Выбрать главу

Садуль ні на адной сустрэчы нічога не занатоўваў, лічыў непрыстойным рэпарцёрства пры сустрэчы на такім узроўні, хоць да вайны быў журналістам. А тут запісаў нешта, папрасіўшы прабачэння. Пасля сказаў:

— Вы непахісны чалавек, грамадзянін Ленін. Мяне захапляе ваша пераконанасць. Пасля сустрэчы з вамі я адчуваю сябе бальшавіком.

— Французскія сацыялісты не заявяць мне пратэсту, калі я далучу вас да бальшавізму?

Садуль засмяяўся.

На развітанне Уладзімір Ільіч спытаў:

— Вы будзеце інфармаваць аб нашай гутарцы пасла?

Капітан сумеўся. Па сваім становішчы ён абавязаны гэта зрабіць. Але ён думаў яшчэ ў часе размовы, што многае з таго, што гаварыў Ленін, перадаць Нулансу немагчыма: не зразумее пасол, вытлумачыць дрэнна яго. Садуля, місію, ды і ўсё роўна не перадасць нічога ўраду. Было ўжо, што Нуланс сказаў: «Мае дэпешы павінны прыносіць задавальненне Клемансо». Такі стыль саюзных дыпламатаў — маніць, скажаць факты, каб дагадзіць антыбальшавіцкім настроям сваіх кіраўнікоў. Лягчэй, прасцей і выгадней ліслівіць вялікім, чым прасвячаць іх, Дэпешы пасла неаднойчы ўжо раздражнялі Садуля. Не, не будзе ён перадаваць Нулансу змест усяе размовы. Навошта? Ды, відаць, і Ленін не хоча гэтага.

— Мой візіт носіць прыватны характар. Я не меў намеру інфармаваць свой урад.

— Прашу вас перадаць у любой форме... Мы не просім буржуазныя ўрады прызнаваць нас. Прыйдзе час — нас прызнаюць. Але не адказваць два месяцы на мірныя прапановы Савецкага ўрада, зробленыя ад імя вялікага народа, які праліў мора крыві у вайне, выконваючы саюзніцкі абавязак,— значыцца зневажаць гэты народ, у любові да каторага фарысейскі кляліся панове Лойд Джордж і Клемансо. Можаце не перадаваць гэта ўраду. Перадайце французскаму народу. І нашы мірныя прапановы. Наш зварот да ўрадаў і народаў. Мы былі супраць сепаратнага міру. Нас вымушаюць пайсці на такі мір. Перадаўшы гэта народу Францыі, вы зробіце карысную паслугу расійскай і сусветнай рэвалюцыі.

— Я абяцаю вам, таварыш Ленін, зрабіць гэта.

Уладзімір Ільіч, з'яўляючыся глыбокім псіхолагам, верыў у шчырасць Садуля, таму ахвотна і прымаў яго.

Ленін не памыліўся: пазней Жак Садуль стаў камуністам, сябрам Савецкага Саюза і аб'ектыўным гісторыкам Кастрычніка.

3

Над Нявой круціла завіруха. Вецер кідаў снег у вокны. У кабінеце было халадней, чым звычайна, хоць і дагэтуль тут не пераграваліся — у Смольным эканомілі паліва.

Уладзімір Ільіч накінуў паліто на плечы.

У завейны дзень не хапала святла: нявузкія вокны, але занадта тоўстыя сцены ў былым інстытуце «благородных девиц». Хацеў уключыць настольную лямпу, але электрычнасці не было. Усяго не хапае — хлеба, вугалю...

Пісаў амаль у паўзмроку, нізка схіліўшыся над сталом. Радаваўся, што выдалася нейкая шчаслівая паўза, калі няма наведвальнікаў, ніхто не ўваходзіць са сваіх, саўнаркомаўскіх, і можна прадоўжыць пачатую на світанні, паверхам ніжэй, у кватэры, працу над Дэкларацыяй правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Дэкларацыя павінна быць гатова да склікання Устаноўчага сходу. З яго трыбуны яшчэ раз будзе абвешчана народам Расіі і ўсяму свету:

«Расія аб'яўляецца рэспублікай Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Уся ўлада ў цэнтры і на месцах належыць гэтым Саветам».

Не павінна заставацца ніякіх ілюзій наконт Устаноўчага сходу. Не можа быць іншага парламента, акрамя Саветаў, што створаны самім народам!

Ленін пісаў:

«...Устаноўчы сход цалкам далучаецца да праводзімай Савецкай уладай палітыкі разрыву тайных дагавораў, арганізацыі самага шырокага братання з рабочымі і сялянамі ваюючых цяпер паміж сабой армій і дасягнення, у што б там ні стала, рэвалюцыйнымі мерамі, дэмакратычнага міру паміж народамі, без анексій і без кантрыбуцый, на аснове свабоднага самавызначэння нацый».

Ленін не сумняваўся, што той Устаноўчы сход, які выбраны па дакастрычніцкіх спісках, не далучыцца да палітыкі Савецкай улады. Таму Дэкларацыя павінна быць апублікавана загадзя, да склікання сходу, каб яе прачыталі рабочыя, сяляне і самі пераканаліся, што Устаноўчы сход цягне назад, да керанскіх, чарновых, ліберданаў.