Выбрать главу

— Ды не, бос… Далібог… — засьпяшаўся Маслак. — Каб я праваліўся! Якое там — спрачацца, і ў думках гэтага няма!

— Вышпурну я цябе, — сказаў задуменна Нунан. — Таму што альбо ты скурвіўся, альбо працаваць ня ўмееш. На якое ліха ты мне такі-сякі здаўся? Такіх, як ты, я на чацьвяртак дзясятак набяру. А мне сапраўдны чалавек патрэбны пры справе. Ты ж мне тут толькі дзяўчынак псуеш ды піва жарэш.

— Счакайце, бос, — разважліва сказаў Маслак, размазваючы кроў па пысе. — Што гэта вы адразу, з налёту… Давайце ўсё-ткі разьбярэмся. — Ён асьцярожна памацаў больку кончыкамі пальцаў. — Хабару, кажаце, шмат у Барбрыджа… Ня ведаю. Выбачаюся, вядома, але гэта вам хтосьці заліў. Ні ў кога цяпер хабару няма. У Зону ж адны смаркачы ходзяць, дык яны ж не вяртаюцца… Не, бос, гэта вам хтосьці залівае…

Нунан скоса сачыў за ім. Было падобна, што Маслак сапраўды нічога ня ведае. Ды яму й не выгодна было хлусіць. На Сьцярвятніку шмат не заробіш.

— Гэтыя пікнікі — выгодная справа? — спытаў ён.

— Ды ня так, каб вельмі… Рыдлёўкай не заграбеш… дык цяпер жа ў горадзе выгодных справаў не засталося.

— Дзе гэтыя пікнікі ладзяцца?

— Дык у розных месцах… ля Белай Гары, на гарачых крыніцах бываюць, на Вясёлкавых азёрах… Больш за ўсё, бадай, на гарачых крыніцах, там… гэта… у цёплай вадзіцы… — Ён гігікнуў і зараз жа прыціх. — Вось так.

— А якая кліентура?

Маслак зноў памацаў больку, паглядзеў на пальцы і сказаў давяральна:

— Калі вы, бос, хочаце самі за гэтую справу ўзяцца, я б вам ня раіў. Супраць Сьцярвятніка вам тут не пасьвеціць.

— Гэта чаму ж?

— У Сьцярвятніка кліентура: блакітныя каскі — раз, — Маслак пачаў загінаць пальцы. — Афіцэры з камэндатуры — два, турысты з «Мэтраполя», зь «Белай Лілеі», з «Прышэльца»… гэта тры. Потым у яго ўжо рэкляма пастаўленая, мясцовыя хлопцы таксама да яго ходзяць… Далібог, бос, ня варта з гэтым зьвязвацца. За дзяўчынак ён нам плаціць ня тое каб багата…

— Нават мясцовыя да яго ходзяць?

— Моладзь у асноўным.

— Ну і што там на пікніках робіцца?

— Што робіцца… Едзем туды на аўтобусах, так? Там ужо намёцікі, буфэт, музычка… Ну і кожны забаўляецца як хоча. Афіцэры больш зь дзяўчынкамі, турысты пруцца на Зону глядзець… калі ля гарачых крыніц, то да Зоны там рукою дастаць, прама за Лававай расколінай… Сьцярвятнік туды конскіх касьцей накідаў, вось яны і глядзяць…

— А мясцовыя?

— Мясцовым, вядома, гэта ўсё да фенькі… Так, забаўляюцца, хто як умее…

— А Барбрыдж?

— Дык а што Барбрыдж? Як усе, так і Барбрыдж…

— А ты?

— А што — я? Як усе, так і я… Гляджу, каб дзяўчынак ня крыўдзілі, і… гэта… ну, там… ну, як усе, увогуле.

— І колькі гэта працягваецца?

— Як калі. Калі трое сутак, а калі і ўвесь тыдзень.

— І колькі гэтае задавальненьне каштуе? — спытаў Нунан, думаючы зусім пра іншае. Маслак адказаў нешта, але Нунан яго ня чуў. Вось ён, прарэх, думаў ён. Некалькі сутак… некалькі начэй. Проста немагчыма ў гэтых умовах прасачыць за Барбрыджам, нават калі ты спэцыяльна задаўся гэтай мэтай, а не валяешся зь дзеўкамі і ня смокчаш піва, як гэта, несумненна, робіць мой мангольскі манарх… І ўсё-ткі нічога не зразумела, ён жа бязногі. А там расколіна… Не, тут нешта ня тое.

— Хто зь мясцовых езьдзіць пастаянна?

— Ды я ж кажу, больш моладзь… Самыя адорвы, якія ёсьць у горадзе. Ну там… Галеві. Ражба. Кураня Цапфа… гэты… Цмыг… Ну, Мальтыец бывае. Цёплая кампанія. Яны гэтую справу называюць «нядзельная школа». Што, кажуць, наведаем «нядзельную школу»? Яны там у асноўным наконт пажылых кабэт. Прыкоціць якая-небудзь старая з Брусэлю, а Барбрыдж ёй хлопчыка для ўсялякіх паслугаў, плата асобна… Ёсьць там хлопцы — нядрэнна зарабляюць.

— «Нядзельная школа», — паўтарыў Нунан.

Нейкая дзіўная думка зьявілася раптам у яго. Школа. Ён узьняўся.

— Добра, — сказаў ён. — Бог зь імі, зь пікнікамі. Гэта не для нас. Але каб ты ведаў: у Сьцярвятніка ёсьць хабар, а гэта ўжо нашая справа, галубчыку. Гэта мы проста так пакінуць ня можам. Шукай, Маслак, шукай, а тое выганю я цябе да чортавай маці. Адкуль ён бярэ хабар, хто яму дастаўляе, высьветлі ўсё і давай на дваццаць адсоткаў больш, чым дае ён. Зразумеў?

— Зразумеў, бос. — Маслак ужо таксама стаяў, рукі па швах, на абквэцанай пысе — адданасьць.

— І перастань псаваць мне дзевак, сволач! — закрычаў раптам Нунан і выйшаў.

У холе каля стойкі ён не сьпяшаючыся расьпіў свой апэрытыў, пагутарыў з Мадам наконт падзеньня нораваў у цяперашняй моладзі, намякнуў ёй, што ў найбліжэйшай будучыні мае намер пашырыць заклад, панізіўшы голас, параіўся, як быць з Бэні — стары становіцца мужык, слыху няма, рэакцыя ўжо ня тая, не пасьпявае, як раней… Было ўжо шэсьць гадзін, хацелася есьці, а ў мозґу ўсё сьвідравала, усё круцілася нечаканая думка, якая ні з чым не пагаджалася і ў той жа час шмат што тлумачыла… Зрэшты, і так ужо сёе-тое растлумачылася, зьнік з гэтай справы налёт містыкі, які так раздражняў і палохаў, засталася толькі прыкрасьць да сябе, што раней не падумаў пра такую ​​магчымасьць, але ж галоўнае было ня ў гэтым, галоўнае было ў гэтай думцы, якая ўсё круцілася і круцілася і не давала спакою.