Выбрать главу

— Адказы існуюць, — сказаў Валянцін, усьміхаючыся. — Іх нават вельмі шмат, выбірайце любы.

— Ну, а вы самі што лічыце?

— Шчыра кажучы, я ніколі не дазваляў сабе сур’ёзна пра гэта разважаць. Для мяне Наведваньне — гэта перш за ўсё ўнікальная падзея, якая магла б даць нам магчымасьць пераскочыць адразу празь некалькі прыступак у натуральным працэсе пазнаньня прыроды рэчаў. Нешта накшталт падарожжа ў будучыню тэхналёгіі. Ну, як калі б Ісаку Ньютану які-небудзь цудатворац падкінуў бы ў лябараторыю сучасны квантавы генэратар…

— Ньютан бы нічога не зразумеў, — з папрокам сказаў Нунан.

— Дарэмна вы так думаеце, — сказаў Валянцін. — Ньютан быў вельмі разумны чалавек.

— Добра, бог зь ім, зь Ньютанам. Мяне ўсё-ткі больш за ўсё цікавіць, як вы тлумачыце Наведваньне. Хай нават несур’ёзна. Бо ня можа ж быць, што вы пра гэта ўвогуле ня думалі…

— Добра. Толькі я маю папярэдзіць вас, Рычардзе, што вашае пытаньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі псэўданавукі пад назвай ксэналёгія. Ксэналёгія — гэта нейкая ненатуральная помесь немастацкай фантастыкі з фармальнай лёгікай. Асновай ейнага мэтаду зьяўляецца заганны прыём — навязваньне іншаплянэтнаму розуму чалавечай псыхалёгіі.

— А што загадаеце рабіць? Бо ж іншай псыхалёгіі, акрамя чалавечай, у нас няма…

— Вось у тым і ўся справа. — сказаў Валянцін. — Біёлягі ў свой час ужо апякліся, спрабуючы перанесьці псыхалёгію чалавека на жывёл. Зямных жывёл, заўважце…

— Дазвольце, — сказаў Нунан. — Гэта зусім іншая справа. Бо мы ж гаворым аб псыхалёгіі разумных істотаў…

— Так, і ўсё было б вельмі добра, калі б мы ведалі, што такое розум.

— Хіба мы дагэтуль ня ведаем? — зьдзівіўся Нунан.

— Уявіце сабе — не. Звычайна зыходзяць зь вельмі плоскага вызначэньня: розум ёсьць такой уласьцівасьцю чалавека, якая адрозьнівае ягоную дзейнасьць ад дзейнасьці жывёл. Гэткая, ці ведаеце, спроба адмежаваць гаспадара ад сабакі, які ўсё разумее, толькі сказаць ня можа. Зрэшты, з гэтага плоскага вызначэньня выцякаюць дасьціпнейшыя, хоць ґрунтуюцца яны на гаротных назіраньнях за згаданай дзейнасьцю чалавека. Напрыклад: розум ёсьць здольнасьцю жывой істоты зьдзяйсьняць немэтазгодныя або ненатуральныя ўчынкі…

— Так, гэта пра чалавека, — пагадзіўся Нунан.

— Нажаль!.. Ці, скажам, вызначэньне-гіпотэза: розум ёсьць інстынктам, які не пасьпеў сфармавацца. Маецца на ўвазе, што інстынктыўная дзейнасьць заўсёды мэтазгодная і натуральная. Пройдзе мільён гадоў, і жыцьцё нашае наладзіцца: мы перастанем рабіць памылкі, якія, верагодна, зьяўляюцца неад’емнай уласьцівасьцю розуму. І тады, калі ў Сусьвеце што-небудзь зьменіцца, мы шчасна вымрэм, зноў жа менавіта таму, што развучыліся рабіць памылкі, то бок спрабаваць розныя, не прадугледжаныя праграмай варыянты.

— Як гэта ўсё ў вас атрымліваецца… зьневажальна.

— Калі ласка, яшчэ адно вызначэньне, вельмі ўзвышанае і высакароднае. Розум ёсьць здольнасьцю выкарыстоўваць сілы навакольнага сьвету без разбурэньня гэтага сьвету.

Нунан зморшчыўся і заматаў галавой.

— Гэта не пра чалавека, — сказаў ён. — Гэта нешта занадта ўжо ўзвышанае і высакароднае… Ну, а як наконт таго, што чалавек — гэта, у адрозьненьне ад жывёл, істота, якая адчувае непераадольную патрэбу ў ведах? Я дзесьці пра гэта чытаў.

Я таксама, — сказаў Валянцін, усьміхаючыся. — Але ўся бяда ў тым, што чалавек — масавы чалавек, я маю на ўвазе, — занадта ўжо лёгка пераадольвае сваю патрэбнасьць у ведах. Насамрэч чалавек, па-мойму, зусім ня мае патрэбнасьці пазнаваць. Ён мае патрэбнасьць зразумець, а для гэтага ведаў ня трэба. Гіпотэза пра бога, напрыклад, дае ні з чым не параўнальную магчымасьць усё зразумець, нічога не пазнаючы… На гэтым, між іншым, пабудаваная ўся палітыка. Дай чалавеку вельмі спрошчаную сыстэму сьвету і тлумач усякую падзею на базе гэтай спрошчанай мадэлі. Такі падыход не патрабуе ведаў. Некалькі завучаных формулаў плюс так званая інтуіцыя, так званая практычная кемнасьць і так званы здаровы сэнс.

— Чакайце, — сказаў Нунан. Ён дапіў піва і са стукам паставіў пусты куфаль на стол. — Не адцягвайцеся. Давайце ўсё ж ткі так. Чалавек сустрэўся зь іншаплянэтнай істотай. Як яны пазнаюць адно аб адным, што яны абое разумныя?

— Уяўленьня ня маю, — сказаў Валянцін. — Усё, што я чытаў з гэтай нагоды, зводзіцца да заганнага кола. Калі яны здольныя да кантакту, значыць, яны разумныя. І наадварот: калі яны разумныя, яны здольныя да кантакту. І наогул: калі іншаплянэтная істота мае гонар валодаць псыхалёгіяй чалавека, то яна разумная. Такія справы, Рычардзе. Чыталі Вонэгута?