Выбрать главу

— Немцы аднеслі пачатак перагавораў з восьмага на дзевятае студзеня. Есць падазрэнне, што немцы вядуць тайныя перагаворы з Цэнтральнай радай. Чакаецца прыезд Галубовіча. Ад канкрэтных нашых прапаноў радаўцы ўхіляюцца. Троцкі просіць дырэктыву: якую палітыку весці ў адносінах рады?

— Троцкі просіць дырэктывы? — здзівіўся Уладзімір Ільіч.— У Троцкага кароткая памяць. Дырэктывы яму дадзены цвёрдыя і ясныя. На Саўнаркоме. Мікалай Пятровіч, тэлеграфуйце ўкраінскім таварышам у Харкаў, каб яны паскорылі пасылку ў Брэст дэлегацыі ЦВК Саветаў Украіны. А Троцкаму дайце тэлеграму... Так, каб яе чыталі і немцы, хоць, думаю, яны чытаюць усе нашы шыфроўкі. Кайзераўскія бандыты ніколі не саромеліся любых сродкаў шпіянажу. А мы мусім карыстацца кодамі царскага Генштаба. Напомніце Троцкаму і немцам. Данбас у руках ЦВК, Чарнаморскі флот у ЦВК. Рэвалюцыйныя часці наступаюць на Кіеў. Усё гэта дае права ЦВК Саветаў Украіны мець свайго прадстаўніка ў мірнай дэлегацыі больш, чым тры рады, разам узятыя.

Так прайшлі пяць дзён ленінскага адпачынку.

Пяць дзён? На пяты дзень, дзесятага студзеня, Ленін ужо працаваў у сваім кабінеце ў Смольным.

Першачарговая пошта — з Брэста.

Стары сябра Фрыц Платэн, які ў красавіку памог вярнуцца ў Расію Уладзіміру Ільічу, правёз праз Германію групу палітэмігрантаў.

Тэлеграма парадавала Леніна. Едуць марксісцкі адукаваныя людзі, якіх так не хапае. Праўда, ці ўсе з іх здолеюць у новых умовах уключыцца ў практычную работу? Многія гады эміграцыі адарвалі людзей ад рускай глебы. Некаторыя зрабіліся інтэлігентамі ў заходнім разуменні гэтага слова. А заходні інтэлігент горш за рускага, таго, што схільны замяняць справу дыскусіяй, работу — размовамі, схільны «за ўсё на свеце брацца і нічога не даводзіць да канца». Аднак што людзі вяртаюцца — гэта выдатна. Ды і сацыялісту Платэну карысна глянуць на рускую рэвалюцыю вачамі, а не толькі чытаць пра яе ў швейцарскіх, французскіх і нямецкіх буржуазных газетах. Колькі нагарадзілі там злоснай абывацельскай і дурной лухты!

Троцкі паведамляў: на аснове аналізу нямецкіх газет ён зрабіў вывад, што ў Германіі перамагае партыя прыхільнікаў вайны з Савецкай Расіяй.

Такую інфармацыю не назавеш прыемнай. Ленін паморшчыў лоб, робячы свае заўвагі на тэлеграме. Не ўласціва яму была падазронасць да таварышаў па партыі. Але, улічваючы пазіцыю Троцкага і ведаючы добра самога Троцкага, які выдатна ўмеў падбіраць факты для абароны ўласнай думкі, паведамленне яго здалося падазрона аб'ектыўным. Вельмі падобна на праўду. Аднак варта праверыць. Факт сур'ёзны. Перамога партыі вайны пацвердзіць ленінскі тэзіс аб труднасці рэвалюцыі на Захадзе, у Германіі ў тым ліку. Але ў той жа час падобныя звесткі напэўна натхняюць Бухарына, Ломава, Урыцкага ў іх прапагандзе рэвалюцыйнай вайны: хіба не бачыце, што мірыцца з імперыялістамі нельга? У «левых» свая логіка.

Ленін адарваўся ад тэлеграмы і паглядзеў на Бонч-Бруевіча, ён першы прыйшоў, як толькі Уладзімір Ільіч з'явіўся ў кабінеце,— прынёс паперы, якія, ведаў, адкласці на пазней нельга, і цяпер сядзеў насупраць, назіраючы па выразнай міміцы на твары, якое ўражанне робіць на Ільіча той ці іншы дакумент.

— Чыталі, Уладзімір Дзмітрыевіч? Яны хочуць схапіць нас за горла. Воўчымі зубамі. Каб адразу задушыць. Не даць ім поваду схапіць нас за горла — вось сутнасць нашай тактыкі.

— Прыязджаў са Стаўкі брат. Паверце, Уладзімір Ільіч, Міхаіл не песіміст. Генерал Бонч-Бруевіч заўсёды вельмі цвяроза ацэньваў ваенную абстаноўку. Але тое, што ён расказаў пра наш фронт, прызнаюся, мяне спалохала. Многія ўчасткі фронту зусім пакінуты войскамі і нікім не ахоўваюцца... Фронт адкрыты...

— Папрасіце ад Міхаіла Дзмітрыевіча дакладную. Думка начальніка штаба многа значыць. «Левых» фразёраў трэба біць фактамі. Ацэнкай становішча ваенспецамі. Бухарын і Радэк лічаць сябе ваеннымі стратэгамі,— Уладзімір Ільіч іранічна хмыкнуў і тут жа ўглыбіўся ў чытанне іншых папер,— Садуль просіцца на прыём? Садуля трэба прыняць. У капітана светлая галава, хоць ён і з кампаніі сацыял-шавіністаў.

Уладзімір Ільіч зноў паглядзеў на кіраўніка спраў і нечакана весела прапанаваў:

— Уладзімір Дзмітрыевіч! Ведаеце што, баценька? Едзьце вы на адпачынак у Фінляндыю. Я выдатна адпачыў. Нават патаўсцеў. Булачкі. Малако. І снегіры. Калі вы бачылі снегіроў?..

2

Англія, Францыя, Амерыка не прызнавалі бальшавіцкі ўрад, але пасольствы з Петраграда не адклікалі. Па падказцы «лідэраў» не адклікалі сваіх пасольстваў і ўсе іншыя дзяржавы, вялікія і малыя,— Кітай, Японія, Румынія, Бельгія. Чакалі падзення бальшавікоў. Пасольствы памагалі контррэвалюцыі.