір Ільіч глянуў на яе і весела сказаў:
— Ты знаеш, Муранаў кажа: снегіроў у Сібіры цэлыя чароды. Поўна снегіроў!
«Можна падумаць, што ён запісвае пра снегіроў»,— падумала Надзежда Канстанцінаўна, добра ведаючы гэтую даўнюю хітрасць Ілыча: размовай пра старонняе, бытавое адцягнуць увагу ад сваёй працы. Лепш яму ў такі момант не замінаць, бо думкі яго імкліва наплываюць адна на адну. Вунь як ён спяшаецца запісаць іх! А сам гаворыць:
— Есць снегіры! Дзіўна, чаму я не помню...
У момант, калі ён нізка схіліўся над паперай, Надзежда Канстанцінаўна, нічога не сказаўшы, ціхенька выйшла з пакоя.
Уладзімір Ільіч убачыў, што яе няма, дакараў сябе: «Ай-ай. Як нядобра»,— і яшчэ ніжэй схіліўся над сталом.
Ленін пісаў:
«Сацыялізм не толькі не аслабляе спаборніцтва, а наадварот, упершыню стварае магчымасць прымяніць яго сапраўды шырока, сапраўды ў масавым размеры, уцягнуць сапраўды большасць працоўных на арэну такой работы, дзе яны могуць праявіць сябе, разгарнуць свае здольнасці, выявіць таленты, якіх у народзе — непачатая крыніца і якія капіталізм мяў, давіў, душыў тысячамі і ідільёнамі,
Наша задача цяпер, калі сацыялістычны ўрад ва ўладзе,— арганізаваць спаборніцтва».
У працы «Як арганізаваць спаборніцтва?» Ленін аналізаваў становішча праз два месяцы пасля перамогі рэвалюцыі. Ленін заклікаў да спаборніцтва па выяўленні арганізацыйных талентаў рабочых і сялян, да спаборніцтва эканамічнай ініцыятывы працоўных. «Улік і кантроль — вось галоўная эканамічная задача кожнага Савета...» Ва ўліку і кантролі, паўсюдным, усеагульным, універсальным, за колькасцю працы і за размеркаваннем прадуктаў — у гэтым сутнасць сацыялістычных пераўтварэнняў. Ленін даводзіў, што трэба час, каб зламаць супраціўленне буржуазіі, і скіроўваў гнеўны саркастычны агонь крытыкі супраць інтэлігентаў, якія спалохаліся рэвалюцыі, якім хочацца застацца арганізатарамі і начальнікамі, хочацца па-ранейшаму камандаваць. Трэба зламаць іх супраціўленне!
Інтэлігенты даюць выдатныя парады і кіруючыя ўказанні, але аказваюцца да смешнага, да недарэчнага, да ганебнага «бязрукімі», няздольнымі правесці ў жыццё гэтыя парады і ўказанні, правесці практычны кантроль за тым, каб слова ператварылася ў справу. Во дзе без дапамогі, без кіруючай ролі практыкаў — арганізатараў з народа — не абысціся.
Ленін выказвае надзвычайную веру ў арганізатарскія таленты рабочых і сялян. І тут жа папярэджвае, што трэба змагацца супраць усялякага шабланізавання і спроб устанаўлення аднастайнасці зверху, да чаго так схільны інтэлігенты. Поўны прастор ініцыятыве мас, спаборніцтву мас!
«Бальшавікі толькі два месяцы ва ўладзе... а крок уперад да сацыялізму зроблен ужо велізарны»,— робіць вывад Уладзімір Ільіч у другім, там жа ў «Халіле» напісаным, артыкуле — «Запалоханыя крахам старога і змагары за новае». Але тут жа папярэджвае супраць сентыментальнага, недарэчнага, інтэлігенцкі-пошлага ўяўлення аб «увядзенні сацыялізму»: «Мы заўсёды ведалі, гаварылі, паўтаралі, што сацыялізму нельга «ўвесці», што ён вырастае ў ходзе самай напружанай, самай вострай, да шаленства, да роспачы вострай класавай барацьбы і грамадзянскай вайны...»
Не, Уладзімір Ільіч не пісаў у «Халіле» ўвесь час. Ён умеў і адпачываць. У першы ж дзень адвячоркам пайшоў па лесе на лыжах і не вяртаўся да змяркання. Устрывожаныя Рах'я і Муранаў мусілі ісці па следзе шукаць яго. Пасля вячэры гуляў з Лашэвічам у шахматы, выйграў тры партыі і весела смяяўся, калі партнёр выказваў свае перажыванні на адэскім жаргоне. Але і ў часе адпачынку, нават на кароткі час, ён не мог адысці ад думак пра рэвалюцыю і мір, пра арганізацыю ўлады ў цэнтры і на месцы. Нарадзілася новая дзяржава — сацыялістычная, якая не мела ўзораў, хіба што Парыжская камуна, але нельга, каб дзе-небудзь у велізарнай былой Расійскай імперыі паўтарылі яе памылку,— і Ленін узяў па сябе непамерны цяжар філосафа-марксіста, якому трэба растлумачыць усе сацыяльныя з'явы, унутраныя, расійскія, і міжнародныя, і адначасова — арганізатара-практыка, які павінен падказаць, як руйнаваць старыя буржуазныя інстытуты і стварыць новыя, савецкія. І ўсё гэта трэба рабіць адразу, размежаваць нельга. Рэвалюцыя не можа чакаць.