Яму здорава пашанцавала. Па Сямнаццатай вуліцы валіла, гарлапанячы і пылячы, чарговае шэсьце нейкае лігі — чалавек дзьвесьце доўгавалосых дурняў і стрыжаных дурніцаў з дурацкімі транспарантамі, такіх жа растрыбушаных і неахайных, як ён сам, і нават горш, быццам усе яны таксама толькі што прадзіраліся праз лазы ў платах, перакульвалі на сябе сьмецьцевыя бакі, ды яшчэ папярэдне правялі бурную ночку на вугальным складзе ў дадатак. Ён вынырнуў з падваротні, з ходу ўрэзаўся ў гэты натоўп і наўскасяк, штурхаючыся, наступаючы на ногі, атрымліваючы па вуху і даючы рэшты, прадраўся на другі бок вуліцы і зноў нырнуў у падваротню якраз у той момант, калі наперадзе пачулася знаёмае агіднае выцьцё патрульных машын і шэсьце спынілася, сьціскаючыся гармонікам. Але ён ужо быў у другім квартале, і капітан Квотэрблад ня мог ведаць, у якім менавіта.
Ён выйшаў на свой гараж з боку складу радыётавараў, і яму давялося прачакаць некаторы час, пакуль рабочыя загружалі аўтакар велізарнымі кардоннымі скрынкамі з тэлевізарамі. Ён устроіўся ў чэзлых кустах бэзу перад глухой сьцяной суседняга дому, аддыхаўся трохі і выкурыў цыгарэту. Ён прагна курыў, прысеўшы на кукішкі, прыхіліўшыся сьпіной да жорсткай тынкоўкі брандмаўэра, час ад часу прыкладваючы руку да шчакі, каб суняць нэрвовы цік, і думаў, думаў, думаў, а калі аўтакар з рабочымі з гудзеньнем пакаціў у падваротню, ён засьмяяўся і нягучна сказаў яму ўсьлед: «Дзякуй вам, хлопцы, затрымалі дурня… далі падумаць», і з гэтага моманту ён пачаў дзейнічаць хутка, але без пасьпешлівасьці, спрытна, прадумана, нібы працаваў у Зоне, — ужо ня як уцякач, а як сталкер.
Ён пракраўся ў свой гараж праз таемны лаз, бясшумна прыбраў пустую скрыню, засунуў руку ў кош, асьцярожна дастаў скрутак і сунуў яго за пазуху. Затым ён зьняў зь цьвіка старую пацёртую скуранку, знайшоў у куце замасьленае кепі і абедзьвюма рукамі нацягнуў яго нізка на лоб. Скрозь шчыліны варот у паўцемру гаража падалі вузкія палосы сонечнага сьвятла, поўныя бліскучых пылінак, у двары азартна вішчалі дзеткі, і, ужо зьбіраючыся сыходзіць, ён раптам пазнаў голас дачкі. Тады ён прыпаў вокам да найшырэйшае шчыліны і некаторы час глядзеў, як Мартышка, размахваючы двума балёнікамі, бегае вакол арэляў, а дзьве старыя суседкі зь вязаньнем на каленях сядзяць тут жа на лавачцы і глядзяць на яе, непрыязна падціснуўшы вусны. Абменьваюцца сваімі сьмярдзючымі думкамі, старыя сукі. А дзеткі — нічога, гуляюць зь ёй як нічога не было, нездарма ён да іх падлізваўся, як умеў, і арэлі гэтыя зрабіў для іх, і горку драўляную, і лялечную хатку. І лаўку гэтую, на якой сядзяць старыя сукі, таксама ён зрабіў. «Ладна», — сказаў ён аднымі вуснамі, адарваўся ад шчыліны, апошняга разу агледзеў гараж і нырнуў у лаз.
На паўднёва-заходняй ускраіне горада, каля закінутай бэнзакалёнкі, была будка тэлефона-аўтамата. Бог ведае, хто тут ёю карыстаўся — вакол былі пазабіваныя хаты, а далей на поўдзень расьсьцілалася неабсяжная пустка былое гарадзкое звалкі. Рэдрык сеў у цені будкі прама на зямлю і засунуў руку ў шчыліну пад будкай. Ён намацаў прамасьленую паперу і дзяржаньне пісталета, загорнутага ў гэтую паперу. Ацынкаваная каробка з патронамі таксама была на месцы, і мяшэчак з «бранзалетамі», і стары партманэт з падробленымі дакумэнтамі — тайнік быў у парадку. Тады ён зьняў зь сябе скуранку і кепі і палез за пазуху. З хвіліну ён сядзеў, узважваючы на далоні фарфоравы балёнчык зь неадольнай і немінучай сьмерцю ўнутры. І тут ён адчуў, як у яго зноў заторгала шчаку.
— Шугарт, — сказаў ён услых. — Што ж ты, зараза, робіш? Падла ты, яны ж гэтай штукай усіх нас перадушаць… — Ён прыціснуў далоньню шчаку, але гэта не дапамагло. — Сукі, — сказаў ён пра рабочых, што грузілі тэлевізары на аўтакар. — Трапіліся ж вы мне на дарозе… Кінуў бы яе, сьцерву, назад у Зону, і канцы ў ваду… — Ён з сумам агледзеўся. Над патрэсканым асфальтам дрыжала гарачае паветра, панура глядзелі пазабіваныя вокны, над пусткай блукалі пылавыя чорцікі. Ён быў адзін. — Добра, — сказаў ён рашуча. — Кожны за сябе, адзін бог за ўсіх. На наш век хопіць…
Пасьпешліва, каб не перадумаць зноў, ён засунуў балён у кепі і загарнуў кепі ў скуранку. Потым ён сеў на кукішкі і, наваліўшыся, зьлёгку нахіліў будку. Тоўсты скрутак лёг на дно ямкі, і яшчэ засталося шмат вольнага месца. Потым ён асьцярожна апусьціў будку, пагайдаў яе дзьвюма рукамі і падняўся, атрасаючы далоні.