Выбрать главу

Ён прынёс дэкрэт Міры. З далікатнасцю разумнага педагога не тыцнуў, як кажуць, яе носам, не нагадаў нават нядаўнюю спрэчку, але не без задавальнення назіраў, як доўга і ўваясліва чытала яна дэкрэт. Зрабілася ў той вечар сур'ёзнай, і ён, як дарагую рэч, ахоўваў гэтую яе сур'ёзнасць.

І як гэта хораша — дараваць ёй асобныя яе слабасці, любыя капрызы... За такія вочы! За такія вусны! Хіба яму незразумелыя гэтыя наіўныя, амаль дзіцячыя яшчэ няроўнасці яе характару?!

— Ты таксама апусці свае навушнікі.

Ён паслухмяна зняў салдацкую шапку, адвярнуў навушнікі.

Мацнеў студзеньскі вецер, мароз кусаў за вушы. Спачатку пабялелыя шчокі яе раптам загарэліся. Але ці ад марозу толькі? Усхваляванасць выдаваў дзіўны бляск у вачах.

— Ты не знаеш, якая я шчаслівая сёння... Я не сказала табе... Ты не бачыў, як яны слухалі мяне... салдаты! Я ж ведаю, што гавару па-нямецку з жахлівым акцэнтам.... У тыя разы... тыя салдаты пасміхаліся... шапталіся паміж сабой... аглядалі мяне, як каты... А гэтыя... Як сур'ёзна яны слухалі... пакуль іх не разагнаў афіцэр... Я ім расказвала пра нашу рэвалюцыю... Пра Дэкрэт аб зямлі... І як яны слухалі, Сярожа! У іх гарэлі вочы. І сціскаліся кулакі... Яны мне сказалі, што ў Берліне і Мюнхене падняліся рабочыя. Мы пра гэта чыталі ў нашых газетах... Але адно — нашы газеты. А другое — вось так, даверліва... паведамляюць нямецкія салдаты... Пачынаецца, Сярожа!

— Што?

— Як — што?— здзівілася Міра.— Рэвалюцыя ў Германіі. Адтуль яна перакінецца ў Францыю, у Англію... Запалае пажар сусветнай рэвалюцыі і змяце кайзераў, міністраў... усіх імперыялістаў... Троны хістаюцца і заўтра паваляцца пад націскам пралетарыяту. Пад абломкамі капіталізму будзе пахавана і гэтая праклятая вайна. І гэта мы... мы пачалі, Сярожа! Мы — застрэльшчыкі і падпальшчыкі сусветнай рэвалюцыі! Мы!

Яны стаялі, і каля іх ног намятала гурбачкі снегу. Ад рэзкіх рухаў у Міры зноў збіўся шалік і агалілася шыя, Багуновіч зноў клапатліва, як у дзіцяці, паправіў шалік і павярнуў самую яе ад ветру, каб, гаворачы, яна не каўтала «ангіннае паветра», якое ўжо моцна астуджана, але яшчэ не высушана марозам, а таму такое зябкае, калючае. Не трэба стаяць ёй на холадзе — і так кашляе. Не трэба гаварыць на ветры. А супраць таго, што ён скажа, яна, безумоўна, запярэчыць, і яны заспрачаюцца, могуць нават пасварыцца, як было ўжо неаднойчы. Але ён таксама быў моцна ўсхваляваны, аднак зусім не тым, чым яна.

— А я ўбачыў іншае...

Міра насцярожылася.

— Я ўбачыў баявую часць. Дарэчы, новую... Па ўмовах перамір'я і немцы, і мы не павінны заменьваць часці на фронце. Мы не заменьваем... ды і не можам. Кім? А яны, выходзіць, заменьваюць. Для чаго? Цябе слухалі ўважліва, бо гэта прызыў другой катэгорыі... старыя людзі... бацькі... Ты ім — дачка. Але гэта добра абучаныя салдаты. І добра ўзброеныя. Я ўбачыў тое, чаго не ўбачыла ты, чалавек цывільны. Гэтыя салдаты, па загаду сваіў афіцэраў, паднімуць нас на штыкі. Сама кажаш: пакуль не разагнаў афіцэр... Але, даволі было з'явіцца афіцэру... Яны выцягваюцца перад кожным унтэрам...

Яе цудоўныя вочы звузіліся і сталі калючымі, нібы гэты вецер, што рэзаў шчаку.

— Ах, як ты сумуеш па тым, што перад табой не выцягваюцца.

— Я сумую не па гэтым, Міра! Я сумую па тым, што з нашых вунь акопаў пярэдняй лініі не высунуўся ніводзін вартавы. Іх няма! А калі перамір'е будзе парушана... калі мірныя перагаворы...

— Ты не верыш у рэвалюцыю! — жорстка перапыніла яго Міра.— Сусветную.

Багуновіч раптам узлаваўся, не ўпершыню яго злавалі гучныя словы пра сусветную рэвалюцыю. Але ў іншых абставінах ён стрымліваўся. А тут, у полі, перад лініяй сваіх пярэдніх акопаў, яўна пакінутых салдатамі, перад гэтай дзяўчынай...

— Не веру! Не веру, што мы з табой распалім яе!

Вочы ў Міры пазелянелі.

— Ты не распаліш. З такімі поглядамі...

— З якімі? Я веру ў нашу рэвалюцыю. І рэвалюцыя даручыла мне ахоўваць яе вось на гэтым участку. А я не знаю, як гэта зрабіць. Няма сілы...

— Не разумею, што трэба рабіць.

— Трэба спыніць нямецкае наступленне, калі яно пачнецца.

— Знаю цябе, як аблупленага. Аднаго не знала — што ты баязлівец і панікёр.

Але сказала яна гэта ўжо без злосці, паблажліва; вочы яе зрабіліся звычайнымі — росныя слівіны,— вочы яе смяяліся. Сяргею зрабілася трохі крыўдна, што яна не разумее яго клопатаў, яго пачуцця адказнасці, каторае здаецца ёй афіцэрскім перажыткам.