Выбрать главу

— Вось зараз і паесьці можна, — сказаў ён, усаджваючыся.

— Шмоткі ў бак паклаў? — спытала Гута.

— Угу… — прамовіў ён з набітым ротам. — Добрая рыбка…

— Вадой заліў?

— Не-а… Вінаваты, сэр, больш не паўторыцца, сэр… Ды кінь ты, пасьпееш, пасядзі… — Ён спаймаў яе за руку і паспрабаваў пасадзіць да сябе на калені. Яна вывернулася і села за стол насупраць.

— Пагарджаеш, значыць, мужам, — сказаў Рэдрык, зноў набіваючы поўны рот. — Грэбуеш, значыць…

— Які зь цябе зараз муж, — сказала Гута. — Ты зараз — пусты мех, а ня муж, цябе спачатку набіць трэба.

— А раптам? — сказаў Рэдрык. — Бываюць жа на сьвеце цуды.

— Нешта я такіх цудаў ад цябе яшчэ ня бачыла. Мо вып’еш?

Рэдрык нерашуча пагуляў відэльцам.

— Н-не, бадай, — прамовіў ён. Ён зірнуў на гадзіньнік і падняўся. — Я зараз пойду. Падрыхтуй мне выхадны гарнітур… па клясе «А». Кашульку там, гальштук…

З асалодай шлёпаючы босымі нагамі па халаднаватай падлозе, ён выйшаў у гасьцёўню, забраў кош і замкнуўся зь ім у каморы. Там ён апрануў гумовы фартух, нацягнуў гумавыя пальчаткі да локцяў і пачаў выгружаць на стол тое, што было ў мяшку. Дзьве «пустышкі». Каробка са «шпількамі». Дзевяць «батарэек». Тры «бранзалеты» і адзін нейкі абруч — таксама накшталт «бранзалета», але зь белага мэталу і дыямэтрам пабольш мілімэтраў на трыццаць. Шаснаццаць штук «чорных пырскаў» у поліэтыленавым пакеце. Дзьве цудоўнай захаванасьці «губкі» з кулак велічынёй. Тры «сьвербы». Слоік «газаванае гліны». У мяшку яшчэ заставаўся цяжкі фарфоравы кантэйнэр, старанна ўпакаваны ў шклавату, але Рэдрык ня стаў яго кранаць. Ён дастаў цыгарэту і запаліў, разглядаючы дабро, раскладзенае на стале.

Потым ён высунуў шуфляду, дастаў лісток паперы і агрызак алоўка. Заціснуўшы цыгарэту ў куце рота і жмурачыся ад дыму, ён пісаў лічбу за лічбай, выстройваючы ўсё ў тры слупкі, а потым падсумаваў першыя два. Сумы атрымаліся вялікія. Ён задушыў недакурак у попельніцы, асьцярожна адкрыў каробку і высыпаў «шпількі» на паперу. У электрычным сьвятле «шпількі» адлівалі сіньню і толькі зрэдку пырскалі раптам чыстымі спэктральнымі фарбамі: жоўтым, чырвоным, зялёным. Ён узяў адну «шпільку» і заціснуў паміж вялікім і паказальным пальцамі. Асьцярожна, каб не ўкалоцца. Потым ён выключыў сьвятло і пачакаў трохі, прызвычайваючыся да цемры. Але «шпілька» маўчала. Ён адклаў яе ў бок, намацаў яшчэ адну, таксама заціснуў паміж пальцамі. Нічога. Ён націснуў мацней, рызыкуючы ўкалоцца, і «шпілька» «загаварыла». Слабыя чырванаватыя ўспышкі пабеглі па ёй і раптам зьмяніліся больш рэдкімі, зялёнымі. Некалькі сэкундаў Рэдрык любаваўся гэтай дзіўнай гульнёй успышак, якая, як ён даведаўся з «Дакладаў», павінна была нешта азначаць, можа быць, штосьці вельмі важнае, вельмі значнае, а потым паклаў яе асобна ад першай і ўзяў новую… Усяго «шпілек» аказалася семдзесят тры, зь іх «гаварылі» дванаццаць, астатнія маўчалі. Насамрэч яны таксама павінныя былі «размаўляць», але для гэтага пальцаў было мала, а патрэбная была машына велічынёй са стол. Рэдрык зноў запаліў сьвятло і да ўжо напісаных лічбаў дадаў яшчэ дзьве. І толькі пасьля гэтага ён наважыўся, засунуў абедзьве рукі ў мех і, затаіўшы дыханьне, дастаў і паклаў на стол мяккі скрутак. Некаторы час ён глядзеў на гэты скрутак, задуменна пачухваючы падбародак тыльным бокам далоні. Потым ён усё-ткі ўзяў аловак, задуменна пакруціў яго ў нязґрабных гумовых пальцах і зноў адкінуў. Дастаў яшчэ адну цыгарэту і, не адрываючы вачэй ад скрутка, выкурыў яе ўсю.

— Які чорт! — сказаў ён гучна, рашуча ўзяў скрутак і сунуў назад у мех. — І ўсё. І хопіць.

Ён хутка ссыпаў «шпількі» назад у каробку, адклаў каробку ў бок, далучыў да яе «бранзалеты» адну «сьвярбу» і, падумаўшы, абруч зь белага мэталу. Астатняе дабро расклаў па розных шуфлядах у стале. Пара было ісьці. Напэўна, гадзінку можна было б паспаць, але, зь іншага боку, было значна больш карысна прыйсьці на месца раней і паглядзець, як і што. Ён скінуў пальчаткі, павесіў фартух і, ня выключыўшы сьвятла, выйшаў з каморы. Гарнітур ужо быў раскладзены на ложку, і Рэдрык пачаў апранацца. Ён завязваў гальштук перад люстэркам, калі ў пакоі за ягонай сьпіной ціхенька рыпнулі масьніцы, пачулася азартнае сапеньне, і ён зрабіў хмурны твар, каб не разрагатацца.

— У! — крыкнуў раптам побач зь ім тонкі галасок, і яго схапілі за нагу.

— Ах! — усклікнуў Рэдрык і зьнепрытомнеў, упаўшы на ложак. Мартышка, рагочучы і вішчучы, неадкладна ўскараскалася на яго. Яго тапталі, тузалі за валасы і аблівалі патокамі інфармацыі. Суседзкі Вілі адарваў у лялькі нагу. На трэцім паверсе завялася кацяня, усё белае і з чырвонымі вачыма, напэўна, хадзіла ў Зону. На вячэру была каша з варэньнем. Дзядзька Гуталін зноў засмактаў і адчуваў сябе дрэнна, ён нават плакаў. Чаму рыбы ня тонуць, калі яны ў вадзе? Чаму мама ўночы ня спала? Чаму пальцаў пяць, а рук дзьве, а нос адзін?.. Рэдрык асьцярожна абдымаў цёплую істоту, якія поўзала па ім, углядаўся ў велізарныя, цалкам цёмныя, безь бялкоў, вочы, прыціскаўся шчакой да пухлай, зарослай залатым шаўковым пухам шчочкі і паўтараў: