— Напаілі ня ў час і не задалі аўса, — заўважыў Валянцін. — Конюх вы, Дыку, а не прамысловец!
— Конюх, — задуменна паўтарыў Нунан. — Гэта ўжо лепш. Вось некалькі гадоў таму тут працаваў доктар Паноў, вы яго, напэўна, ведалі, ён потым загінуў… Дык вось, ён меркаваў, што маё прызваньне — разводзіць кракадзілаў.
— Я чытаў ягоныя працы, — сказаў Валянцін. — Вельмі сур’ёзны і ґрунтоўны чалавек. На вашым месцы я б прызадумаўся над ягонымі словамі.
— Добра. Памяркую на вольным часе… Вы мне лепш скажыце, чым учора скончыўся пробны запуск СК-3?
— СК-3? — паўтарыў Валянцін, моршчачы бледны лоб. — А… «Скамарох». Нічога асаблівага. Па маршруце прайшоў добра, прынёс некалькі «бранзалетаў» і нейкую пласьцінку невядомага прызначэньня… — Ён памаўчаў. — І спражку ад шлеек фірмы «Люкс».
— А што за пласьцінка?
— Сплаў ванадыю, пакуль цяжка сказаць дакладней. Паводзіны нулявыя.
— Чаму тады СК яго прыцягнуў?
— Спытайце ў фірмы. Гэта ўжо па вашай частцы.
Нунан пастукаў аловачкам па нататніку.
— У рэшце рэшт гэта ж быў пробны запуск, — прагаварыў ён. — А можа быць, пласьцінка разрадзілася… Ведаеце, што я вам параю? Закіньце яе зноў у Зону, а празь дзень-другі пашлеце за ёй «знайду». Я памятаю, у пазамінулым годзе…
Зазваніў тэлефон, і Нунан, адразу забыўшыся на Валянціна, схапіў слухаўку.
— Містэру Нунане? — спытала сакратарка. — Вас зноў пытае пан Лемхэн…
— Злучайце…
Валянцін падняўся, паклаў патухлы недакурак у попельніцу, падняў руку, паварушыў на разьвітаньне пальцамі і выйшаў — маленькі, прамы, зьвязлы.
— Містэру Нунане? — пачуўся ў слухаўцы знаёмы марудлівы голас.
— Слухаю вас.
— Нялёгка застаць вас на працоўным месцы, містэр Нунан.
— Я прымаў новую партыю…
— Так, я ўжо ведаю. Містэр Нунан, я прыехаў ненадоўга, ёсьць некалькі пытаньняў, якія неабходна абмеркаваць пры асабістай сустрэчы. Маюцца на ўвазе апошнія кантракты «Міцубісі дэнсі». Юрыдычны бок.
— Да вашых паслуг.
— Тады, калі вы не пярэчыце, хвілін праз трыццаць у канторы нашага аддзяленьня. Вас задавольвае?
— Цалкам. Праз трыццаць хвілін.
Рычард Нунан паклаў слухаўку, узьняўся і, паціраючы пульхныя рукі, прайшоўся па сваім кабінэце. Ён нават засьпяваў нейкі модны шлягер, даў пеўня і лагодна засьмяяўся зь сябе. Затым ён узяў капялюш, перакінуў праз руку плашч і выйшаў у прыёмную.
— Дзетка, — сказаў ён сакратарцы. Мяне панесла па кліентах. Заставайцеся камандаваць гарнізонам, утрымлівайце, як той казаў, крэпасьць, а я вам прынясу шакалядку.
Сакратарка расквітнела. Нунан паслаў ёй паветраны пацалунак і пакаціўся па калідорах. Некалькі разоў яго спрабавалі злавіць за крысо — ён ухіляўся, аджартоўваўся, прасіў утрымліваць пазыцыі і ў рэшце рэшт, так нікім і ня ўлоўлены, выкаціўся з будынку, звыкла ўзмахнуўшы перад носам у сэржанта неразгорнутым пропускам.
Над горадам віселі нізкія хмары, парыла, грукаталі грымоты. Першыя няўпэўненыя кроплі дажджу чорнымі зорачкамі расплываліся па асфальце.
Накінуўшы плашч на галаву і плечы, Нунан затрухаў уздоўж шэрагу машын да свайго «Пэжо», адчыніў дзьверцы, нырнуў унутр і, сарваўшы з галавы плашч, кінуў яго на задняе сядзеньне. Затым з бакавой кішэні пінжака ён выцягнуў чорную круглую палачку «этака», уставіў у акумулятарнае гняздо, вялікім пальцам засунуў да пстрычкі; паёрзаў задам, ямчэй уладзіўся за рулём і націснуў на пэдаль. «Пэжо» бязгучна выкаціўся на сярэдзіну вуліцы і, набіраючы хуткасьць, панёсься да выхаду з прызоньніка.
Дождж лінуў раптоўна, разам, як быццам у нябёсах перакулілі чан з вадой. Нунан запусьціў «дворнікі» і зьнізіў хуткасьць. Брук зрабіўся сьлізкім, машыну заносіла на паваротах. Такім чынам, рапарт атрыманы, думаў Нунан. Зараз нас хваліцьмуць. Што ж, я — за. Я люблю, калі мяне хваляць. Асабліва калі хваліць сам пан Лемхэн. Дзіўная рэч, чаму мне гэта так падабаецца? Грошай мне не прыбавяць. Славы? Якая ў нас можа быць слава? Слава, пра якую ведаюць тры чалавекі. Ну, скажам, чатыры, калі лічыць Бэйліса. Забаўная істота — чалавек… Падобна, мы любім пахвалу як такую. Як дзеткі — марозіва. Комплекс непаўнавартасьці — вось што. Пахвала цешыць нашыя комплексы. І вельмі па-дурному. Як я магу падняцца ва ўласных вачах? Што я — сам сябе ня ведаю? Старога тоўстага Рычарда Г. Нунана? А дарэчы, што такое гэтае «Г.»? Вось табе і на! І спытаць няма ў каго… Не ў пана ж Лемхэна пытацца! А, згадаў! Гербэрт. Рычард Гербэрт Нунан. Ну і лье…
Ён вывярнуў на Цэнтральны прашпэкт і раптам падумаў: да чаго моцна вырасла мястэчка за апошнія гады. Якія хмарачосы адгакалі… Вунь яшчэ адзін будуюць! Гэта што ж будзе ў нас? А, луна-комплекс — найлепшыя ў сьвеце джазы і публічны дом на тысячу станкоў, усё для нашага доблеснага гарнізону… і для нашых храбрых турыстаў, асабліва пажылых… і для высакародных рыцараў навукі… А ўскраіны пусьцеюць. Ужо няма куды вяртацца нябожчыкам, што паўсталі з магіл.