Выбрать главу

Уладзімір Ільіч прапанаваў госцю адзінае мяккае крэсла, у якім у час пасяджэнняў Саўнаркома нязменна сядзеў Троцкі — любіў камфорт.

Капітан Садуль у гэтым крэсле, закінуўшы нагу на нагу, выглядаў зусім па-цывільнаму, знікла ўсё ваеннае, і Ленін жартаўліва адзначыў гэта.

Уладзімір Ільіч сядзеў з другога боку невялічкага круглага стала — для сакратароў — на венскім крэсле, бокам, так, што левай рукой абапіраўся на спінку.

— Вы не баіцеся, таварыш Ленін,— Садуль, часам быццам забываючыся, усё ж звяртаўся са словам «таварыш», мабыць, жадаючы наблізіцца ці заваяваць прыхільнасць,— што можаце застацца ў меншасці ў сваёй партыі? Я чытаю рускія газеты, маю розную інфармацыю... словам, не з'яўляецца сакрэтам, што многія вашы калегі займаюць іншую пазіцыю,— Садуль далікатна не ўдакладніў — якую.

Удакладніў Ленін:

— Так. Група левых камуністаў выступае за рэвалюцыйную вайну. Мы не робім сакрэтаў са сваёй палітыкі, з нашых спрэчак па стратэгіі і тактыцы рэвалюцыі.

Садуля ўжо не здзіўляла надзвычайная ленінская шчырасць, здзіўлялі нечаканыя павароты яго палемічнага мыслення і вычарпальнасць адказу на любое пытанне. Ён чакаў такой вычарпальнасці ў адказе — баіцца Ленін ці не баіцца застацца ў меншасці.

Уладзімір Ільіч нахіліўся да субяседніка, як бы намерваючыся сказаць тайну, вочы яго прыжмурыліся.

— Скажыце, грамадзянін Садуль, як вы думаеце, якую пазіцыю займае пан Клемансо ў нашых спрэчках, за каго ён — за Леніна? За Бухарына?

Садуль здзівіўся і засмяяўся.

— Я не маю такой інфармацыі. Я ведаю адно: урад і народ Францыі хоча, каб Расія заставалася верная саюзніцкаму дагавору.

— Імперыялістычнаму дагавору? Вы добра ведаеце, што рэвалюцыя выкінула ўсе падобныя дагаворы на сметнік гісторыі. І вы добра ведаеце — не хітруйце, грамадзянін сацыяліст! — што Клемансо пляскаў бы ў ладкі, каб мы пачалі вайну, пра якую гавораць мае маладыя калегі. І Лойд Джордж і Вільсан радаваліся б. Англічане проста прапаноўвалі нашаму Глаўкаверху Крыленку па сто рублёў у месяц за кожнага рускага салдата, які застанецца на фронце і будзе весці хаця б акопную вайну. Які цынізм! Гандаль на крыві. Мы не гандлюем крывёю рабочых і сялян! Але рэвалюцыйную вайну з нашага боку імперыялісты віталі б не толькі таму, што рускі фронт памог бы англа-амерыкана-французскім драпежнікам загрызці нямецкага тыгра. Не! Яны паціралі б рукі ад таго, што такая вайна стала б вельмі зручным повадам задушыць рускую рэвалюцыю. А калі гэта будзе зроблена рукамі Вільгельма, Гіндэнбурга — ах, як хораша для рэспектабельнага пана Клемансо! Ён не запляміць свае белыя пальчаткі крывёю рускіх рабочых і не пакліча на сябе гнеў французскага пралетарыяту.

— Вы не верыце ў рэвалюцыю ка Захадзе?

Ленін падняўся з крэсла, абышоў столік і стаў за два крокі ад госця, узяўшыся рукамі за лацканы свайго даволі падношанага ўжо пінжака.

— А вы можаце даць гарантыю, што на другі дзень пасля абвяшчэння рэвалюцыйнай вайны французскі пралетарыят выйдзе на барыкады і французскія салдаты павернуць штыкі супраць сваёй буржуазіі, як зрабілі гэта рускія салдаты?

Садуль маўчаў.

— Я пытаю ў вас за Францыю. Не за Германію. Вы маўчыце. І яны маўчаць, нашы «левыя». Не, грамадзянін Садуль,— Ленін прайшоўся па кабінеце.— Я веру ў рэвалюцыю. Але Захад яшчэ толькі цяжарны рэвалюцыяй. А на прасторах Расіі нарадзілася здаровае дзіця — сацыялістычная Рэспубліка Саветаў. Што ж вы прапаноўваеце? Каб мы сваімі рукамі задушылі сваё дзіця? Нам кажуць: заключаючы мір, мы памагаем нямецкаму імперыялізму. А калі мы будзем ваяваць супраць яго? Кім бы мы сталі? Агентамі англа-французекага імперыялізму. Можа вы дакажаце мне, што ваш, французскі, імперыялізм лепшы за нямецкі? — Ленін спыніўся перад капітанам, іранічна прыжмурыўшыся.

— Я не стану гэтага рабіць, таварыш Ленін.

— Не, вы, абаронцы, рабілі гэта ў пачатку вайны і на працягу вайны, калі лілася кроў рускіх, нямецкіх, французскіх рабочых. Вы даказвалі, што ваш імперыялізм — ах, якая цаца!

— Мы працверазелі, таварыш Ленін.

— Хто — мы? Вы асабіста? Аднак каторы раз вы даводзіце, што мы не павінны здраджваць пану Клемансо,— Ленін зняважліва хмыкнуў.

— Я гэта раблю па тых жа матывах, што і вашы калегі. Я спадзяюся на рэвалюцыю.

— Вы спадзеяцеся, але вы не можаце даць гарантыі. Ніхто не можа. А таму было б недаравальнай, падкрэсліваю, недаравальнай памылкай будаваць тактыку сацыялістычнага ўрада Расіі на варажбе: наступіць ці не наступіць еўрапейская рэвалюцыя, асабліва нямецкая, у бліжэйшыя месяцы. Не, марксісцкі правільны адзіны вывад: з часу перамогі сацыялістычнага ўрада ў адной з краін трэба вырашаць пытанне не з прынцыпу, якому з двух імперыялізмаў выгадней памагчы цяпер, а выключна, я падкрэсліваю, выключна з пункту гледжання найлепшых умоў для развіцця і ўмацавання сацыялістычнай рэвалюцыі, якая пачалася ўжо. Нам трэба канчаткова зламаць супраціўленне сваёй буржуазіі. А яно вылілася ў грамадзянскую вайну і ў неваенныя формы — у сабатаж, у подкуп агентаў буржуазіі, якія пралезлі ў рады сацыялістаў. Нам трэба рашыць гіганцкія задачы сацыялістычных пераўтварэнняў у разбуранай вайной краіне. А гэта задача не аднаго дня і не аднаго месяца. Для гэтага трэба час. Трэба перадышка! Есць і другі бок. Армія і народ стаміліся ад вайны. Рэвалюцыя дала народу зямлю і мір. Салдат хоча араць і засяваць зямлю, якую ён атрымаў. Салдат не пойдзе на вайну, якімі б ультрарэвалюцыйнымі лозунгамі мы ні заклікалі яго. Пры поўнай дэмакратызацыі арміі весці вайну супраць волі большасці салдат — авантура. На такую авантуру ідуць толькі імперыялісты. Мы не пойдзем!