— Памаўчы, Барбрыдж, — сказаў, нарэшце, Рэдрык. — Што ты як баба? Калі змагу — выцягну. Ня дзеля цябе, вядома. Дзяцей мне тваіх шкада.
— Не, — упарта сказаў Барбрыдж. — Ты мяне… у любым выпадку… выцягнеш… Залаты шар… Хочаш, скажу, дзе?
— Ну скажы.
Барбрыдж застагнаў і паварушыўся.
— Ногі мае… — пракрахтаў ён. — памацай, як там…
Рэдрык працягнуў руку і, абмацваючы, правёў па ягонай назе далоньню ад калена і ніжэй.
— Косьці… — хрыпеў Барбрыдж. — Косьці ёсьць яшчэ?
— Ёсьць, ёсьць, — схлусіў Рэдрык. — Не мітусіся.
Насамрэч косьці ў назе прамацваліся толькі ад калена і вышэй. Пад каленам да самое ступні нага была як гумавая палка, яе можна было вузлом завязаць.
— Хлусіш жа… — сказаў Барбрыдж. — Навошта мне хлусіш?.. Што я… ня ведаю? Ня бачыў… ніколі?
— Калені цэлыя, — сказаў Рэдрык.
— Хлусіш жа, напэўна… — сказаў Барбрыдж з тугой. — Ну добра… Ты толькі… мяне выцягні… Я табе ўсё… Залаты шар… Мапу намалюю… пра ўсе пасткі там… распавяду…
Ён гаварыў і абяцаў яшчэ нешта, але Рэдрык ужо ня слухаў яго. Ён глядзеў у бок шашы. Пражэктары больш ня кідаліся па старанах, яны замерлі, скрыжаваўшыся на тым самым мармуровым абэліску, і ў яркім блакітным тумане Рэдрык выразна ўбачыў худую чорную постаць, што брыла сярод крыжоў. Постаць гэтая рухалася як бы ўсьляпую, прама на пражэктары. Рэдрык убачыў, як яна наляцела на крыж, адхіснулася, зноў стукнулася аб крыж і толькі тады абагнула яго і рушыла далей, выцягнуўшы наперад доўгія рукі з растапыранымі пальцамі. Потым яна раптам зьнікла, нібы правалілася празь зямлю, і празь некалькі сэкундаў зьявілася зноў правей і далей, рухаючыся зь нейкай недарэчнай нечалавечай упартасьцю, як заведзены мэханізм. І тут раптам пражэктары патухлі. Заскрыгатала счапленьне, зароў дзіка рухавік, мільганулі чырвоныя і сінія сыгнальныя агні скрозь кусты, і патрульная машына, сарваўшыся зь месца, на шалёнай хуткасьці панеслася да гораду і зьнікла за сьцяной. Рэдрык сутаргава глынуў і распусьціў «маланку» на камбінэзоне.
— Няйначай зьехалі… — ліхаманкава мармытаў Барбрыдж. — Рыжы, давай… давай па-хуткаму… — Ён замітусіўся, замацаў вакол сябе рукамі, схапіў мех з хабарам і паспрабаваў узьняцца. — Ну, давай, чаго сядзіш?
Рэдрык усё глядзеў у бок шашы. Цяпер там было цёмна, і нічога не было відаць, але дзесьці там быў гэты — выкрочваў, нібы завадная лялька, спатыкаючыся, падаючы, налятаючы на крыжы, блытаючыся ў хмызьняку.
— Добра, — сказаў Рэдрык услых. — Хадзем.
Ён падняў Барбрыджа. Стары як абцугамі абхапіў яго левай рукой за шыю, і Рэдрык, ня ў сілах выпрастацца, на карачках, дапамагаючы сабе рукамі, павалок яго празь дзірку ў агароджы.
— Давай, давай… — хрыпеў Барбрыдж. — Не турбуйся, хабар я трымаю, ня выпушчу… Давай…
Сьцежка была знаёмая, але мокрая трава сьлізґала пад нагамі, галінкі рабіны хвасталі па вачах, а маслаты стары быў неймаверна цяжкі, нібы мярцьвяк, ды яшчэ мех з хабарам, пабразґваючы і пастукваючы, увесь час чапляўся за нешта, і яшчэ страшна было наткнуцца на гэтага, які, можа быць, усё яшчэ блукаў тут.
Калі яны выбраліся на шашу, было яшчэ цёмна, але адчувалася, што сьвітанак блізкі. У лясочку па той бок шашы сонна і няўпэўнена загаварылі птушкі, а над чорнымі хатамі ўскраіны, над рэдкімі ліхтарамі начны змрок ужо засінеў, і пацягнула адтуль зябкім вільготным ветрыкам. Рэдрык паклаў Барбрыджа на ўзбочча, агледзеўся і, як вялікі чорны павук, перабег цераз дарогу. Ён хутка знайшоў лэндровэр, скінуў з капота і з кузава маскіруючыя галінкі, сеў за руль і павольна, не запальваючы фараў, выехаў на шашу. Барбрыдж сядзеў, адной рукой трымаючыся за мех з хабарам, а іншай абмацваючы ногі.
— Давай… — прахрыпеў ён. — Давай хутчэй… Калені… цэлыя яшчэ ў мяне… Калені б выратаваць…
Рэдрык, рыпаючы зубамі ад напружаньня, падняў яго і пераваліў цераз борт. Барбрыдж са стукам зваліўся на задняе сядзеньне і застагнаў. Мех ён так і ня выпусьціў. Рэдрык узьняў зь зямлі і кінуў на яго зьверху прасьвінцаваны плашч. Барбрыдж ухітрыўся прыцягнуць з сабой і плашч. Стары, стогнучы, варочаўся ў машыне, устройваючыся, а Рэдрык выняў ліхтарык і прайшоўся ўзад-наперад па ўзбоччы з абодвух бакоў, вызіраючы сьляды. Сьлядоў увогуле не было. Выкатваючыся на шашу, лэндровэр прымяў высокую густую траву, але трава гэтая мусіла празь некалькі гадзін падняцца, так што тут усё было ў парадку. Вакол месца, дзе стаяў патрульны аўтамабіль, валялася велізарная колькасьць недакуркаў. Рэдрык згадаў, што даўно хоча паліць, выцягнуў цыгарэту і запаліў, хоць яму вельмі хацелася ўскочыць у машыну і гнаць, гнаць, гнаць хутчэй адсюль. Але гнаць было нельга. Усё трэба было рабіць павольна і разважліва.