Выбрать главу

Аднак Саўнарком у той вечар не сабраўся. Леніну пазваніў нарком земляробства Андрэй Лукіч Калягаеў і сказаў, што члены ўрада — левыя эсэры — з'явіцца не могуць, у іх сваё, эсэраўскае, пасяджэнне. З якой нагоды такая тэрміновасць? І якія справы партыі эсэраў могуць быць важнейшыя за агульнадзяржаўныя?

Ленін паважаў Калягаева, чалавека дзелавога, сур'ёзнага, які ведаў сялянства і зямлю. Ленін любіў людзей праўдзівых, нават калі тыя і памыляліся ў сваіх поглядах, такім лічыў Калягаева. Але на гэты раз не паверыў леваму эсэру. З чыста вузкапартыйных меркаванняў Калягаеў маніў. У наркома хапіла тактоўнасці і Прыстойнасці пазваніць старшыні Саўнаркома, што ён і яго калегі не будуць на пасяджэнні. Але ў яго не хапіла духу сказаць праўду, што гэта звычайны сабатаж, недарэчная дэманстрацыя. На мінулым пасяджэнні Саўнаркома левыя эсэры ўзнялі вэрхал, ажно да пратэсту, у сувязі з тэлеграмай Леніна камандуючаму савецкімі войскамі па барацьбе з каледзіншчынай Антонаву-Аўсеенку.

Штаб Антонава знаходзіўся ў Харкаве. Рэвалюцыя перамагла. Але фабрыкі і заводы яшчэ знаходзіліся ў руках буржуазіі, рабочы кантроль над вытворчасцю не адразу і не паўсюдна ўступаў у сілу. У адказ на ўвядзенне васьмігадзіннага рабочага дня харкаўскія капіталісты затрымалі рабочым зарплату.

Рабочыя пайшлі да Антонава-Аўсеенкі, ведаючы, што ён — нарком Савецкага ўрада і яго прыслаў Ленін.

Харкаўскі рэўком, да якога звярнуўся Антонаў, праявіў нерашучасць. Тады камандуючы пачаў дзейнічаць па-рэвалюцыйнаму. Выклікаў да сябе ў поезд пятнаццаць буйнейшых капіталістаў і патрабаваў ад іх неадкладна знайсці адзін мільён рублёў і разлічыцца з рабочымі. Капіталісты адмовіліся.

Уладзімір Аляксандравіч, які быў асуджаны царызмам да смяротнай кары і ўцёк з самай страшнай катаргі, на якую заганялі «памілаваных» смяротнікаў, люта ненавідзеў эксплуататараў, усіх прыслужнікаў царызму, але дзейнічаў у рэвалюцыі заўсёды законна і гуманна. Ён тут жа арыштаваў харкаўскіх капіталістаў, сказаўшы ім ветліва, не без гумару:

«Панове, калі заўтра вы не разлічыцеся з рабочымі, паслязаўтра я пашлю вас у шахту. Вам будзе карысна зведаць, як «лёгка» дастаецца хлеб рабочаму».

Грошы былі знойдзены. Але Ленін, атрымаўшы паведамленне пра гэты інцыдэнт, адразу, да таго яшчэ, як капіталісты былі вызвалены з-пад арышту, паслаў Антонаву-Аўсеенку тэлеграму:

«Ад усёй душы вітаю вашу энергічную дзейнасць і бязлітасную барацьбу з каледзінцамі. Цалкам ухваляю няўступлівасць да мясцовых угоднікаў, што збілі, здаецца, з панталыку частку бальшавікоў. Асабліва ўхваляю і вітаю арышт мільянераў-сабатажнікаў у вагоне 1 і 2 класаў. Раю адаслаць іх на паўгода на прымусовыя работы ў рудніках. Яшчэ раз вітаю вас за рашучасць і асуджаю тых, хто хістаецца».

Нехта з левых эсэраў «вынюхаў» гэтую тэлеграму. Нарком юстыцыі Штэйнберг зрабіў афіцыйнае запытанне на Саўнаркоме. Маўляў, Антонаў перавышае сваю ўладу, а Ленін яго падтрымлівае, больш таго, бласлаўляе на незаконныя дзеянні.

Эсэры шукалі зачэпкі для абструкцыі. Выглядала смешна: людзі, якія нядаўна прызнавалі, па сутнасці, адзіны метад барацьбы — тэрор, кіданне бомб, раптам захацелі паказаць сябе законнікамі. Пашкадавалі капіталістаў. А рабочых, дарагія таварышы, вам не шкада?

Леніну вельмі хацелася даць учора бой левым эсэрам. Але ён не стаў граміць іх, ведаючы, што члены ўрада — бальшавікі падтрымаюць яго, ён тут жа, на пасяджэнні, пакуль нехта выступаў, напісаў і прапанаваў праект пастановы аб узаемаадносінах Антонава-Аўсеенка з Савецкім урадам Украіны і з надзвычайным камісарам Саўнаркома на Украіне Сярго Арджанікідзе. Левыя эсэры згадзіліся з пастановай. Аднак, выходзіць, не супакоіліся. Хочацца ім памуціць ваду. Магчыма, не падабалася ім і другая тэлеграма, якую Ленін палічыў неабходным паслаць Антонаву адразу пасля пасяджэння, каб паведаміць сутнасць рашэння Саўнаркома. Уладзімір Ільіч не мог не падкрэсліць свайго ўхвалення дзеянняў камандуючага. Пры пэўнай афіцыйнасці былі ў другой тэлеграме простыя чалавечыя словы, якія пацвярджалі першую: «СНК выказвае ўпэўненасць, што т. Антонаў будзе дзейнічаць далей, як і раней, у поўным кантакце з той цэнтральнай украінскай Савецкай уладай, каторую СНК вітаў, і з назначаным Саветам Народных Камісараў надзвычайным камісарам».

Размова з Калягаевым пры ўсёй яе карэктнасці сапсавала Ільічу настрой.

Хлапчукоўскія выбрыкі! Дурная абструкцыя! Нельга змагацца з анархічнай распушчанасцю, недысцыплінаванасцю ва ўсіх установах, калі дысцыпліны не будзе ў Саўнаркоме! Члены ўрада спазняліся на пасяджэнні, некаторыя без даволі ўважлівых прычын не з'яўляліся зусім. Троцкі, напрыклад, можа падняцца на самым гарачым пытанні. Сталін часта выходзіць курыць.