Выбрать главу

Другая задача — міжнародная. Сапраўды наіўна думаць, што мы адолеем міжнародны імперыялізм гэтак жа лёгка, як Керанскага. Два драпежнікі счапіліся паміж сабой, і гэтая акалічнасць дала нам магчымасць лёгка перамагчы; умовы, якія вельмі шчасліва склаліся, прыкрылі Савецкую рэспубліку ад міжнароднага імперыялізму. Але трэба помніць, што гэта ненадоўга, і выкарыстаць любую перадышку, каб арганізавацца, узброіцца.

Але, палітычныя і сацыяльныя карані фразы аб рэвалюцыйнай вайне не цяжка вытлумачыць. Аднак Уладзімір Ільіч перажываў з'яўленне апазіцыі ў партыі. Недарэчна гэта ў такі час. Не туды скіравана энергія людзей. Кожны з «левых» вядзе немалую арганізацыйную работу. Гэта пакуль што стрымлівала Леніна ўдарыць па апазіцыі з той жа сілай, з якой ён біў па любой апазіцыі да рэвалюцыі, у эміграцыі,— па Мартаву, Пляханаву, Троцкаму...

Троцкі... З Троцкім цяжэй. Нарком па замежных справах да паездкі ў Брэст выказаў на адным пасяджэнні свой лозунг: «Ні міру, ні вайны».

Любы адсталы салдат, селянін скажа, што гэта абсурд — ні міру, ні вайны, што такога становішча не можа быць. Але Леніна кароткі лозунг Троцкага ўстрывожыў больш, чым разважанні ўсіх прыхільнікаў рэвалюцыйнай вайны. Вонкава простая, формула гэтая ў сапраўднасці цёмная, злавесная, фарысейская, дваістая — і нашым, і вашым, яна здольная збіць з панталыку не толькі непісьменных салдат, сялян, але, магчыма, і некаторых пралетарыяў, а ў галовах інтэлігентаў напэўна зробіць кашу. Проста і д'ябальскі хітра. Як заўсёды ўмеў Троцкі — простыя ісціны заблытаць настолькі, што нават светлыя галовы не маглі дайсці, дзе пачатак, дзе канец.

Троцкі пакуль што не выказаўся да канца. Што ён мас па ўвазе? Дэмабілізаваць старую армію? Раззброіцца перад немцамі? Пакажам свету: вось як мы ажыццяўляем дэкрэт рэвалюцыі аб міры! І... адкрыем немцам фронт? Бярыце Петраград, Маскву, Украіну... Бярыце нас голымі рукамі.

Не, Леў Давыдавіч, так раззбройвацца, так дэмабілізоўваць армію мы не будзем!

Колькі дзён назад Глаўкаверх Мікалай Васільевіч Крыленка, адзін з тых бальшавікоў, якія найбліжэй да арміі і найлепш ведаюць, наколькі гэта хворы арганізм, прапанаваў адвесці часці з Румынскага фронту. Ленін тут жа склікаў у Наркамваене нараду з прадстаўнікамі Генштаба і катэгарычна выказаўся супраць адводу войск Румынскага фронту. Больш таго, Уладзімір Ільіч прапанаваў тэрмінова паслаць на фронт чырвонагвардзейскія атрады Петраградскай і Маскоўскай ваенных акруг — пралетарскую гвардыю і неадкладна прыступіць да фарміравання дзесяці карпусоў новай, сацыялістычнай арміі. Там жа гаварыў ён аб неабходнасці наладзіць работу чыгунак, асабліва тых, што ідуць да фронту, і паслаць франтавым часцям хлеб і коней. Ленін ведаў, што спыніць нямецкае наступленне разваленая руская армія не можа, але затрымаць, знясіліць немцаў, якія не менш стомлены вайной, можа і тым самым прымусіць Вільгельма, Гертлінга і Імельмана падпісаць мірны дагавор. Трэба зрабіць усё, каб адступленне не было бегствам, каб адступаючая армія вывезла зброю, маёмасць. Не, Леў Давыдавіч, не можа быць «ні міру, ні вайны». Можа быць або мір, або вайна. Але нам трэба мір!

— Мы заключым мір, не зважаючы ні на левых, ні на правых! — упэўнена і, бадай, весела сказаў Уладзімір Ільіч.

Яго субяседнікам быў Гарбуноў. Ён прыехаў у санаторый са стосам газет, у тым ліку нямецкіх, хоць былі яны тыднёвай даўнасці, іх выменьвалі на лініі перамір'я: цераз Швецыю яны паступалі яшчэ пазней. Ленін прагледзеў спачатку нямецкія газеты, пасля петраградскія, бальшавіцкія, эсэраўскія. Адзначыў вялікімі клічнікамі і сваімі характэрнымі знакамі артыкулы, якія абавязкова трэба прачытаць больш уважліва. Усё гэта былі артыкулы аб вайне і міры. Праглядаючы іх, ён думаў аб сітуацыі, якая складвалася.

Вылаяў левых эсэраў, якія ўваходзілі ва ўрад. Яшчэ зусім нядаўна яны былі за мір, а цяпер газетка іх затрубіла ў іншы рог.

— Боўтаюцца, як дзярмо ў палонцы.

Сакратар Саўнаркома прывёз нямала фактаў і дакументаў, пра якія трэба было далажыць Старшыні.

Ленін у першую чаргу спытаў:

— Што, Мікалай Пятровіч, чуваць з Брэста?

— Есць некалькі тэлеграм Троцкага. Прапанову аб пераносе перагавораў у Стакгольм немцы адхілілі, як вы, Уладзімір Ільіч, прадказвалі.

— Але няхай міжнародны пралетарыят ведае, што мы вядзём перагаворы пад нямецкімі штыкамі. Карэспандэнтаў нейтральных краін таксама не дапусцілі?

— Не дапусцілі.

— М-да... немцы хочуць узяць нас за горла. Загрудкі яны нас возьмуць. За горла не дамося. Задушаць нас — не! Не дамося!