— Стоп, — сказаў Рэдрык. — Спыні вось тут.
Ён памацаў у кішэні. Дробязі не было, давялося разьмяняць новую крэдытку. Потым ён пастаяў каля варот і пачакаў, пакуль таксі зьедзе. Катэджык у Сьцярвятніка быў нядрэнны: два паверхі, зашклёны флігель зь більярднай, дагледжаны садок, аранжарэя, белая альтанка сярод яблынь. І вакол усяго гэтага — узорныя жалезныя краты, выфарбаваныя зялёнай алейнай фарбай. Рэдрык некалькі разоў націснуў кнопку званка — фортка зь лёгкім рыпам адчыніліся. Рэдрык нетаропка рушыў па пясчанай дарожцы, абсаджанай ружовымі кустамі, а на ґанку катэджу ўжо стаяў Сусьлік, скрукаваны і чорна-барвовы. Ён увесь азартна дрыжаў ад жаданьня дагадзіць. Ад нецярпеньня павярнуўшыся бокам, ён спусьціў з прыступкі адну нагу, сутаргава намацаў ёй апору, уґрунтаваўся на ніжняй прыступцы і стаў цягнуць да ніжняй прыступкі другую нагу, пры гэтым усё тузаючы і тузаючы ў бок Рэдрыка здаровай рукой: зараз, маўляў, зараз…
— Гэй, Рыжы! — паклікаў Рэдрыка з саду жаночы голас. Ён павярнуў галаву і ўбачыў сярод зеляніны пад белым ажурным дахам альтанкі голыя смуглявыя плечы, чорныя распушчаныя валасы, ярка-чырвоны рот, і руку, якая яму махала. Ён кіўнуў Сусьліку, зьвярнуў з дарожкі і напралом, праз ружовыя кусты, па мяккай зялёнай траве накіраваўся да альтанкі.
На лужку перад альтанкай быў разасланы велізарны чырвоны мат, а на маце сядзела са шклянкай у руцэ Дзіна Барбрыдж у амаль нябачным купальным касьцюме, побач валялася кніжка ў стракатай вокладцы, і тут жа ў цяньку пад кустом стаяла бліскучае вядзерца зь лёдам, зь якога тырчала вузкае доўгае рыльца бутэлькі.
— Здароў, Рыжы, — сказала Дзіна Барбрыдж, робячы прывітальны рух шклянкай. — А дзе ж татухен? Зноў пагарэў?
Рэдрык падышоў і спыніўся, завёўшы рукі з партфэлем за сьпіну, гледзячы на яе зьверху ўніз. Так, дзяцей сабе Сьцярвятнік у кагосьці ў Зоне выпрасіў на славу. Уся яна была атлясная, пышна-шчыльная, без адзінае заганы, без адзінай лішняй складкі, паўтараста фунтаў дваццацігадовай спакусьлівай плоці, і яшчэ смарагдавыя вочы, якія сьвяціліся знутры, і яшчэ вялікі вільготны рот і роўныя белыя зубы, і яшчэ вараныя валасы, блішчастыя пад сонцам, нядбайна кінутыя на адно плячо; і сонца так і хадзіла па ёй, пераліваючыся з плячэй на жывот і на сьцёгны, пакідаючы цені паміж амаль голымі грудзьмі. Ён стаяў над ёю і адкрыта разглядаў яе, а яна глядзела на яго зьнізу ўверх, здагадліва ўсьміхаючыся, а потым паднесла шклянку да вуснаў і зрабіла некалькі глыткоў.
— Хочаш? — спытала яна, аблізваючы вусны, і, счакаўшы роўна столькі, каб двухсэнсоўнасьць дайшла да яго, працягнула яму шклянку.
Ён адвярнуўся, пашукаў вачыма і, знайшоўшы побач у цені шэзлёнг, усеўся i выцягнуў ногi.
— Барбрыдж у шпіталі, — сказаў ён. — Ногі яму адрэжуць.
Па-ранейшаму ўсьміхаючыся, яна глядзела на яго адным вокам — іншае хавала шчыльная хваля валасоў, якая ўпала на плячо, — толькі ўсьмешка ейная зрабілася нерухомай, цукровы выскал на смуглым твары. Потым яна машынальна пагайдала шклянку, нібыта прыслухаўшыся да бразґаньня льдзінак аб сьценкі, і спытала:
— Абедзьве нагі?
— Абедзьве. Можа быць, да каленяў, а можа, і вышэй.
Яна паставіла шклянку і адвяла з твару валасы. Яна больш не ўсьміхалася.
— Шкада, — сказала яна. — Што жа ты…
Менавіта ёй, Дзіне Барбрыдж, ён мог бы падрабязна распавесьці, як усё гэта здарылася, і як усё гэта было. Напэўна, ён мог бы ёй распавесьці нават, як вяртаўся да машыны, трымаючы напагатове кастэт, і як Барбрыдж прасіў — не за сябе прасіў, за дзяцей, за яе і за Арчы, і абяцаў Залаты шар. Але ён ня стаў распавядаць. Ён моўчкі палез за пазуху, выцягнуў пачак асыгнацыяў і кінуў яго на чырвоны мат, прама да голых доўгіх ног Дзіны. Банкноты разьляцеліся вясёлкавым веерам, і Дзіна расьсеяна ўзяла некалькі штук і стала іх разглядаць, нібы бачыла ўпершыню, але ня вельмі цікавілася.
— Апошняя атрымка, значыць, — прамовіла яна.
Рэдрык перагнуўся з шэзлёнга, дацягнуўся да вядзерца, выцягнуў бутэльку і зірнуў на ярлык. Па цёмным шкле сьцякала вада, і Рэдрык адвёў бутэльку ў бок, каб ня капала на штаны. Ён не любіў дарагіх віскі, але зараз можна было сербануць і гэтага. І ён ужо нацэліўся сербануць прама з рыльца, але яго спынілі невыразныя пратэстныя гукі за сьпіной, ён азірнуўся і ўбачыў, што праз лужок, пакутліва перастаўляючы крывыя ногі, з усіх сілаў сьпяшаецца Сусьлік, трымаючы перад сабой у абедзьвюх руках высокую шклянку з празрыстай сумесьсю. Ад стараннасьці пот градам каціўся па ягоным чорна-барвовым твары, налітыя крывёю вочы зусім вылезьлі з арбіт, і, убачыўшы, што Рэдрык глядзіць на яго, ён ледзь не з адчаем працягнуў перад сабой шклянку і зноў ня тое замыкаў, ня тое заскуголіў, шырока і бясьсільна раскрываючы бяззубы рот.