Выбрать главу

Пакуль іншыя таварышы гулялі ў шахматы, Уладзімір Ільіч пастаяў каля іх, пахныкаў на няправільныя хады, але нікому ходу не падказаў: нельга парушаць правілы гульні! Ведаў: толькі дрэнныя шахматысты лічаць, што яны збоку ўсё бачаць, і няпрошана лезуць з павучаннямі. Як Бухарын у палітыцы.

Пасля Ільіч адышоў у другі канец пакоя для адпачынку, дзе гарэла большая, чым у іншых месцах, лямпа (фіны таксама эканомілі керасін), сеў у крэсла і адразу выцягнуў з кішэні блакнот. І радок першы быў:

«Цяпер не трэба баяцца чалавека з ружжом». Так пачыналіся тэзісы «З дзённіка публіцыста (тэмы для распрацоўкі)».

Сорак чатыры тэмы, кожная з якіх, па сучасным разуменні, магла б стаць асновай дысертацыі. І ўсе гэтыя тэмы неўзабаве былі распрацаваны.

Нішто не заставалася па-за ўвагай Ілыча.

«1 bis: Кватэры беднаты і яе харчаванне». А побач — «1 тер. Слабыя бакі неразгарнуўшайся Савецкай улады».

«11. Як «заваёўваць» на бок Расійскай сацыялістычнай рэспублікі Саветаў другія нацыі ўвогуле і нацыі, якія прыгняталіся дагэтуль велікаросамі, у асаблівасці? »

А крыху ніжэй:

«17. У чым сваяцтва паміж басякамі і інтэлігентамі? »

А пасля ажно дзесяць пунктаў аб вайне і міры.

«22. Правакацыя імперыялістаў: дай нам зручны повад хутчэй задушыць цябе, рэспубліка Саветаў!»

«25. Рэвалюцыйная фраза і рэвалюцыйны абавязак у пытанні аб рэвалюцыйнай вайне».

«28. Як трэба «падрыхтаваць» рэвалюцыйную вайну?»

«28. Спачатку перамагчы буржуазію ў Расіі, а потым ваяваць з буржуазіяй знешняй, замежнай, чужаземнай».

«29. Цяжкасці рэвалюцыі ў заходнееўрапейскіх «паразітычных » краінах ».

«31. Рэвалюцыі — лакаматывы гісторыі.

Разагнаць лакаматыў і ўтрымаць яго на рэйках».

У адным Ільіч падпарадкаваўся Надзеждзе Канстанцінаўне і Марыі Ільінічне: клаўся спаць не як у Смольным — часам у чатыры і пяць гадзін раніцы, а па-санаторнаму рана. Аднак і прачынаўся рана. У адну з раніц Надзежда Канстанцінаўна, прыкінуўшыся, што спіць, з іранічным замілаваннем сачыла, як Ільіч, цішком адзеўшыся, запаліў не лямпу, а свечку, якія меліся на ўсякі выпадак, паставіў яе на падлогу за сваім ложкам, а пасля, ходзячы на пальчыках, гарадзіў з крэслаў і сваёй коўдры заслону, каб адгарадзіць яе ложак ад стала, на які трэба паставіць свечку.

А пасля натхнёна пісаў.

Не выдаючы сябе ніводным рухам, яна ляжала і думала: ці ўсе паэты пішуць вершы з такім натхненнем, як Ільіч артыкулы па тэорыі і практыцы рэвалюцыі? Ленін ствараў «Праект дэкрэта аб спажывецкіх камунах». У гэтай прозе была паэзія рэвалюцыі.

Не мог Старшыня Саўнаркома нават на такі кароткі час — некалькі дзён — адарвацца ад практычнай работы Савецкага ўрада. Санаторый не меў тэлефоннай сувязі з Петраградам, і Ленін патрабаваў, каб таварышы з Саўнаркома прыязджалі штодня і дакладвалі аб становішчы ў краіне і асабліва аб пачатку мірных перагавораў у Брэсце.

Перагаворы трывожылі больш, чым што. Якія б праблемы Ленін ні вырашаў, пра што ні пісаў бы, у падтэксце ўсяго напісанага і ў думках — у час працы і адпачынку — было адно: мір, перадышка.

Уладзімір Ільіч папрасіў, каб да яго прыехалі дэпутаты Устаноўчага сходу, бальшавікі. Таварышы з радасцю, безумоўна, паехалі да Леніна. Ён гутарыў з дэлегацыяй і з кожным таварышам. Акрамя таго, што неабходна выпрацаваць тактыку бальшавіцкай фракцыі ва Устаноўчым сходзе, які трэба неўзабаве адкрыць і ў якім, па апошніх падліках, партыя не будзе мець большасці месц, Леніну вельмі важна было даведацца, як на месцы, у партыйных арганізацыях, на заводах, у палках, адносяцца да той дыскусіі, якая мімаволі пачалася ў сувязі з перагаворамі аб міры.

Леніна трывожыла ўзнікненне апазіцыі. Нельга ў такі час, праз два месяцы пасля перамогі рэвалюцыі, дапусціць раскол у кіраўніцтве партыі, якая ўзяла ўладу, па самым галоўным пытанні стратэгіі рэвалюцыі — вайны і міру.

«Рэвалюцыйная вайна!» Ленін разумеў, што такі «яркі» лозунг можа захапіць, узняць многіх сумленных, работнікаў. Не ўсім была відаць надзвычай напружаная работа партыі, каб у жніўні — верасні заваяваць Саветы, зрабіць іх бальшавіцкімі. Але ўсе бачылі, ведаюць, як лёгка і бяскроўна была ўзята ўлада ў кастрычніку. І ўсіх радуе і захапляе пераможнае шэсце рэвалюцыі па вялікай краіне. Рабочыя, сяляне самых далёкіх ускраін пайшлі за бальшавікамі. Усюды ўлада пераходзіць да Саветаў, а таму таварышам здаецца: даволі пачаць «рэвалюцыйную вайну» супраць нямецкага імперыялізму, як там, на Захадзе, адразу ж пачнецца рэвалюцыя, нямецкія і аўстрыйскія салдаты павернуць штыкі ў другі бок, супраць кайзера, генералаў, буржуазіі, а потым рэвалюцыйны пажар перакінецца ў Францыю, Англію, зашугае па ўсёй Еўропе.