— Ня бойцеся, — паўтарыў Рэдрык. — У якім трэба. Давайце да справы, я спаць хачу.
— У якім шпіталі? — ужо раздражнёна спытаў Кашчавы.
— Так я вам і сказаў, — адазваўся Рэдрык. Ён узяў партфэль. — Будзем мы справай займацца сёньня ці не?
— Будзем, будзем, мой хлопча, — сказаў Хрыпаты ласкава. Зь нечаканай лёгкасьцю ён саскочыў на падлогу, хутка прысунуў да Рэдрыка часопісны столік, адным рухам змахнуў на дыван стосы часопісаў і газэтаў і сеў насупраць, упёршы ў калені ружовыя валасатыя рукі. — прад’яўляйце
Рэдрык раскрыў партфэль, выцягнуў сьпіс з цэнамі і паклаў перад Хрыпатым. Хрыпаты паглядзеў і пазногцем адсунуў сьпіс у бок. Кашчавы зайшоў яму за сьпіну і ўтаропіўся ў сьпіс празь ягонае плячо.
— Гэта рахунак, — вымавіў Рэдрык.
— Бачу, — сказаў Хрыпаты. — Прад’яўляйце, прад’яўляйце!
— Грошы, — сказаў Рэдрык.
— Што гэта за «кольца»? — спытаў Кашчавы, тыцкаючы цераз плячо Хрыпатага пальцам у сьпіс.
Рэдрык маўчаў. Ён трымаў раскрыты партфэль на каленях, не адрываючыся, глядзеў у блакітныя анёльскія вочкі Хрыпатага. Хрыпаты, нарэшце, усьміхнуўся.
— І за што гэта я вас так люблю, мой хлопча? — прабуркаваў ён. — А яшчэ кажуць, што любові зь першага погляду не бывае. — Ён уздыхнуў. — Філ, адсьліні яму зялёненькіх… і дай мне, нарэшце, запалку. Ты ж бачыш… — І ён патрос цыгарай, заціснутай у двух пальцах.
Кашчавы Філ прабурчаў нешта неразборліва, выйшаў у суседні пакой празь дзьверы, завешаныя парцьерай. Было чуваць, як ён з кімсьці там размаўляе раздражнёна і невыразна, нешта наконт «ката ў мяшку», а Хрыпаты ўсё разглядаў Рэдрыка ва ўпор з застылай усьмешкай на тонкіх бледных вуснах і нібыта раздумваў аб чымсьці, а Рэдрык, паклаўшы падбародак на партфэль, таксама глядзеў яму ў твар і таксама намагаўся не міргаць, хоць павекі паліла, як агнём, і на вочы набягала сьляза. Потым Кашчавы вярнуўся, кінуў на столік дзьве абандэроленыя пачкі банкнотаў і, надзьмуўшыся, сеў побач з Рэдрыкам. Рэдрык ляніва пацягнуўся за грашыма, але Хрыпаты жэстам спыніў яго, абадраў з пачкаў бандэролі і сунуў іх сабе ў кішэню піжамы.
— Зараз прашу, — сказаў ён.
Рэдрык узяў грошы і, ня лічачы, запіхаў пачкі ва ўнутраныя кішэні пінжака. Затым ён пачаў выкладваць хабар. Ён рабіў гэта павольна, даючы магчымасьць гэтым людзям разгледзець і зьверыць са сьпісам кожны прадмэт паасобку. У пакоі было ціха, толькі цяжка дыхаў Хрыпаты, і яшчэ з-за парцьеры далятала слабае бразґатаньне — быццам бы лыжачкі аб край шклянкі. Калі Рэдрык, нарэшце, закрыў партфэль і зашчоўкнуў замкі, Хрыпаты падняў на яго вочы і спытаў:
— Гэта ўсё?
— Усё па сьпісе, — адказаў Рэдрык.
— Гэта я бачу, — сказаў Хрыпаты. — Я пытаюся, гэта ўсё?
— Усё, — сказаў Рэдрык. Ён памаўчаў і дадаў: — Пакуль.
— Мне падабаецца гэтае «пакуль», — ласкава сказаў Хрыпаты. — А табе, Філ?
— Цямніце, Шугарце, — сказаў Кашчавы буркліва. — А чаго цямніць, пытаньне?
— Спэцыяльнасьць такая, — сказаў Рэдрык. — Цёмныя справункі. Цяжкая ў нас з вамі спэцыяльнасьць.
— Ну добра, — сказаў Хрыпаты. — А дзе фотаапарат?
— А, чорт! — прагаварыў Рэдрык. Ён пацёр шчокі пальцамі, адчуваючы, як фарба залівае ягоны твар. — Вінаваты, — сказаў ён. — Начыста забыўся.
— Там? — спытаў Хрыпаты, робячы няпэўны рух цыгарай.
— Ня памятаю… — Ён заплюшчыў вочы і адкінуўся на сьпінку канапы. — Не, начыста ня памятаю.
— Шкада, — сказаў Хрыпаты. — Але вы, прынамсі, хоць бачылі гэтую штуку?
— Ды не ж, — з прыкрасьцю сказаў Рэдрык. — У тым жа й справа. Мы ж не дайшлі да заводу. Барбрыдж уляпаўся ў «ведзьмін халадзец», і мне давялося адразу завярнуць аглоблі… Калі б я яе ўбачыў, ужо будзьце ўпэўненыя, я б не забыўся…
— Слухай-ка, Х’ю, паглядзі! — шэптам сказаў раптам Кашчавы. — Што гэта такое?
Ён сядзеў, выцягнуўшы ўказальны палец правай рукі. Вакол пальца ў яго круціўся той самы белы мэталічны абруч, і Кашчавы глядзеў на гэты абруч, вылупіўшы вочы.
— Ён не спыняецца! — гучна сказаў Кашчавы, пераводзячы круглыя вочы з абруча на Хрыпатага і назад.
— Што значыць — не спыняецца? — асьцярожна спытаў Хрыпаты.
— Я надзеў яго на палец і крутануў разок — проста так… і ён ужо цэлую хвіліну не спыняецца!
Ён раптам ускочыў і, трымаючы выцягнуты палец перад сабой, пабег за парцьеру. Кольца, серабрыста пабліскваючы, мерна круцілася перад ім, як самалётны прапэлер.
— Што гэта вы нам прынесьлі? — спытаў Хрыпаты.
— Чорт яго ведае, — сказаў Рэдрык. Я й ня ведаў… Ведаў бы — садраў пабольш.
Хрыпаты некаторы час глядзеў на яго, потым устаў і таксама адышоў за парцьеру. Там зараз жа забубнілі галасы. Рэдрык выцягнуў цыгарэту, запаліў, падабраў з падлогі нейкі часопіс і пачаў расьсеяна перагортваць. У часопісе было паўнюсенька тугазадых прыгажунь, але чамусьці было зараз моташна глядзець на іх, і Рэдрык адшпурнуў часопіс і пашнарыў вачыма па нумары, шукаючы што-небудзь выпіць. Потым ён дастаў з унутранай кішэні пачак і пералічыў паперкі. Усё было правільна, але, каб не заснуць, ён пералічыў і другі пачак. Калі ён хаваў яго ў кішэню, вярнуўся Хрыпаты.