Жанчына — работніца сталоўкі, якая па даручэнню Бонч-Бруевіча адказвала за харчаванне, цяжка ўздыхнула. Надзежда Канстанцінаўна і Марыя Ільінічна змаўчалі, але са смуткам падумалі, што паснедаў Ільіч а палове восьмай, а цяпер чатыры, і Старшыня Саўнаркома не здолеў атрымаць да чаю скібку чорнага хлеба.
Суп быў рэдзенькі — дзве бульбіны, жменя проса, але пахнуў сапраўды апетытна: умелая гаспадыня заправіла яго падсмажанай на нейкіх дзвюх лыжках алею цыбуляй і паклала іншыя, травяныя, адной ёй, валагодскай сялянцы, вядомыя прыправы.
Уладзімір Ільіч еў з «дзіцячым апетытам» — так неяк сказала работніца, якая добра ведала, як ядуць сялянскія дзеці. Хваліў суп, бянтэжачы гэтым кухарку, пахвалы такія яна чула нярэдка, верыла, што яны шчырыя, але перажывала, бо лічыла, што дрэнна корміць Леніна. Не яе віна. Аднак жа... Уся Расія ведае Леніна, а яна яму — прасяны суп з алеем, як беднаму мужыку. Сорамна будзе сказаць, калі вернецца ў сваю вёску.
— Прыязджайце да нас, Уладзімір Ільіч. Мы хоць і бедныя, але я вас такім абедам пачастую — пальчыкі абліжаце.
Уладзімір Ільіч весела засмяяўся.
— Прыеду. Абавязкова прыеду. А што? Збяромся ўлетку і паедзем. Праўда, Надзя?
Надзежда Канстанцінаўна ведала, што паехаць Ільічу шчыра хочацца. Як ён марыў у эміграцыі паездзіць па Расіі! Пабываць на поўдні, на Украіне, у Беларусі... Праплыць па Волзе... Рэаліст у палітыцы, Ільіч — чалавек захапленняў у побыце. Паэт. А яна, як многія жанчыны яе ўзросту, наадварот, больш рэалістычная ў штодзённым жыцці, у побыце. Яна добра разумее, што пры ўсім жаданні паездку такую ажыццявіць немагчыма, ва ўсялякім разе, у бліжэйшы час — пакуль вайна, разбурэнне, і ў Леніна на плячах такі цяжар — велізарная дзяржава з новым, не ўмацаваным яшчэ ладам, не кажучы ўжо пра разбураную эканоміку. Не так проста гэта — паехаць пры яго становішчы. У «Халілу» на пяць дзён выбрацца было праблемай. Але Надзежда Канстанцінаўна заўсёды ўмела падтрымаць і яго цвярозы рэалізм, і яго фантазіі, часам амаль дзіцячыя.
— Паедзем, Маша? — спытала яна залоўку.
— Паедзем, ахвотна згадзілася Марыя Ільінічна, добра разумеючы і жаданне брата, і жаданне Надзі даць Валодзю памарыць пра самае простае, чалавечае, і хоць на колькі хвілін адысці ад дзяржаўных клопатаў.
Работніца ўзрадавалася.
— Дык я напішу брату, каб ён парсючка падгадаваў. Кілбаска будзе.
— Міхайлаўна! Што гэта вы робіце з намі? — з жартаўлівай строгасцю спытаў Уладзімір Ільіч.
— А што? — спалохалася жанчына.
— Ды вы можаце нагнаць такі апетыт, што не хопіць супу...
Зразумела, што Ленін жартуе, аднак не засмяялася — уздыхнула:
— Каляды. Заўтра — Новы год. У сяле кілбасы ядуць...
Вясёлыя зморшчыш каля вачэй Уладзіміра Ільіча разгладзіліся, твар уміг пасур'ёзнеў.
— Вы часта елі іх?
— На каляды. Ды яшчэ на вялікдзень.
— Два разы ў год,— Ленін паклаў лыжку, выбіў пальцамі па стале знаёмы Надзеждзе Канстанцінаўне такт, задумліва працягнуў: — М-да... Не густа. Ты помніш, Надзя, швейцарскіх бюргераў? А вось — наш селянін... Але колькі ў яго аптымізму! — і да работніцы: — Брату вы напішыце, каб гадаваў парсючка. Але не для нас. Для дзяцей. Каб яны елі мяса не толькі на вялікдзень.
Пасля колькіх хвілін абедзеннага адпачынку з размовамі пра страву, са смехам Ленін зноў пераключыўся на клопаты іншых маштабаў.
Марыя Ільінічна паспрабавала вярнуць яго ў адпачынак:
— Рабочыя Выбаргскага раёна запрашаюць цябе, Валодзя, і нас з Надзяй на сустрэчу Новага года.
— Да рабочых абавязкова поедзем. Я пастараюся правесці Саўнарком у тэмпе. Думаю, таварышы згодзяцца... перад Новым годам... Праўда, парадак дня папоўніўся архітэрміновым і цяжкім пытаннем. Румыны ўчынілі правакацыю супраць нашай рэвалюцыйнай дывізіі. Мы арыштавалі персанал румынскага пасольства. Маняша, прасачы, калі ласка, каб ультыматум Саўнаркома румынскаму ўраду з'явіўся ў «Правде» заўтра і абавязкова на першай паласе.
Размова пайшла, як было нярэдка, пра вялікія, часам незразумелыя для яе, непісьменнай, справы, і работніца ціха адышла ад стала, стала каля пліты, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Уважліва слухала. Не, гэтая размова зразумелая! Вельмі зразумелая. За рускіх салдат Ленін арыштаваў румынскіх буржуяў! Так ім і трэба! Даволі свае паны і буржуі паздзекаваліся з народа, пагнаілі людзей у турмах. Дык яшчэ і чужыя хочуць! Бач ты іх, чаго захацелі!
«Так іх, дарагі таварыш Ленін! Так!» — думала жанчына, слухаючы падрабязнасці ўсяе гісторыі, якую Уладзімір Ільіч расказваў жонцы і сястры.