Выбрать главу

Хораша працавалася, з натхненнем. Супакойвалі свіст ветру, што далятаў у кабінет праз двайныя рамы, лёгкае шамаценне снегу па заінелых шыбах. Ды раптам насцярожыла цішыня ў самім будынку. Не было тут раней такой цішыні.

Уладзімір Ільіч прыслухаўся. Бывала, калі так прыслухоўваўся, працуючы на адзіноце, то і праз шчыльна зачыненыя дзверы чуў: Смольны гудзе, што вулей. Работа тут кіпіць. І гэта таксама радавала.

Здзівіўшыся нязвыклай цішыні, Ільіч падняўся з-за стала і выйшаў у пакой Кіраўніцтва справамі. За бар'ерам, у палавіне для наведвальнікаў,— ніводнай душы. І ў рабочай частцы, за сталамі, не ўсе супрацоўнікі. Такое нязвыклае малалюддзе нават каравульнага чырвонагвардзейца расслабіла: ён не стаяў, як звычайна, каля дзвярэй, а сядзеў ля бліжэйшага стала. Падхапіўся, убачыўшы Леніна, збянтэжыўся.

— Сядайце, таварыш,— сказаў яму Уладзімір Ільіч: Леніну з самага пачатку не падабалася, што вартавыя стаяць каля дзвярэй – не дэмакратычна, але Уладзімір Дзмітрыевіч Бонч-Бруевіч, які, мабыць, у брата-генерала навучыўся ваеннаму парадку, быў няўмольны, што датычылася бяспекі Леніна і членаў Саўнаркома.— Што сёння так ціха?

Супрацоўнікі як бы сумеліся, і Ленін насцярожыўся: ці не здарылася штось незвычайнае?

— Новы год, Уладзімір Ільіч,— растлумачыла Марыя Мікалаеўна Скрыпнік.— Людзям хочацца сустрэць Новы год, Традыцыя.

Ленін на міг задумаўся, потым радасна ажывіўся.

— Я жыву па новым календары, таму забыўся. Што ж, гэта выдатна, што людзі так рыхтуюцца сустрэць Новы год. Гэта выдатна,— і задаволена пацёр рукі.— Харошая традыцыя. Адна з тых, якую мы возьмем у новае жыццё.

Ленін хадзіў па пакоі ад бар'ера да дзвярэй і гаварыў пра традыцыі, шкодныя і карысныя. Выкрышталізавалася новая тэма. Ах, як многа трэба напісаць, растлумачыць, параіць! А часу не хапае. Увесь час і энергія ідуць на галоўнае, істотнае, кардынальнае, ад чаго залежыць лёс рэвалюцыі.

«А што ў такой рэвалюцыі, як наша, неістотнае? — думаў Ленін,— Але, безумоўна, у першую чаргу — зямля і мір, улік класавых сіл і саюзнікаў, фінансы і прадавольства».

У тэмах для распрацоўкі ён пісаў: «Размеркаванне працы і размеркаванне прадуктаў = ΣΣ». (Summa summarum — агульны вынік). І пасля кожнага з пытанняў, якія патрабавалі неадкладнай распрацоўкі, ставіў двукроп'е:

«Эканамічныя пытанні:

Нацыянальнае пытанне:

Палітычныя пытанні:

Арганізацыйныя пытанні:

Міжнародная палітыка:».

Але не могуць быць па-за ўвагай культура, традыцыі, псіхалогія. Колькі напласталася ў ёй, у псіхалогіі людзей, паразітычнага, прыгонніцкага, рабскага. Нават некаторыя сацыял-дэмакраты, савецкія работнікі, могуць, як кажуць, «наламаць дроў» у пытаннях, дзе, здавалася б, звычайная здаровая логіка павінна была б падказаць адзіна правільнае рашэнне. Яшчэ ў «Халіле» Надзежда Канстанцінаўна расказала Ільічу, што некаторыя работнікі Наркамата асветы выказваюцца супраць таго, каб вяртаць польскаму народу помнікі старыны і мастацтва, якія былі вывезены царызмам за стагоддзе раздзелу Польшчы і ў час нямецкага наступлення.

Вось якая яна жывучая, псіхалогі шавінізму і каланіялізму: чаму не хапнуць у слабейшага тое, што мне падабаецца?

Падумаўшы аб традыцыях і культуры, Ленін прыгадаў размову з жонкай і тут жа папрасіў Скрыпнік паставіць у парадак дня бліжэйшага пасяджэння Саўнаркома пытанне аб звароце Польшчы скарбаў нацыянальнай культуры. Пры гэтым убачыў здзіўленне на тварах камісараў Кіраўніцтва справамі. Разумеў, чаму яны здзівіліся: уся Польшча акупіравана немцамі, невядома, калі будзе вызвалена,— і раптам такое пытанне. Але, відаць, гэта нялёгка зразумець, што рашэнне такое патрэбна не толькі польскаму народу, але і нам, расіянам,— тым «асветнікам», якія хочуць пакласці ў сваю кішэню чужое, і ўсім іншым, хто адурманены вялікадзяржаўным чадам.

Усе, хто прысутнічаў у пакоі, былі ў шынялях, тужурках, бушлатах.

— Холадна? — спытаў Ленін.

— Нічога, можна жыць, Уладзімір Ільіч,— адказаў камісар з матросаў, апрануты ў бушлат.— На палубе бывае халадней.

— На палубе!— не вытрымаў вартавы.— Пасядзелі б вы ў акопе...

Сказаўшы гэта, салдат зноў збянтэжыўся: як ён пры Леніне ляпнуў такое!

— Але, акоп — гэта тая нара, якая вяртае чалавека ў першабытнасць. Гэта — дзікасць. Таму мы за мір. Калі паўсюдна будзе скончана з буржуазным ладам, народы пабудуюць вечны мір,— сказаўшы гэта да ўсіх, Ленін звярнуўся да паставога: — У акоп вам, таварыш, не хочацца?