Нунан выцягнуў насоўку і выцер шыю і патыліцу.
— Нічога ня думаю, — прасіпеў ён сумленна. — Прабачце, шэф, я зараз наогул не магу думаць. Дайце аддыхацца… Барбрыдж… Можаце падцерціся маім паслужным сьпісам, але Барбрыдж ня мае ніякага дачыненьня да Зоны! Я ведаю кожны ягоны крок! Ён ладзіць папойкі і пікнікі на азёрах, ён абрывае добрыя грошы, і яму проста не патрэбна… Прабачце, я лухту, вядома, вярзу, але запэўніваю вас, я не губляю Барбрыджа з-пад увагі з той пары, як ён выйшаў са шпіталю!
— Я вас больш не затрымліваю, — сказаў Лемхэн. — Даю тыдзень тэрміну. Прадстаўце меркаваньні, якім чынам матэрыялы з Зоны могуць трапляць у рукі Барбрыджа… і ўсёй іншай сволачы. Да пабачэньня.
Нунан падняўся, няёмка кіўнуў у профіль пана Лемхэна і, працягваючы выціраць хусткай потную шыю, выйшаў у прыёмную. Смуглы малады чалавек курыў, задуменна гледзячы ў нетры паразварочванай электронікі. Ён мелькам зірнуў у бок Нунана, вочы ў яго былі пустыя, зьвернутыя ўнутр. Рычард Нунан сяк-так насунуў капялюш, сунуў плашч пад паху і пайшоў прэч. Такога са мной, бадай, яшчэ не бывала, бязладна думаў ён. Трэба ж — Насаты Бэн-Галеві, ужо мянушку пасьпеў зарабіць… Калі? Гэткі шыбзьдзік, сопляй перабіць можна… хлапчук… Не, усё гэта ня тое… Ах ты, сволач бязногая! Як жа ты мяне ўеў! Без штаноў жа пусьціў, бруднымі шкарпэткамі накарміў… Як жа гэта магло здарыцца? Гэтага ж проста не магло здарыцца! Прама як тады, у Сынгапуры — пысай аб стол, патыліцай аб сьцяну…
Ён сеў у аўтамабіль і некаторы час, нічога не цямячы, мацаў пальцамі па шчытку, шукаючы ключ запальваньня. З капелюша цякло на калені, ён зьняў яго і ня гледзячы шпурнуў на задняе сядзеньне. Дождж заліваў пярэдняе шкло, і Рычарду Нунану ўяўлялася чамусьці, што менавіта з-за гэтага ён ніяк ня можа зразумець, што ж рабіць далей. Усьвядоміўшы гэта, ён з размаху стукнуў сябе кулаком у лысы лоб. Палягчэла. Згадаў, што ключа запальваньня няма і быць ня можа, а ёсьць у кішэні «этак». «Вечны акумулятар». І трэба яго выцягнуць з кішэні, маці яго сучую за нагу, і ўставіць у прыёмнае гняздо, і тады можна будзе, прынамсі, куды-небудзь паехаць, далей ад гэтага дому, дзе з акна за ім напэўна назірае гэтая старая бручка… Рука Нунана з «этакам» замерла напаўдарозе. Так. З каго пачаць — я, прынамсі, ведаю. Вось зь яго і пачну. Вох, як я зь яго пачну! Ніхто ні з каго ніколі так не пачынаў, як пачну зь яго я зараз. І з такім задавальненьнем. Ён уключыў дворнікі і пагнаў машыну ўздоўж бульвару, амаль нічога не бачачы перад сабой, але ўжо пакрысе супакойваючыся. Нічога. Хай як у Сынгапуры. У рэшце рэшт у Сынгапуры ж усё скончылася ўдачна. Падумаеш, разок пысай аб стол… Магло быць і горш. Магло быць ня пысай і не аб стол… а аб што-небудзь зь цьвікамі. Госпадзе, як проста ўсё гэта можна было б зрабіць! Згрэбці ў адну кучу ўсю гэтую сволач, засадзіць гадоў на пятнаццаць… або выслаць да чортавай маці! У Расеі вось пра сталкераў і ня чулі. Там вакол Зонаў сапраўды сталёвы бар’ер, нікога лішняга, ні турыстаў гэтых сьмярдзючых, ні Барбрыджаў… ні швэдаў гэтых са сківіцамі, ідыётаў. Проста трэба, панове, проста! Ніякіх складанасьцяў тут, дальбог, ня трэба. Няма чаго табе рабіць у Зоне — да пабачэньня, на сто першы кілямэтр. Мо ў Расею падацца? Ня возьмуць… Добра, ня будзем адцягвацца. Дзе гэты бардачок? Не відаць ні чорта… Ага, вось ён.
Час быў няўрочны, але заклад «Пяць хвілін» зьзяў агнямі, што твой «Мэтраполь». Атрасаючыся, як сабака, што вылез з вады на бераг, Рычард Нунан уступіў у ярка асьветлены хол, прасмярдзелы тытунём, парфумэрыяй і кіслым півам. Стары Бэні, яшчэ безь ліўрэі, сядзеў за стойкай наўскасяк ад уваходу і нешта жэр, трымаючы відэлец у кулаку. Перад ім, разьмясьціўшы сярод пустых куфляў пачварны бюст, узвышалася Мадам — зажурыўшыся, глядзела, як ён есьць. У холе яшчэ нават не прыбіралі пасьля ўчорашняга. Калі Нунан увайшоў, Мадам зараз жа павярнула ў ягоны бок шырокі натынкаваны твар зь незадаволеным выразам, які тут жа расплыўся ў прафэсійнай усьмешцы.
— Го! — прабасіла яна. — Ніяк пан Нунан! Раньняя пташка! Дзяўчынкі яшчэ адпачываюць…
Бэні працягваў жэрці, ён быў глухаваты.
— Прывітаньне, бабулька! — адазваўся Нунан, падыходзячы. — Навошта мне дзяўчынкі, калі перада мной сапраўдная жанчына!
Бэні нарэшце заўважыў яго. Страшная маска ў сініх і барвовых шнарах, што замяняла яму твар, з натугай перакасілася ў прыветлівай усьмешцы.