Выбрать главу

Але добра, што яна не пачала «страляць» па-хлапчукоўску. Па сваіх. Бывала, што яна кідала абразлівыя словы за праявы яго скепсісу да яе рэвалюцыйных слоў; на дзіва чуйна лавіла яго скепсіс. І ён апошнім часам асцерагаўся. Але цяпер яму было не да скепсісу, боль душы вырваўся крыкам, і яна, мабыць, зразумела гэта. Дзякуй табе, дзіця!

— Хадзем. А то мы заледзянеем на гэтым вар'яцкім ветры. Я ўсё ж зраблю табе кажушок.

— Яшчэ чаго не хапала! Буржуйскія штучкі!

— А твая ангіна, твой бранхіт — гэта што? Пралетарскія хваробы?

Яна па-хлапчукоўску пагразіла яму маленькім кулачком у дзіравай пальчатцы.

Яны пайшлі далей. Вецер сек у левую шчаку, і ён зайшоў злева, каб хоць трохі прыкрыць яе сабой. Ён загадаў сабе маўчаць, каб яна не адказвала і не хапала марознае паветра слабымі лёгкімі. Але не вытрымаў:

— Магчыма, гэта не абстраляны, нядаўна сфарміраваны полк, але ўзброены ён да зубоў. І вымуштраваны з прускай педантычнасцю. Дзве батарэі высунуты да пярэдняга краю. Навошта? А коні... Ты бачыла іх коней? Кажуць, Германія галадае. Але баявых коней яны кормяць аўсом, не інакш. І гэта правільна. А ў нас і сена няма. Калі мы будзем карміць так сваіх коней, яны не толькі не пацягнуць гарматы... іх саміх трэба будзе цягнуць... Ды што коні? Чым накарміць заўтра людзей? А што мы знаем пра непрыяцеля? Я, камандзір палка, не знаў, што перада мной заменена часць. Мы разбурылі разведку, а немцы вядуць яе па ўсіх правілах. Яны зналі, хто я. Іх афіцэр сказаў па-французску: «Разам з агітатарамі рускія прысылаюць да нас шпіёнаў...» Я не здзівіўся б, каб яны арыштавалі мяне як шпіёна... Не скамарошнічай! Калі ты камандзір палка, не ўбірайся пад салдата...

Міра спынілася, пільна зазірнула яму ў твар, і ў яе вачах, затуманеных слязьмі ад марознага ветру, Сяргей убачыў страх, які бачыў у вачах маці, калі яна праводзіла яго назад, на фронт, пасля чарговай кароткай пабыўкі дома, у Мінску.

— Пастушэнка правільна адгаворваў мяне ад такога паходу... Але вельмі ж хацелася на свае вочы ўбачыць, якія яны цяпер... немцы. Убачыў...

— І спалохаўся?

— Спалохаўся.

Міра паківала галавой, але вочы яе смяяліся.

— Мне застаецца здзіўляцца, як я пакахала такога... Ты знаеш, хто ты?

— Цікава.

— Ты — ні рыба ні мяса. Не контррэвалюцыянер, не рэвалюцыянер...

— Я — патрыёт сваёй айчыны.

— Фу! Ажно нафталінам патыхнула. Як з камоды маёй бабулі.

Багуновічу даўно ўжо было прыкра і крыўдна, што Міра, ды і іншыя бальшавікі, акрамя хіба унтэра Башлыкова, не разумеюць гэтага яго пачуцця, якое пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі завалодала ім з новай сілай і прывяло яго да бальшавікоў, бо ён паверыў, што толькі Ленін можа ўратаваць краіну, якая сцякае крывёю, і шматпакутны, народ былой Расійскай імперыі. Гэтае пачуццё цяпер вылілася ў адно надзвычай моцнае жаданне: не толькі не аддаць немцам больш ні аршына роднай зямлі, але вызваліць і тую, што захоплена імі. Ваеннай сілы няма. Есць толькі адно — мір, ленінскі мір: без кантрыбуцый, анексій, захопу чужой тэрыторыі. Але ці пойдуць немцы на такі мір? Саюзнікі — французы, англічане — не адгукнуліся на заклік урада Саветаў. У такіх умовах Германіі і асабліва Аўстра-Венгрыі, якая галадае, выгадна падпісаць з намі мір. Так разважаў ён, былы камандзір роты, якога нечакана салдаты выбралі камандзірам палка. У такія высновы верыў яшчэ сёння раніцой, пакуль бачыў немцаў здалёк, праз бінокль. А цяпер з галавы не выходзілі... Не, нават не салдаты, якія сапраўды такі выцягваліся перад кожным унтэрам,— коні! Якія сытыя коні! І баявая пазіцыя батарэі на ўзгорку каля могілак; адтуль можна біць па станцыі і па маёнтку, па штабу, прамой наводкай.

Усхвалявала і другое: адсутнасць хаця б адзіночных салдат баявой аховы ў першай лініі акопаў яго палка ў той час, калі, як ён убачыў вопытным вокам, нямецкія акопы хораша абжытыя. А нашы занесены снегам. У тым месцы, да якога яны з Мірай падышлі, у акопах не было нават слядоў; да раніцы пры такой завеі іх зусім заб'е снегам, зраўняе з паверхнасцю поля. За такую злачынную бестурботнасць камандзіра роты варта аддаць пад суд. Але для гэтага трэба прагаласаваць у палкавым камітэце...

Цень суровай змрочнасці знік з твару Багуновіча, калі ён убачыў, што над бліндажом камандзіра роты ўзнімаецца празрысты дымок — у бліндажы паліцца печка. Безумоўна, салдаты там. Хто захоча ў такі холад быць у акопе? Ды і навошта людзей марозіць? Перамір'е. Аднак вартавыя павінны быць!