Выбрать главу

— Прызнаюся, грамадзянін Ленін, што вашы довады прымушаюць задумацца. Логіка ваша, як кажуць, жалезная. Але вы не адказалі на маё пытанне.

— Ці не баюся я застацца ў меншасці? — Ленін на міг як бы задумаўся, яле тут жа ўпэўнена адказаў: — Не, не баюся! Я не магу застацца ў меншасці. Зa мной — мільёны салдат, рабочых, сялян.

— Я маю на ўвазе Цэнтральны Камітэт вашай партыі.

— Вы сапраўды хораша інфармаваны. Кім? Троцкім? У ЦК я заставаўся ў меншасці. У 1907 годзе, напрыклад. Тады большасць бальшавікоў была за байкот трэцяй Думы. Я абараняў удзел у ёй, я даказваў, што новыя ўмовы патрабуюць новых форм барацьбы. Мы павінны былі прайсці праз хлеў сталыпінскай Думы. Мы пройдзем і праз хлеў няхай сабе і ганебнага міру з немцамі. Марксізм патрабуе ўліку аб'ектыўных умоў. У чым карэнная змена гэтых умоў? Есць, жыве, умацоўваецца першая сацыялістычная рэспубліка. І таму цяпер вышэй за ўсё і для нас, і з міжнароднага сацыялістычнага пункту гледжання захаванне гэтай рэспублікі. І мы нікому не дамо ўцягнуць нас у лавушку, у працяг імперыялістычнай вайны.

Жак Садуль заглянуў у запісную кніжку. Відаць, некаторыя пытанні былі падрыхтаваны ім загадзя.

— Але ёсць яшчэ адна сіла, якая, безумоўна, скажа сваё слова аб вайне і міры. Я маю на ўвазе Устаноўчы сход, які склікаецца гэтымі днямі.

Ленін як бы стоена пасміхнуўся і, абышоўшы стол, сеў у сваё рабочае крэсла.

Садуль насцярожыўся: ці не дае гэтым прэм'ер зразумець, што аўдыенцыя скончана.

Не, Уладзімір Ільіч выбраў са стоса акуратна складзеных газет нумар «Правды», прыкметна зачытаны: грубая жоўтая папера пацерлася на зломах.

— Газеты нашы вы чытаеце не вельмі акуратна. Тыдзень назад у адным артыкуле я цытаваў вельмі вядомага сацыяліста. Пляханаў для вас аўтарытэт?

— О, безумоўна'

— Дык вось што гаварыў Пляханаў яшчэ ў тысяча дзевяцьсот трэцім годзе. Паслухайце, калі ласка. Вось тут. Дакладныя словы Пляханава: «Калі б у парыве рэвалюцыйнага энтузіязму народ выбраў вельмі добры парламент — свайго роду interuvable (бяспрыкладная палата), то нам варта было б старацца зрабіць яго доўгім парламентам; а калі б выбары былі няўдалымі, то нам трэба было б,— Ленін інтанацыяй падкрэсліў гэтыя і наступныя словы,—-старацца разагнаць яго не праз два гады, а калі можна, то праз два тыдні».

— Вы можаце разагнаць Устаноўчы сход? — амаль жахнуўся Садуль.

— Гэта будзе залежаць ад Устаноўчага сходу.

— Але ж гэта тэрор!

— Шкада, грамадзянін сацыяліст, што вы паўтараеце нашых меншавікоў і эсэраў. Некалі яны былі згодны з Пляханавым, а цяпер крычаць пра «бальшавіцкі тэрор». А які тэрор чынілі яны самі пры Керанскім! У адну толькі мінскую турму Керанскі і Аўксенцьеў засадзілі тры тысячы салдат за «шкодную агітацыю». Гэта не тэрор? А расстрэл рукамі Карнілава цэлых палкоў за недастатковае натхненне ў вайне. Гэта што? Розніца толькі ў тым, што керанскія і ліберданы ў абдымку з Карнілавым рабілі тэрор супраць рабочых, салдат, сялян, а Савецкая ўлада прымае рашучыя меры супраць буржуазіі, памешчыкаў і іх прыслужнікаў. Я вам раю прыгледзецца да расійскай рэвалюцыі больш уважліва. Вы, мне здаецца, маглі б зразумець, што яна даўно пакончыла з парламентарызмам, які яшчэ нідзе не распальваў агонь рэвалюцыі, а заўсёды быў сродкам падману працоўных класаў. Расійская рэвалюцыя ў самым пачатку сваім, яшчэ ў пятым годзе, стварыла небывалыя яшчэ ў гісторыі развіцця сусветнай рэвалюцыі народныя арганізацыі. Гэта — Саветы. Яны — органы ўлады рабочых, салдат, сялян. Яны пакрылі густой сеткай усю краіну. Недарэмна буржуазія, памешчыкі вядуць смяртэльную барацьбу супраць Саветаў. Так, мы былі за Устаноўчы сход. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Тады Устаноўчы сход быў лепш за любыя органы ўлады Керанскага. Але цяпер Саветы, як усенародныя рэвалюцыйныя арганізацыі, сталі на тысячу галоў вышэй за любыя парламенты ўсяго свету. Што ж вы хочаце? Каб мы вярнуліся ад Саветаў да згодніцкага парламента?! Уся ўлада Саветам! — сказалі мы і змагаліся за гэта. А цяпер мы выконваем волю народа, які паўсюдна гаворыць: уся ўлада Саветам! Любое адступленне назад — здрада рэвалюцыі.