Выбрать главу

— А каму хочацца, таварыш Ленін? Канешне, калі трэба...

— Вось, вось. Калі трэба. А цяпер нам трэба мір, перадышка. Вы, таварыш, спытайце ў нашых «левых»: ці хочацца ім у акопы? Я параіў аднаму з іх з'ездзіць на фронт. Дык ён цяпер крычыць, што Ленін хоча выслаць яго з Петраграда, каб не даць весці агітацыю за рэвалюцыйную вайну.

Прысутныя засмяяліся.

У вялікім пакоі Кіраўніцтва справамі было халадней, чым у кабінеце.

Уладзімір Ільіч нацягнуў паліто глыбей.

— Холадна ўсё ж... Скажыце таварышу Бонч-Бруевічу... не, неадкладна — каменданту, што... як гэта ні цяжка... трэба знайсці магчымасць, каб палілі лепш. Папросім харкаўскіх таварышаў паслаць нам эшалоны з вугалем. Мы ім удзячны за хлеб. Вугаль у петраградскую зіму — той жа хлеб. Без вугалю мы загінем,— Ленін павярнуўся да Скрыпнік.— У гэты халодны апошні дзень старога года я з задавальненнем выпіў бы шклянку гарачага чаю... Моцнага. Марыя Мікалаеўна?

Але з чаем было няпроста. У буфеце не знайшлося кавалачка хлеба. Не было і цукру. Буфетчыца, былая работніца пякарні, са слязьмі сказала, што не панясе яна Ільічу чай без хлеба і цукру — сорамна.

Сакратар Саўнаркома панесла чай сама.

Ленін быў ужо ў кабінеце. Пісаў.

Марыя Мікалаеўна ціха паставіла шклянку на стол, сумна ўздыхнула. Уладзімір Ільіч запытальна глянуў на яе.

— А хлеба няма. І цукру.

— Так, хлеба няма,— задумліва згадзіўся Ленін, думаючы зусім пра іншыя маштабы. Адпіў чаю. Пахваліў. Але дапіць усю шклянку яму не далі.

Увайшоў Гарбуноў з тэлеграмай ад Крыленкі. Вярхоўны камандуючы ўзброенымі сіламі рэспублікі паведамляў, што румынскія каралеўскія ўлады арыштавалі ваенна-рэвалюцыйны камітэт 49-й дывізіі, акружылі самую дывізію, спрабуюць раззброіць.

Моцна ўсхвалявала Леніна гэтая вестка. Прачытаўшы тэлеграму, ён кінуў яе на стол і імкліва прайшоўся па кабінеце. У моманты ўзрушанасці Ленін ужываў моцныя словы.

— Не, вы падумайце, таварыш Гарбуноў, якое беспардоннае нахабства прастытутак Антанты! Кароль і яго хеўра думаюць, што могуць беспакарана чыніць гвалт над рускімі салдатамі... Над тымі салдатамі, якія тры з палавінай гады пралівалі кроў, абараняючы Румынію, каб яе не разарвалі аўстра-нямецкія разбойнікі. І вось — удзячнасць! Ну, не, панове! За нашых салдат мы адсячэм вам руку!

Ленін сеў да круглага століка, хутка, але больш разборліва, чым звычайна, напісаў:

«У Народны камісарыят па ваенных справах

Прадпісваецца арыштаваць неадкладна ўсіх членаў румынскага пасольства і румынскай місіі, а таксама ўсяго саставу служачых пры ўсіх установах пасольства, консульства і іншых афіцыйных румынскіх устаноў».

— Мікалай Пятровіч! Падвойскаму і Дыбенку. Архітэрмінова! Пашліце матацыкліста!

Гарбуноў глянуў у паперы, і на твары яго адбілася здзіўленне, Ленін убачыў гэта і горача сказаў:

— Толькі так, таварыш Гарбуноў! На ўдар — ударам, на акцыю — акцыяй. Няхай ніхто не падумае, што нас можна біць. Мы нікому не дамо раззброіць рэвалюцыйныя часці! Панам імперыялістам не дамо ў крыўду ніводнага нашага чалавека. Ультыматум румынскаму ўраду ад Савета Народных Камісараў! З катэгарычным патрабаваннем неадкладнага вызвалення арыштаваных салдат і пакарання тых, хто творыць такое беззаконне. Скажыце Сталіну... Няхай паведаміць Троцкаму, нашай дэлегацыі ў Брэст-Літоўску аб канфлікце з Румыніяй. Няма сумнення: румыны адважыліся на падобныя правакацыі, маючы падтрымку кіеўскай рады. Рада — каледзінцы, лакеі імперыялізму. Яны пойдуць на згоду з румынамі, з французамі і з кайзерам таксама.

Румынскі эпізод прымусіў зноў задумацца над суадносінамі сіл у грамадзянскай вайне, якая пачалася ўжо: Каледзін, рада, контррэвалюцыйныя змовы... Чакаць трэба і не такіх правакацый з любога боку і самых хітрых камбінацый сіл контррэвалюцыі, унутранай і знешняй. Таму надзвычай важна як можна хутчэй заключыць мір з Германіяй, каб атрымаць хоць нядоўгую перадышку. Недарэчна і крыўдна, што трэба траціць так многа энергіі, каб астудзіць гарачыя галовы «левых». Але жыццё — барацьба, толькі формы яе розныя. Хіба ўпершыню прыходзіцца змагацца адначасова з ворагамі і са сваімі — членамі адной партыі? Ён выдатна валодаў тактыкай кампрамісаў. Але ў пытанні міру кампрамісу быць не можа. Ні з Бухарыным, ні з Троцкім. Ні з «левымі», ні з «правымі». Ні з кім. Мір павінен быць падпісаны!

Калі Гарбуноў выйшаў, каб выканаць даручэнні, Уладзімір Ільіч некаторы час стаяў перад акном, глядзеў у белую каламуць на дварэ. Завея хораша супакоіла.

Ён быў чалавекам глыбокіх эмоцый, але ўмеў самыя цяжкія эмоцыі пераадолець цвярозай развагай, розумам. Любая падзея знаходзіцца ў дыялектычнай узаемазалежнасці з многімі іншымі падзеямі. Не была яшчэ дапісана Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа, не было яшчэ даклада дэлегацыі аб новых нямецкіх патрабаваннях, якія, па сутнасці, былі ўжо ультыматумам, але Ленін прадбачыў такі ультыматум, і ў галаве яго складваліся тэзісы аб неадкладнай неабходнасці сепаратнага анексіянісцкага міру. Ён прыводзіў у стройную сістэму думкі, якія выказаў Садулю, калегам па Саўнаркому і Цэнтральнаму Камітэту.