Выбрать главу

Наіўна. Ах, як наіўна!

Лідэр «левых» Бухарын — чалавек эмоцый. Ён нядрэнны літаратар, але слабы тэарэтык, блытанік. Яму варта было б пісаць раманы, а не займацца сур'ёзнай палітыкай. Рэвалюцыйную вайну прыйдзецца весці супраць унутранай контррэвалюцыі, супраць сусветнага імперыялізму, калі ён паспрабуе задушыць маладую Рэспубліку Саветаў. А, напэўна, паспрабуе. Але для такой вайны трэба мець адменна новую — рэвалюцыйную армію. А каб стварыць яе — трэба перадышка. Хаця б некалькі месяцаў! «Левыя» кідаюць рэвалюцыйныя фразы, не вельмі ўнікаючы ў факты, не аналізуючы абстаноўку, не ўлічваючы настрой мас, салдацкіх, сялянскіх.

Ленін глыбока вывучаў такі настрой. Выступіць на з'ездзе на дэмабілізацыі арміі ён не здолеў. Але тыдзень назад у Наркамаце па ваенных справах склі калі нараду дэлегатаў з'езда — бальшавікоў. Ленін паехаў на гэтую нараду, выступіў там і там жа напісаў анкету з дзесяці пытанняў, на якія папрасіў дэлегатаў адказаць пісьмова. Вельмі важна было мець пісьмовыя адказы франтавікоў на такія, напрыклад, пытанні: Ці магчыма нямецкае наступленне зімой? Ці можа настрой нямецкіх салдат перашкодзіць наступленню або хаця б затрымаць яго? Ці здолеюць немцы ўзяць Петраград? Ці можа руская армія супрацьстаяць нямецкаму наступленню, утрымаць фронт? Ці можа яна адступаць у парадку, захоўваючы артылерыю? Каб армія магла галасаваць, за што яна выказалася б: за мір на анексіянісцкіх цяжкіх умовах ці за рэвалюцыйную вайну з крайнім напружаннем сіл?

Ваенныя амаль аднадушна пацвердзілі, што ваяваць нельга.

Па другі дзень Ленін дапаўняе парадак дня пасяджэння Саўнаркома пунктам: «Апытанне арміі ў сувязі з пытаннем аб рэвалюцыйнай вайне». Прымаецца пастанова: «Вынікі анкеты прызнаць вычэрпваючымі пытанне аб стане арміі і прыняць рэзалюцыю, прапанаваную У. Ільічом Леніным». А рэзалюцыя пацвярджала: ваяваць нельга!

Разам з тым Ленін не адмяняе і не здымае пастановы Саўнаркома, якая была прынята напярэдадні па дакладу аб ходзе мірных перагавораў; пастанова гэтая па прапанове Уладзіміра Ілыча тады не была апублікавана, каб не нашкодзіць перагаворам. У пастанове ўказвалася на неабходнасць весці прапаганду рэвалюцыйнай вайны і адначасова зацягваць перагаворы — каб выйграць час: у тыя дні ў Германіі нарасталі рэвалюцыйныя падзеі. Троцкі пасля ў гэтым і некаторых іншых тактычных хадах хацеў убачыць непаслядоўнасць і супярэчлівасць агульнай ленінскай стратэгіі.

Не, Ленін проста ўсё прадбачыў і ўсё ўзважваў на дакладных вагах тэарэтычнай мудрасці і рэвалюцыйнай інтуіцыі.

Анкета абяззбройвала прыхільнікаў «рэвалюцыйнай вайны», тыцкала іх у суровыя факты, хоць большасць гэтых людзей не лічыліся ні з якімі фактамі і, як цецерукі, таўклі сваё.

Прапаганда рэвалюцыйнай вайны зусім не азначала вядзенне яе. Прапаганда давала магчымасць маральна і фізічна рыхтавацца да такой вайны. Яна ўзнімала рабочых, сялян на абарону сацыялістычнай айчыны. Яна яўна падказвала бальшавікам на месцах на неабходнасць стварэння чырвонагвардзейскіх атрадаў — асновы новай арміі, паколькі, каб не дражніць немцаў у часе перагавораў аб міры, нельга друкаваць дэкрэты аб стварэнні Чырвонай Арміі.

Бухарын, Ломаў, Урыцкі гаварылі гучныя фразы аб рэвалюцыйнай вайне. Ленін працаваў. Ленін рыхтаваў краіну, армію да такой вайны на выпадак, калі імперыялісты вымусяць Савецкую рэспубліку весці яе.

Уладзімір Ільіч разумеў логіку «левых». Сапраўды, трыумфальнае шэсце рэвалюцыі ўскружыла маладым галовы. Яны ніяк не хацелі зразумець, што засталіся гіганцкай цяжкасці задачы, вырашэнне якіх не можа быць трыумфальным шэсцем з разгорнутымі сцягамі. Першая з гэтых задач — арганізацыя ўлады, вытворчасці. Толькі надзвычай цяжкай, напружанай доўгай працай, высокай самадысцыплінай можна перамагчы той развал эканомікі, грамадства, які зрабіла вайна. Для гэтага трэба працаваць і працаваць.