— Пайшлі ў бліндаж. Пагрэемся,— сказаў ён Міры і першы скочыў у акоп, працягнуў ёй руку. Тут, недалёка ад бліндажа, у акопе ўсё ж была пратаптана сцежка — адгаліненне ходу зносін вяло ў тыл — да другой лініі. Праўда, цяпер, у час перамір'я, можна хадзіць, не хаваючыся, але за гады акопнай вайны людзі звыкліся закапвацца ў зямлю, хадзіць па траншэях. Хіба не перажыў ён толькі што страх ад адчування, што нямецкія кулямёты нацэлены ў спіну яму і... Міры?
Багуновіч штурхнуў цяжкія, з негабляваных дошак дзверы бліндажа і прапусціў уперад Міру, у якой, яўна было відаць, і ў пальчатках не гнуліся закачанелыя пальцы ды і шчокі зноў пабялелі.
Яна прашмыгнула ў чорную дзірку дзвярэй, не нагнуўшыся — такі яе рост, Багуновічу ж прыйшлося нізка схіліць галаву і сагнуць спіну.
Змрок бліндажа асляпіў. Толькі праз шчыліны чыгуннай печкі прасвечваліся дзівосна чырвоныя, як жывыя, языкі полымя; полымя гудзела, білася ў «чыгуне», як хацела вырвацца на волю. У твар дыхнула жарам. Пасля холаду лёгкія знянацку схапілі гарачага паветра, і Міра закашлялася. Апусцілася перад печкай на калені, працягнула рукі да цяпла, не маючы сілы, мабыць, зняць пальчаткі, падсмаліла іх, запахла паленай шэрсцю.
Не адразу Багуновіч убачыў, адкуль, акрамя печкі, цэдзіцца яшчэ рэдзенькае цяпло,— у куце, на століку,— газнічка. Толькі як бы асэнсаваўшы гэтае святло, Багуновіч убачыў усё іншае. Хоць нічога іншага не было, сам ён не дзень, не два, а семсот, калі не ўсю тысячу дзён, пражыў у такім жа бліндажы. Нары збоку. Самаробны столік. Над столікам — партрэт Леніна, з газет. Але не на рэчах спыняўся яго позірк. Ён шукаў людзей. Дзе людзі? Нарэшце ўбачыў. Аднаго салдата. Пазнаў — унтэр-афіцэр Бураў, цяперашні камандзір узвода.
Бураў стаяў збоку ад печкі, каля сцяны, каля вешалкі, дзе вісела некалькі шынялёў: для вартавых меліся кажухі, у такую сцюжу ў расходзе былі кажухі.
Бураў, безумоўна, адразу пазнаў камандзіра палка. Стаяў навыцяжку, з добрай выпраўкай старога салдата, але неяк бокам, выставіўшы ўперад правае плячо.
— Дзень добры, таварыш камандзір,— павітаўся Багуновіч, бадай, па-цывільнаму, але з націскам на «таварыш» і па-беларуску, бо помніў, што Бураў з Магілёўшчыны.
— Здравія жа-ла-ю, ваша...— зусім разгубіўся салдат, хоць Багуновіч ведаў, што хто-хто, а Бураў не памыляўся, не звяртаўся «ваша благародзія» нават мінулым летам, пры Керанскім.
Што з ім?
Раптам Багуновіч убачыў, ад чаго разгубіўся унтэр. На гімнасцёрцы яго віселі тры георгіеўскія крыжы, поўным георгіеўскім кавалерам Бураў не паспеў стаць.
Багуновіч зразумеў, за якім заняткам захапілі яны нядаўна выбранага камандзіра ўзвода. Застаўшыся адзін, унтэр дастаў свае ўзнагароды і надзеў іх, любаваўся. Шкада, што ў бліндажы няма люстра.
Камандзір палка адразу ўявіў, як паводзіў сябе сам-насам салдат, што перажыў, і пасля таго, што ўбачыў у немцаў, гэта яго чамусьці моцна кранула, ўсё роўна як бы Бураў зрабіў яшчэ адзін геройскі ўчынак.
— Не хавайцеся, Бураў. Вы іх заслужылі крывёю...
— Дзякую, таварыш камандзір! — узрадаваўся Бураў.
— Дзе людзі, камандзір?
Бураў адказаў не адразу. Зноў закашлялася Міра, і ён сказаў смела, па-бацькоўску клапатліва:
— Кажушок вам трэба, барышня. Чаго гэта вы, Сяргей Валянцінавіч, кажушка ёй не зробіце?
Багуновіч замёр, сцяўся. Ох, выдасць яна зараз за «барышню» і за такі выразны намёк на іх адносіны! Не, змаўчала. Толькі здзіўлена паглядзела на унтэра і яшчэ больш здзівілася, калі ён ступіў да печкі і яна ўбачыла на яго грудзях Георгіі. Багуновіч пасміхнуўся: будзе доўгая лекцыя наконт царскіх «побрякушек», прыдуманых для адурманьвання народа. Але і пра крыжы Міра змаўчала. Дзіўна. А Бураў як спалохаўся, што не адказаў на пытанне камандзіра:
— Па дровы пайшлі. На мароз бярэцца...
— Увесь узвод?
Бураў пераступіў з нагі на нагу па-сялянску цяжка, страціўшы салдацкую паставу, і раптам што калуном ударыў, ажно гахнуў:
— Га-ах... Сяргей Валянцінавіч. Без снедання людзі. Не хапіла на ўсіх снедання. А ўжо абед...
Гэта быў папрок яму, камандзіру палка. Калі застаўся без снедання ўзвод, што знаходзіцца ў баявой ахове, у акопах,— гэта, лічы, ужо не армія. Трэба неадкладна мяняць людзей, што займаюцца харчовым забеспячэннем палка. Але як замяніць, полк іх выбіраў? Усіх выбіраюць. Дэмакратыя.
Багуновіч узяў ад стала табурэцік, падаў Міры.
— Здымі шынель. Адагрэй душу.
— Дрэнны той рэвалюцыянер, у каго замярзае душа,— раздражнёна, яўна незадаволеная — вядома чым,— адказала Міра.
— Эх, дачка,— уздыхнуў Бураў,— душа...