Выбрать главу

Зноў нездалёк справа пасыпалася зямля. Рэдрык асьцярожна, не паварочваючыся, папоўз задам, прыціскаючыся да мокрай травы. Зноў над галавой прайшоў пражэктарны прамень. Рэдрык замер, сочачы за ягоным бясшумным рухам, і яму здалося, што паміж крыжамі сядзіць на магіле нейкі чалавек у чорным. Сядзіць, не хаваючыся, прыхіліўшыся сьпіной да мармуровага абэліска, абярнуўшы ў бок Рэдрыка белы твар зь цёмнымі ямамі вачэй. Рэдрык бачыў яго на працягу долі сэкунды, але і долі сэкунды хапіла, каб зразумець: гэта ня сталкер. І яшчэ праз сэкунду ён зразумеў — гэта не здалося. Ён адпоўз яшчэ на некалькі крокаў, намацаў на грудзях біклагу, выцягнуў яе і некаторы час паляжаў, прыціснуўшыся шчакой да цёплага мэталу. Затым, не выпускаючы біклагі з рукі, папоўз далей. Ён больш не абарачаўся і не глядзеў па баках.

У агароджы быў пралом, а ля самога пралому на прасьвінцаваным плашчы ляжаў Барбрыдж. Ён ляжаў на сьпіне, адцягваючы абедзьвюма рукамі каўнер, і ціхенька пакутліва крактаў, раз-пораз зрываючыся на стогны. Рэдрык сеў побач зь ім і адвінціў каўпачок у біклагі. Потым ён асьцярожна запусьціў руку пад галаву Барбрыджа, адчуваючы ўсёй далоньню ліпкую ад поту гарачую лысіну, і прыклаў рыльца біклагі да вуснаў старога. Тут было цёмна, але Рэдрык бачыў шырока расплюшчаныя і быццам бы ашклянелыя вочы Барбрыджа, чорнае шчаціньне, што пакрывала ягоныя шчокі. Барбрыдж прагна глынуў некалькі разоў, а затым неспакойна заварушыўся, абмацваючы рукой мех з хабарам.

— Вярнуўся, — сказаў ён. — Добры хлопец… Рыжы.. Ня кінеш старога… падыхаць… тут…

Рэдрык, адкінуўшы галаву, зрабіў добры глыток.

— Стаіць жаба, — сказаў ён. — Як прыклееная.

— Гэта… нездарма… — прагаварыў Барбрыдж. Ён гаварыў адрывіста, выдыхаючы. — Стукнуў хтосьці… чакаюць…

— Можа быць, — сказаў Рэдрык. — Даць яшчэ глыток?

— Не… хопіць пакуль… Ты мяне… ня кідай… Калі ня кінеш… не памру… Не пашкадуеш… Ня кінеш, Рыжы?

Рэдрык не адказаў. Ён глядзеў у бок шашы, на блакітныя выбліскі пражэктараў. Мармуровы абэліск быў бачны адсюль, але незразумела было, сядзіць там гэты або згінуў.

— Слухай… Рыжы… Я не плявузґаю… Не пашкадуеш… Вось як ты думаеш, чаму стары Барбрыдж… да гэтага часу… жывы? Боб Гарыла згінуў… Куфар Нэвада загінуў… як не было… Які быў сталкер… а загінуў… Смоўж таксама… Норман Акулярык… Каляген… Піт Болька… усе… Адзін я застаўся… Чаму? Ведаеш?

— Падлюга ты заўсёды быў, — сказаў Рэдрык, не адрываючы вачэй ад шашы.

— Падлюга… Гэта дакладна… бяз гэтага нельга… Сам пра сябе не паклапоцішся… хто ж тады? Але ж і ўсе так… Смоўж… Куфар Нэвада… А застаўся адзін я… Ведаеш, чаму?

— Ведаю, — сказаў Рэдрык, каб адвязацца.

— Хлусіш… ня ведаеш… Пра Залаты шар чуў?

— Чуў.

— Думаеш… казка?

— Ты б маўчаў лепш, — параіў Рэдрык. — Сілы ж губляеш.

— Нічога… ты мяне вынесеш… Мы з табой столькі хадзілі, Рыжы… Няўжо кінеш?.. Я цябе вось такога… маленькага… ведаў… Бацьку твайго…

Рэдрык маўчаў. Вельмі хацелася курыць, ён выцягнуў цыгарэту, выкрышыў тытунь на далонь і стаў нюхаць. Не дапамагала.

— Ты мяне павінен… выцягнуць… — прамовіў Барбрыдж. — Гэта з-за цябе я пагарэў… Гэта ты… Мальтыйца… ня ўзяў…

— З-за прагнасьці сваёй ты пагарэў, — холадна сказаў Рэдрык, — а не з-за мяне. Маўчаў бы лепей.

Некаторы час Барбрыдж толькі крактаў. Ён зноў запусьціў пальцы за каўнер і зусім адкінуў галаву.

— Хай увесь хабар твой будзе… — пракрахтаў ён. — Толькі ня кідай.

Рэдрык паглядзеў на гадзіньнік. Да сьвітаньня заставалася зусім няшмат, а патрульная машына ўсё не сыходзіла. Пражэктары працягвалі мацаць па кустах, і дзесьці там, зусім побач з патрулём, стаяў замаскаваны лэндровэр, і кожную хвіліну яго маглі знайсьці.

— Залаты шар… — сказаў Барбрыдж. — Я яго…. знайшоў… Хлусьні шмат… вакол яго… наплялі потым… І сам я… плёў… што, маўляў, любое… жаданьне выконвае… Хрэна — любое… Калі б любое… мяне б тут… даўно не было… жыў бы ў Эўропе… у грошах бы… купаўся…

Рэдрык паглядзеў на яго зьверху ўніз. У бягучых блакітных водсьветах закінуты твар Барбрыджа здаваўся мёртвым, але шкляныя вочы яго выкаціліся і пільна, не адрываючыся, сачылі за Рэдрыкам.

— Вечную маладосьць… хрэн я атрымаў… — мармытаў ён. — Грошай… хрэн. А вось здароўе… так… і дзеці ў мяне… добрыя… і жывы… Ты такога і ў сьне… ня бачыў… праз што я… прайшоў… і ўсё роўна… жывы… — Ён аблізаў вусны. — Я яго… толькі пра гэта… прашу… Жыць, маўляў, дай… і здароўя… і каб дзеці…