— Гм… — вымавіў Нунан. «Пачынаецца», — падумаў ён.
— Вас нават зьбіраліся прадставіць да ордэна, — працягваў Лемхэн. — Але я прапанаваў пачакаць. І правільна зрабіў. — Ён, нарэшце, адарваўся ад сузіраньня фігуры зь дзесяці пальцаў і паглядзеў на Нунана спадылба. — Вы спытаеце мяне, чаму я праявіў такую, здавалася б, празьмерную асьцярожнасьць.
— Напэўна, у вас былі да таго падставы, — ветліва сказаў Нунан.
— Так, былі. Бо што атрымлівалася з вашага рапарту, Рычардзе? Група «Мэтраполь» зьліквідаваная. Праз вашыя намаганьні. Група «Зялёная кветачка» ўзятая ў хапку ў поўным складзе. Бліскучая работа. Таксама вашая. Групы «Вар», «Квазімода», «Вандроўныя музыкі» і ўсе іншыя, я ня памятаю іхных назваў, самаліквідаваліся, усьвядоміўшы, што ня сёньня, дык заўтра іх накрыюць. Гэта ўсё насамрэч так і было, усё пацьвярджаецца перакрыжаванай інфармацыяй. Поле бою ачысьцілася. Яно засталося за вамі, Рычард. Праціўнік у беспарадку адступіў, несучы вялікія страты. Я правільна выклаў сытуацыю?
— У кожным разе, — асьцярожна сказаў Нунан, — апошнія тры месяцы ўцечка матэрыялаў з Зоны праз наш горад спынілася… Прынамсі, па маіх зьвестках, — дадаў ён.
— Праціўнік адступіў, ці ня так?
— Ну, калі вы настойваеце менавіта на гэтым выразе… то так.
— Ня так! — сказаў Лемхэн. — Справа ў тым, што гэты праціўнік ніколі не адступае. Я гэта ведаю цьвёрда. І менавіта таму я прапанаваў устрымацца ад неадкладнага прадстаўленьня вас да ўзнагароды.
У труне я бачыў такія і такія твае ўзнагароды, думаў Нунан, разгойдваючы нагой і панура гледзячы на мітусьлівы насок чаравіка. У сартыр я твае такія і такія ордэны вешаў. Таксама мне мараліст, я і безь цябе ведаю, з кім я тут маю справу, няма чаго мне мараль чытаць, які такі й такі ў мяне праціўнік. Так і скажы проста й ясна, дзе, як і што я прапляскаў… што гэтыя сволачы задумалі яшчэ, дзе, як, якія знайшлі шчыліны… і без прадмоў па магчымасьці, я табе не дашкольнік смаркаты.
— Што вы чулі пра Залаты шар? — спытаў раптам Лемхэн. Госпадзе, Залаты шар тут прычым, з раздражненьнем падумаў Нунан. Так тваю маці з тваёй манэрай размаўляць.
— Залаты шар ёсьць легендай, — нудным голасам адрапартаваў ён. — мітычным майстраваньнем у Зоне, якое мае форму і выгляд нейкага Залатога шара, прызначанага для выкананьня чалавечых жаданьняў.
— Любых?
— У адпаведнасьці з кананічным тэкстам легенды — любых. Існуюць, аднак, варыянты.
— Так, — вымавіў Лемхэн. — А што вы чулі пра «сьмерць-лямпу»?
— Восем гадоў таму сталкер на імя Стэфан Норман і па мянушцы Акулярык вынес з Зоны нейкую прыладу, якая прадстаўляла сабой, па чутках, нешта накшталт сыстэмы выпраменьвальнікаў, сьмертаносна дзеючых на зямныя арганізмы. Згаданы Акулярык гандляваў гэты агрэгат інстытуту. У цане яны не сышліся, Акулярык зышоў у Зону і не вярнуўся. Дзе знаходзіцца цяпер агрэгат — невядома. У інстытуце дагэтуль ірвуць на сабе валосьсе. Вядомы вам Х’ю з «Мэтраполя» прапаноўваў за гэты агрэгат любую суму, якая ўмесьціцца на лістку чэкавай кніжкі.
— Усё? — спытаў Лемхэн.
— Усё, — адказаў Нунан. Ён дэманстратыўна аглядаў пакой. Пакой быў нудны, глядзець не было на што.
— Так, — сказаў Лемхэн. — А што вы чулі пра «рачынае вока»?
— Пра чыё вока?
— Пра рачынае. Рак, ведаеце? — Лемхэн пастрыг паветра двума пальцамі. — З клюшнямі…
— Першы раз чую, — сказаў Нунан, нахмурыўшыся.
— Ну, а што вы ведаеце аб «грымучых сурвэтках»?
Нунан зьлез са стала і стаў перад Лемхэнам, засунуўшы рукі ў кішэні.
— Нічога ня ведаю, — сказаў ён. — А вы?
— Нажаль, я таксама нічога ня ведаю ні пра «рачынае вока», ні пра «грымучыя сурвэткі». А між тым яны існуюць.
— З маёй Зоны? — спытаў Нунан.
— Вы сядзьце, сядзьце, — сказаў Лемхэн, памахваючы далоньню. — Наша размова толькі пачынаецца. Сядзьце.
Нунан абмінуў стол і ўсеўся на жорсткае крэсла з высокай сьпінкай. Куды гне? — ліхаманкава думаў ён. Што яшчэ за навіны? Напэўна, знайшлі што-небудзь у іншых зонах, а ён мяне разыгрывае, скаціна, так яго і ня так. Заўсёды ён мяне не любіў, стары хрэн, ня можа забыць таго вершыка…
— Працягнем наш маленькі экзамэн, — прагаварыў Лемхэн, адхінуў парцьеру і выглянуў на двор. — Лье, — паведаміў ён. — Люблю. — Ён адпусьціў парцьеру, адкінуўся ў крэсьле і, гледзячы ў столь, спытаў: — Як пажывае стары Барбрыдж?
— Сьцярвятнік Барбрыдж памяняў спэцыяльнасьць. Трымае чатыры бары, вясёлы дом і, акрамя таго, гандлюе, па-відаць, сваёй дачкой… не ў прамым, праўда, сэнсе. Пастаўляе клішэ для падпольных парнографаў. А можа быць, зрэшты, і ў прамым. Апошнім часам я ім не цікаўлюся. Ён калека, у сродках ня мае патрэбы, у Зону ня ходзіць.