Саўнарком ведаў пра гэта, і некаторыя з «левых» патрабавалі высылкі пасольстваў. Ленін быў супраць высылкі. Гэта дало б буржуазіі лішні козыр супраць Савецкага ўрада і цалкам ізалявала б рэспубліку ад знешняга свету.
Пасля чакалі склікання Устаноўчага сходу, спадзяваліся, што сход зменіць характар улады, верне эсэраў і меншавікоў.
Між тым час ішоў, рэвалюцыя шырылася і паглыблялася.
Найбольш разумныя дыпламаты з буржуазных пасольстваў і місій разумелі, што яны самі паставілі сябе ў недарэчнае становішча, ілам, брудам ілжы і дэзінфармацыі заплываюць каналы сувязі з былым саюзнікам па вайне. Урэшце, галоўная задача дыпламатычных прадстаўніцтваў Антанты — перашкодзіць Расіі выйсці з вайны, любымі сродкамі перашкодзіць падпісанню міру з немцамі.
У пасольстваў было складанае і супярэчлівае становішча: не робячы ніводнага дэмаршу, які маглі б вытлумачыць хаця б як фармальнае, дэ-факта, прыззнанне ўрада Леніна, усё ж знайсці магчымасці кантактаў з гэтым урадам. За гэта ўзяліся як бы прыватным чынам, быццам бы па ўласнай ініцыятыве член французскай ваеннай місіі Жак Садуль, прадстаўнік амерыканскай місіі Чырвонага Крыжа палкоўнік Раймонд Робінс. Крыху пазней спахапіліся англічане і таксама прыслалі неафіцыйнага агента — Локарта. Але калі Локарт, шпіён, правакатар, арганізатар контррэвалюцыйных змоў, вёў двайную гульню, то Робінс быў сумленным і аб'ектыўным капіталістам, які многа ездзіў па Расіі і разумеў настрой мас... Ён стараўся пераканаць Вільсана і дзяржаўны дэпартамент, што Амерыцы выгадна прызнаць бальшавіцкі ўрад, устанавіць з ім mdus vivendi, што, маўляў, толькі такім прызнаннем можна перашкодзіць заключэнне рускімі сепаратнага міру.
Яшчэ больш прадбачлівым і аб'ектыўным быў Жак Садуль. Ён, бадай, першы з афіцыйных асоб пасольстваў і місій устанавіў кантакты з Леніным, з іншымі членамі Савецкага ўрада. Садуль быў сацыялістам. Аднак у разгар сусветнай вайны, як і многія заходнія сацыялісты, ён быў «нацыянальным абаронцам», патрыётам Францыі, таму лічыў сваім абавязкам зрабіць усё магчымае, што можна пры яго становішчы, каб перашкодзіць падпісанню міру паміж Расіяй і Германіяй.
Ленін не першы раз прымаў Садуля.
За дзень да гэтага Ленін адмовіўся прыняць французскага сацыяліста Шарля Дзюма. На яго просьбу Уладзімір Ільіч адказаў пісьмом, у якім пісаў:
«Мы з жонкай з вялікім задавальненнем успамінаем пра той час, калі мы пазнаёміліся з Вамі ў Парыжы, на вуліцы Банье...
Я вельмі шкадую, што асабістыя адносіны паміж намі сталі немагчымымі, пасля таго як нас раздзялілі такія глыбокія палітычныя рознагалоссі. Я на працягу ўсёй вайны змагаўся супраць тэндэнцыі «нацыянальнай абароны», я заўсёды выступаў за раскол, перакананы, што гэтая тэндэнцыя цалкам разбурае сацыялізм».
Да гэтага сацыяліста Ленін звярнуўся: «Дарагі грамадзянін Шарль Дзюма».
Жак Садуль на першай сустрэчы пачаў размову менавіта з гэтага — з формы звароту.
Вытанчаны, з напамаджанымі вусікамі афіцэр у шыкоўным мундзіры французскай кавалерыі, не прысядаючы, у пачцівай паставе малодшага перад старэйшым, што даецца не без добрага выхавання, Садуль абвясціў не без гонару:
— Хачу, каб вы ведалі: я сацыяліст.
— Я гэта ведаю,— з гасціннай усмешкай адказаў Уладзімір Ільіч.
— Вам не здаецца, што гэта стварае праблему звароту афіцэра саюзнай місіі да прэм'ера-сацыяліста?
— Удакладнім: сацыял-дэмакрата-бальшавіка. А больш дакладна: камуніста-бальшавіка.
— Ведаючы вашу барацьбу з намі, сацыялістамі-абаронцамі, і прачытаўшы дакументы рускай рэвалюцыі, я разумею розніцу паміж намі. Аднак гэта не рашае маёй праблемы.
Ленін на момант задумаўся.
— Давайце ў нашых адносінах прымем зварот, якім карысталіся ў часы Вялікай французскай рэвалюцыі.
— Грамадзянін?
— Так.
Садуль засмяяўся.
— Вы мудры чалавек, грамадзянін Ульянаў.
— Вы мяне паставілі ў цяжкае становішча. Я не знаю: ці трэба прэм'еру рабоча-сялянскага ўрада дзякаваць за такі камплімент.
Тады яны разам засмяяліся, як людзі, што хутка паразумеліся. На гэты раз Жак Садуль не быў такі парадна-прыгожы, ён прыйшоў у палявой форме, бо даўно зразумеў, што ў Смольным, дзе ўсё проста, у тым ліку і кабінет Леніна, і людзі простыя, энергічныя, у шынялях, рабочых тужурках, ветлівыя, але без усялякіх дыпламатычных хітрасцей,— з'яўляцца ў парадным мундзіры ці смокінгу недарэчна, выглядаеш белай варонай.