Выбрать главу

— Мапу дам… Усе пасткі, усё… Сам знойдзеш… Не пашкадуеш…

Рэдрык некаторы час слухаў яго, потым расьціснуў пальцы, выпускаючы ў кішэні кастэт, і сказаў:

— Добра. Твая справа — ляжаць у непрытомнасьці. Зразумеў? Стагні й не давай дакранацца.

Ён сеў за руль, уключыў рухавік і рушыў машыну.

І ўсё абышлося. Ніхто ня выйшаў з дамка, калі лэндровэр у адпаведнасьці са знакамі й паказальнікамі павольна пракаціў міма, а затым, усё нарошчваючы і нарошчваючы хуткасьць, панёсься ў горад праз паўднёвую ўскраіну. Было шэсьць гадзін раніцы, вуліцы былі пустыя, асфальт быў мокры і чорны, аўтаматычныя сьветлафоры самотна і непатрэбна перамігваліся на скрыжаваньнях. Яны абмінулі пякарню зь вялізнымі, ярка асьветленымі вокнамі, і Рэдрыка абдало хваляй цёплага, незвычайна смачнага паху.

— Жэрці ахвота, — сказаў Рэдрык і пацягнуўся, упіраючыся рукамі ў руль, разьмінаючы зацёклыя ад напругі мышцы.

— Што? — спалохана спытаў Барбрыдж.

— Жэрці, кажу, ахвота… Куды цябе? Дадому або наўпрост да Мясьніка?

— Да Мясьніка, да Мясьніка гані! — пасьпешліва замармытаў Барбрыдж, нахіляючыся наперад, ліхаманкава і горача дыхаючы Рэдрыку ў патыліцу. — Наўпрост да яго! Наўпрост да яго! Ён мне яшчэ семсот манэт вінен! Ды гані ты, гані, што ты паўзеш, як вош па мокрым месцы? — і раптам пачаў лаяцца, бясьсільна і злосна, чорнымі бруднымі словамі, пырскаючы сьліной, задыхаючыся і заходзячыся ў прыступах кашлю.

Рэдрык не адказваў. Не было ні часу, ні сілаў уціхамірваць разьюшанага Сьцярвятніка. Трэба было хутчэй канчаць з усім гэтым і хоць пару гадзінаў паспаць перад спатканьнем у «Мэтраполі». Ён вывернуў на Цэнтральны прашпэкт, праехаў два кварталы і спыніў машыну перад шэрым двухпавярховым асабняком.

Мясьнік адчыніў яму сам — відаць, толькі што прачнуўся і зьбіраўся ў ванную. Ён быў у раскошным халаце з залатымі кутасамі, у руцэ ў яго была шклянка са ўстаўной сківіцай. Валосьсе на галаве было злахмачанае, пад мутнымі вачыма набрынялі цёмныя мяшочкі.

— А! — сказаў ён. — Рышы. Што скашаш?

— Надзявай зубы, і пойдзем, — сказаў Рэдрык.

— Угу, — сказаў Мясьнік, запрашаюча матнуў галавой у глыбіню холу, а сам, шоргаючы пэрсыдзкімі туфлямі, але рухаючыся тым ня менш зь дзіўнай хуткасьцю, накіраваўся ў ванную.

— Хто? — спытаў ён адтуль.

— Барбрыдж. — сказаў Рэдрык.

— Што?

— Ногі.

У ваннай палілася вада, пачулася пырханьне, плёскат, нешта ўпала i пакацiлася па кафлянай падлозе. Рэдрык стомлена прысеў у крэсла, выняў цыгарэту і запаліў, азіраючыся. Хол быў ніштаваты. Мясьнік грошай не шкадаваў. Ён быў вельмі дасьведчаным і вельмі модным хірургам, сьвяцілам мэдыцыны ня толькі гораду, але й штату, і са сталкерамі ён зьвязаўся, вядома, не з-за грошай. Ён таксама браў сваю долю з Зоны. Браў натурай — розным хабарам, які ўжываў у сваёй мэдыцыне; браў ведамі, вывучаючы на ​​пакалечаных сталкерах невядомыя раней хваробы, выродлівасьці і пашкоджаньні чалавечага арганізму; браў славай — славай першага на зямлі лекара, спэцыяліста па нечалавечых захворваньнях. Грашыма ён, зрэшты, таксама браў з ахвотай.

— Што менавіта з нагамі? — спытаў ён, зьяўляючыся з ванны зь велізарным ручніком на плячы; краем ручніка ён асьцярожна выціраў доўгія гнуткія пальцы.

— Уляпаўся ў «халадзец», — сказаў Рэдрык.

Мясьнік сьвіснуў.