— І ўсё, — сказаў ён. — І квіта.
Ён залез у распаленую сьпякоту будкі, апусьціў манэту і набраў нумар.
— Гута, — сказаў ён. — Ты, калі ласка, не хвалюйся. Я зноў папаўся. — Яму было чуваць, як яна сутаргава ўздыхнула, і ён пасьпешліва сказаў: — Ды глупства гэта ўсё, месяцаў шэсьць-восем… і са спатканьнямі… Перажывем. А бяз грошай ты ня будзеш, грошы табе дашлюць. — Яна ўсё маўчала. — Заўтра цябе выклічуць у камэндатуру, там убачымся. Мартышку прывядзі.
— Ператрусу ня будзе? — спытала яна глуха.
— А хоць бы і быў. Дома чыста. Нічога, трымай хвост трубой. Пайшла за сталкера, цяпер ня скардзіся. Ну, да заўтра… Май на ўвазе, я табе не тэлефанаваў. Цалую ў дупку.
Ён рэзка павесіў слухаўку і некалькі сэкундаў стаяў, зажмурыўшыся з усіх сілаў, сашчаміўшы зубы так, што зазьвінела ў вушах. Потым ён зноў кінуў манэтку і набраў іншы нумар.
— Слухаю вас, — сказаў Хрыпаты.
— Гаворыць Шугарт, — сказаў Рэдрык. — Слухайце ўважліва і не перабівайце…
— Шугарт? — вельмі натуральна зьдзівіўся Хрыпаты. — Які Шугарт?
— Не перабівайце, я кажу! Я папаўся, уцёк і зараз іду здавацца. Мне дадуць гады два з паловай ці тры. Жонка застаецца бяз грошай. Вы яе забясьпечыце. Каб яна ні ў чым ня мела патрэбы, зразумела? Зразумела, я вас пытаю?
— Працягвайце, — сказаў Хрыпаты. — Ну і псых тэлефануе, — сказаў ён камусьці ў бок. — Ачмурэць можна.
— Фарфор ляжыць пад тэлефоннай будкай нумар трыста сорак сем, гэта ў самым канцы Гарняцкай вуліцы, дзе закінутая бэнзакалёнка. Трыста сорак сем, у самым канцы Гарняцкай. Хочаце — бярыце, хочаце — не, але жонка мая каб ні ў чым ня мела патрэбы. Нам яшчэ працаваць і працаваць. А калі я вернуся і даведаюся, што вы згулялі нячыста… Я вам ня раю гуляць нячыста. Зразумела?
— Я ўсё зразумеў, — сказаў Хрыпаты. — Дзякуй. — Потым, памарудзіўшы трохі, спытаў: — Можа быць, адваката?
— Не, — сказаў Рэдрык. — Усе грошы да апошняга медзяка — жонцы. З прывітаньнем.
Ён павесіў слухаўку, агледзеўся, глыбока засунуў рукі ў кішэні і нетаропка пайшоў уверх па Гарняцкай вуліцы паміж пустымі пазабіванымі хатамі.
3. Рычард Г. Нунан, 51 год, прадстаўнік пастаўшчыкоў электроннага абсталяваньня пры Гармонцкім філіяле МІПК
Рычард Г. Нунан, прадстаўнік «Сайман кібэрнэтыкс», «Міцубісі дэнсі» і «АҐ Электронэнвіртшафт» пры Гармонцкім філіяле Міжнароднага інстытуту пазазямных культураў, сядзеў за сталом у сваім кабінэце і маляваў чорцікаў у велізарным нататніку для дзелавых занатовак. Пры гэтым ён лагодна ўсьміхаўся, ківаў лысай галавой і ня слухаў свайго суразмоўцу. Суразмоўца рабіў, дакладней, уяўляў, што робіць яму ўтык.
— Мы гэта ўлічым, Валянціне, — сказаў, нарэшце, Нунан, дамаляваўшы дзясятага для роўнага рахунку чорціка і зачыняючы нататнік. — Насамрэч — бязладзьдзе.
Валянцін працягнуў тонкую руку і акуратна строс попел у попельніцу.
— Што менавіта вы ўлічыце, Дыку? — ветліва запытаўся ён.
— Усё, што вы сказалі, да апошняга слова, — весела адказаў Нунан, адкідваючыся ў крэсьле.
— А што я сказаў?
— Гэта ня важна, — сказаў Нунан. — Што б вы ні сказалі, усё будзе ўлічана.
Валянцін сядзеў перад ім у крэсьле для наведвальнікаў, маленькі, зґрабны, акуратны, на замшавай куртачцы — ні плямкі, на падшморгнутых штанах — ні зморшчынкі, асьляпляльная кашуля, строгі аднакаляровы гальштук, зіхатлівыя чаравікі, на тонкіх бледных вуснах — дзіўная ўсьмешка, велізарныя чорныя акуляры хаваюць вочы, над шырокім нізкім ілбом — чорныя валасы жорсткім вожыкам.
— Па-мойму, вам дарма плацяць ваша фантастычнае жалаваньне, — сказаў ён. — Мала таго, па-мойму, вы сабатажнік, Дыку.
— Чш-ш! — вымавіў Нунан шэптам. — Богам прашу, ня так гучна.
— Насамрэч, — працягваў Валянцін. — Я даволі даўно сачу за вамі: па-мойму, вы зусім не працуеце.
— Адну хвілінку, — перарваў яго Нунан і памахаў ружовым тоўстым пальцам. — Як гэта — не працую? Хіба хоць адна рэклямацыя засталася без адказу?
— Ня ведаю, — сказаў Валянцін і зноў строс попел. — Прыходзіць добрае абсталяваньне, прыходзіць дрэннае абсталяваньне. Добрае прыходзіць часьцей, а пры чым тут вы — ня ведаю!
— Вось калі б ня я, — запярэчыў Нунан, — добрае прыходзіла б радзей. Акрамя таго, вы, навукоўцы, увесь час псуеце добрае абсталяваньне, а потым заяўляеце рэклямацыю, і хто вас тады пакрывае? Вось, напрыклад, што вы зрабілі са «знайдай»? Цудоўны апарат, бліскуча паказаў сябе ў геолягаразьведцы, устойлівы, аўтаномны… А вы ганялі яго ў абсалютна ненармалёвых рэжымах, запалілі мэханізм, як старога каня…