Выбрать главу

Разьвітаўшыся з Мадам і паціснуўшы руку Бэні, Нунан паехаў наўпрост у «Боржч». Уся бяда ў тым, што мы не заўважаем, як праходзяць гады, думаў ён. Пляваць на гады — мы не заўважаем, як усё мяняецца. Мы ведаем, што ўсё мяняецца, нас зь дзяцінства вучаць, што ўсё мяняецца, мы шмат разоў бачылі на свае вочы, як усё мяняецца, і тым ня менш мы абсалютна ня здольныя заўважыць той момант, калі зьмена адбываецца, ці шукаем зьмены ня там, дзе варта было б. Вось ужо зьявіліся новыя сталкеры — аснашчаныя кібэрнэтыкай. Стары сталкер быў брудным панурым чалавекам, які са зьвярынай упартасьцю, мілімэтр за мілімэтрам, поўз па Зоне, зарабляючы сабе куш. Новы сталкер — гэта прыстойны чалавек пры гальштуку, інжынэр, сядзіць дзе-небудзь у кілямэтры ад Зоны, у зубах цыгарэтка, каля локця — шклянка з падбадзёрлівай сумесьсю, сядзіць сабе і сочыць за экранамі. Чалавек на жалаваньне. Вельмі лягічная карціна. Да таго лягічная, што ўсе астатнія магчымасьці проста на думку не прыходзяць. А ёсьць жа і іншыя магчымасьці. «Нядзельная школа», напрыклад.

У «Боржчы» было шмат сьвятла і вельмі смачна пахла. «Боржч» таксама зьмяніўся. Ні табе п’янкі, ні табе весялосьці. Гуталін цяпер сюды ня ходзіць, грэбуе, і Рэдрык Шугарт, напэўна, сунуў нос свой рабаваты, пакрывіўся і сышоў. Эрнэст сядзіць, справы вядзе ягоная старая — дарвалася: салідная пастаянная кліентура — увесь інстытут сюды ходзіць абедаць, ды й старэйшыя афіцэры, — утульныя кабінкі, гатуюць смачна, бяруць нядорага, піва заўсёды сьвежае. Добрая старая карчма.

У адной з кабінак Нунан убачыў Валянціна. Фізык, чытаючы складзены папалам часопіс, сядзеў над кубачкам кавы. Нунан падышоў.

— Дазвольце суседнічаць? — спытаў ён. Валянцін падняў на яго чорныя акуляры.

— А, — сказаў ён. — Прашу.

— Зараз, толькі рукі памыю, — сказаў Нунан, згадаўшы раптам больку на носе Маслака Кацюшы.

Тут яго добра ведалі. Калі ён вярнуўся і сеў насупраць Валянціна, на стале ўжо стаяла маленькая жароўня з дымлівым шураска і высокі куфаль піва — не халоднага і ня цёплага, як ён любіў. Валянцін адклаў часопіс і паспытаў кавы.

— Слухайце, Валянціне, — сказаў Нунан, адразаючы кавалачак мяса і мачаючы яго ў соус. — Як вы думаеце, чым усё гэта скончыцца?

— Вы пра што?

— Наведваньне. Зоны, сталкеры, ваенна-прамысловыя комплексы — уся гэтая куча… Чым усё гэта можа скончыцца?

Валянцін доўга глядзеў на яго сьляпымі чорнымі шкламі. Потым ён закурыў цыгарэту і сказаў:

— Для каго? Канкрэтызуйце.

— Ну, скажам, для чалавецтва ў цэлым, — прапанаваў Нунан.

— Гэта залежыць ад нашага глупства, — сказаў Валянцін. — А дакладней, ад шанцаваньня нашага або нешанцаваньня. Цяпер мы ведаем, што ў цэлым для чалавецтва Наведваньне прайшло ўвогуле бясьсьледна. Для чалавецтва ўсё праходзіць бясьсьледна. Вядома, ня выключана, што, дастаючы наўздагад каштаны з гэтага агню, мы ў рэшце рэшт выцягнем што-небудзь такое, з-за чаго жыцьцё на нашай плянэце наогул стане немагчымым. Гэта будзе нешанцаваньне. Але гэта, пагадзіцеся, заўсёды пагражала чалавецтву і без усялякіх Наведваньняў. — Ён паглядзеў на Нунана скрозь дым цыгарэты і ўсьміхнуўся. — Я бачу, вы не задаволеныя. Але я, ці бачыце, даўно ўжо адвык разважаць пра чалавецтва ў цэлым. Чалавецтва ў цэлым — занадта стацыянарная сыстэма, яе нічым ня проймеш.

— А што можна праняць?

— Нашага брата навукоўца можна праняць. Вашага брата бізнэсоўца таксама. Хаця… Вось скажыце па праўдзе, Рычардзе, што для вас, дзялка, зьмянілася ад таго, што вы даведаліся: ёсьць у Сусьвеце яшчэ прынамсі адзін розум, акрамя чалавечага?

— Як вам сказаць, — запярэчыў Нунан. — Я, напрыклад, вось ужо шмат гадоў адчуваю некаторую нязручнасьць, няўтульнасьць нейкую. Добра, яны прыйшлі і адразу сышлі. А калі яны прыйдуць зноў і ім прыйдзе на думку застацца? Для мяне гэта, ведаеце, не пустое пытаньне: хто яны, як яны жывуць, што ім трэба… У найпрымітыўнейшым варыянце я павінен буду думаць, як мне зьмяніць вытворчасьць. Я павінен быць гатовы. А калі я наогул акажуся непатрэбным у іхнай сыстэме? Я пакідаю ў баку пытаньне, што будзе, калі мы ўсе акажамся непатрэбнымі… Слухайце, Валянціне, калі ўжо прыпала да слова… Існуюць якія-небудзь адказы на пытаньні, якія я задаў? Хто яны? Што ім тут было трэба? Вярнуцца яны ці не?