Але Багуновіч кіўнуў яму, каб не развіваў сваіх сялянска-царкоўных уяўленняў пра душу, інакш гэтае дзяўчо распатроніць іх, «несвядомых», у пух.
— Кіпяточак у мяне ёсць. Выпі, родная. Кашляць не так будзеш. Шкада, цукру няма...
Бураў спаласнуў конаўку, выплеснуў ваду за дзверы, упусціўшы воблака марознай пары. Наліў кіпню.
Міра ўжо зняла пальчаткі — адагрэлася, узяла кружку па-дзіцячаму ў дзве далоні, маленькімі глыткамі, але прагна піла гарачую ваду. Багуновіч сачыў за ёй і з трывогай думаў, ці не захварэла яна — вельмі ж запалалі шчокі. Але пры салдату не прыпадзеш вуснамі да яе лба, скроні — так ён, як некалі маці, правяраў, ці няма ў яе жару. Яна любіла такія яго пацалункі, але пасміхалася з яго «арыстакратычных замашак».
— Іван Ягоравіч, выстаім, калі немцы пачнуць наступаць?
Бураў, які падкідваў у печку дровы, скалануўся, як абваліўшыся, не зачыніўшы дзверцаў, выпрастаўся, выцягнуўся па-салдацку, і, нягледзячы на водбліск полымя, твар яго, здалося Багуновічу, пабялеў.
— А што — міру не будзе?
— Вы, таварыш камандзір, задаяце правакацыйныя пытанні! — жорстка і бадай злосна сказала Міра.
— Мір будзе. Але да міру ўсё можа быць. Фронт ёсць фронт.
— З кім? Сяргей Валянцінавіч! З чым? — бадай у роспачы выгукнуў Бураў.
— З дапамогай пралетарыяту Германіі! Еўропы! З дапамогай сусветнай рэвалюцыі! — упэўнена, бадзёра сказала агітатарка.
— Хіба што з такой рэвалюцыяй,— няўпэўнена згадзіўся салдат.
Міра не стала, як звычайна, перад салдатамі, горача гаварыць аб непазбежнасці сусветнай рэвалюцыі. Яна натапырылася, як пакрыўджанае кацянё. Але Багуновіча даўно ўжо замілавана цешыла нават тое, што яна магла вось так надзьмуцца з-за палітыкі. Між іншым, такой яна рабілася толькі з ім — з салдатамі, са сваімі апанентамі-эсэрамі, меншавікамі яна спрачалася да хрыпласці ў голасе і пасля такіх спрэчак заўсёды была вясёлая, нават тады, калі не даводзіла свайго. А з ім вось так — як капрызнае дзіця з нястрогай маці. Неяк прагаварылася, што яна хоча перавыхаваць яго — любымі сродкамі. Пэўна, гэта адзін з яе сродкаў.
Багуновіч сказаў:
— Узводны Бураў, як вы думаеце, што было б камандзіру ў добрай арміі за ўход салдат з пазіцыі?
Бураў выцягнуўся, і голас яго прагучаў спалохана:
— Трыбунал.
— Баявая ахова пярэдніх ліній павінна весціся па ўсіх правілах пазіцыйнай вайны, Бураў!
— Слухаюся, таварыш...
— Людзей сабраць! Перадаць мой загад.
— Слухаюся! Дазвольце выконваць? — і пачаў апранаць шынель.
Пасля горача напаленага бліндажа на дварэ здалося яшчэ больш холадна. Вецер сек у твар з большай лютасцю. Пачалася сапраўдная завея.
Багуновіч сказаў Міры:
— Калі ласка, не размаўляй. Мне не падабаецца, як палаюць твае шчокі. У цябе — жар.
Не, маўчаць яна не магла і не пра жар думала.
— Мушу вам заўважыць, таварыш камандзір палка... армій не бывае добрых ці дрэнных... Арміі ёсць імперыялістычныя, контррэвалюцыйныя... І будуць рэвалюцыйныя!
— Рэвалюцыйная армія можа быць таксама слабай арміяй.
— Ах, так вы думаеце!
— Любая армія моцная сваёй дысцыплінай.
— Рэвалюцыйнай!
— Называй як хочаш.
Міра падняла рукі ў дзіравых пальчатках, схапілася ў роспачы за галаву і сказала ўжо без іроніі, горача і з болем:
— Не магу цябе зразумець! Не магу! Ты ж разумны чалавек. Цябе любяць салдаты... А ляпнуць, прабач, можаш такое... Мы стараемся дзень і ноч... каб вытравіць з душ, са свядомасці салдат рабства, чынапаклонства... дзікасць... Выкінуць на сметнік гісторыі ўсе ўстановы царызму, буржуазіі: чыны, званні, ордэны...
Тое, што Бураў начапіў крыжы, застаўшыся на адзіноце, сапраўды такі моцна кранула Багуновіча, і ён гатовы быў абараняць права салдата на нашэнне іх,
— Зразумей: чалавек заплаціў крывёю за гэтыя Георгіі. Гэта вельмі дарагая плата — кроў.
— Скора ты апраўдаеш, што ён ваяваў за цара, за айчыну...
— Што ж нас — павесіць за гэта... салдата, мяне... што мы ваявалі за айчыну? Я ніколі не думаў, што ваюю за цара.
— Не трэба абуджаць манархічных пачуццяў.
— Чым?
— Дазволам насіць Георгіі.
— Дзіўная ў цябе логіка.
— Не, у цябе дзіўная логіка!
— Ты можаш памаўчаць?
— Не, не магу.
— Тады слухай мяне. Калі хочаш па шчырасці, я табе скажу... Я прызнаў усе дэкрэты Саветаў, Леніна, акрамя аднаго... Аб адмене званняў, чыноў... аб выбарнасці камандзіраў. Гэта абсурд... Калі мы хочам абараніць рэвалюцыю, мы павінны мець моцную армію... Сіла арміі — у дысцыпліне... у адукаваных камандзірах... Камандаваць палком павінен палкоўнік Пастушэнка, а не нейкі паручнік, а тым больш салдат.