— Вось табе і на! — сказаў Нунан. — А я думаў, што ў вас, навукоўцаў, усё ўжо даўным-даўно раскладзена па палічках.
— Раскласьці па палічках і малпа можа, — сказаў Валянцін.
— Не, пачакайце, — сказаў Нунан. Чамусьці ён адчуваў сябе вельмі засмучаным. — Але калі вы такіх простых рэчаў ня ведаеце… Добра, бог зь ім, з розумам. Відаць, тут чорт нагу зломіць. Наконт Наведваньня… Што вы ўсё-ткі думаеце наконт Наведваньня?
— Калі ласка, — сказаў Валянцін. — Уявіце сабе пікнік…
Нунан здрыгануўся.
— Як вы сказалі?
— Пікнік. Уявіце сабе: лес, прасёлак, лужок. З прасёлка на лужок зьяжджае машына, з машыны выгружаюцца маладыя людзі, бутэлькі, кошыкі з правізіяй, дзяўчыны, транзыстары, фота- і кінаапараты… Распальваецца вогнішча, ставяцца намёты, уключаецца музыка… А раніцай яны едуць. Зьвяры, птушкі і насякомыя, якія ўсю ноч з жахам назіралі тое, што адбываецца, выпаўзаюць са сваіх сховішчаў. І што ж яны бачаць? На траву панацякло аўтолу, праліты бэнзын, раскіданыя непрыдатныя сьвечкі і алейныя фільтры. Валяецца рызьзё, перагарэлыя лямпачкі, хтосьці забыў развадны ключ. Ад пратэктараў застаўся бруд, што наліпнуў на нейкім невядомым балоце. Ну, і самі разумееце: сьляды вогнішча, агрызкі яблыкаў, абгорткі ад цукерак, кансэрвавыя бляшанкі, пустыя бутэлькі, чыясьці насоўка, чыясьці дробязь, чыйсьці складанчык, старыя драныя газэты, манэткі, завялыя кветкі зь іншых палянаў…
— Я зразумеў, — сказаў Нунан. — Пікнік на ўзбоччы.
— Менавіта. Пікнік на ўзбоччы нейкай касьмічнай дарогі. А вы мяне пытаеце, вернуцца яны або не?
— Дайце-ка мне закурыць, — сказаў Нунан. — Чорт бы ўзяў вашу псэўданавуку. Неяк я ўсё ня так сабе ўяўляў.
— Гэта вашае права, — сказаў Валянцін.
— Гэта што ж, яны, значыць, нас нават і не заўважылі? Чаму ж?..
— Ну, ва ўсякім разе не зьвярнулі на нас увагі…
— Ведаеце, я б на вашым месцы не засмучаўся, — заўважыў Валянцін.
Нунан зацягнуўся, закашляўся, кінуў цыгарэту.
— Усё роўна, — сказаў ён упарта. — Ня можа быць… Чорт бы вас, навукоўцаў, узяў! Адкуль гэта ў вас пагарда да чалавека? Імкненьне яго прынізіць…
— Пачакайце, — сказаў Валянцін. — Паслухайце. «Вы спытаеце мяне: чым вялікі чалавек? — працытаваў ён. — Што стварыў другую прыроду? Што прывёў у рух сілы, амаль касьмічныя? Што ў нікчэмныя тэрміны завалодаў плянэтай і прасёк акно ў Сусьвет? Не! Тым, што, нягледзячы на ўсё гэта, ацалеў і мае намер ацалець і далей».
Запанавала маўчаньне. Нунан думаў.
— Можа быць, гэта і так, — сказаў ён няўпэўнена. — Вядома, з гэтага пункту гледжаньня…
— Ды вы не засмучайцеся. — дабрадушна сказаў Валянцін. — Пікнік — гэта ж мая гіпотэза. І нават не гіпотэза, уласна, а так, карціна… Так званыя сур’ёзныя ксэнолягі спрабуюць абґрунтаваць значна больш самавітыя і лісьлівыя чалавечаму самалюбству вэрсіі. Напрыклад, што ніякага Наведваньня не было, што Наведваньне яшчэ толькі будзе; нейкі высокі розум закінуў да нас на Зямлю кантэйнэры з узорамі сваёй матэрыяльнай культуры. Чакаецца, што мы вывучым гэтыя ўзоры, зьдзейсьнім тэхналягічны скачок і здолеем даслаць ім зваротны сыгнал, які азначацьме рэальную гатоўнасьць да кантакту. Як вам гэта?
— Гэта ўжо значна лепш, — сказаў Нунан. — Цяпер я бачу, што сярод навукоўцаў таксама трапляюцца прыстойныя людзі.
— Або вось. Наведваньне мела месца насамрэч. Але яно зусім не закончылася. Фактычна мы зараз знаходзімся ў стане кантакту, толькі не падазраем пра гэта. Прышэльцы ўгнязьдзіліся ў Зонах і старанна нас вывучаюць, адначасова падрыхтоўваючы да «жорсткіх цудаў будучыні».
— Вось гэта я разумею! — сказаў Нунан. — Прынамсі гэта тлумачыць таямнічую валтузьню ў руінах заводу. Між іншым, ваш «пікнік» яе не тлумачыць.
— Чаму ж не тлумачыць? — запярэчыў Валянцін. — Магло ж якое-небудзь дзяўчо забыць на лужку любімае завадное медзьведзяня…
— Ну, гэта вы кіньце, — рашуча сказаў Нунан. — Добра казаць — медзьведзяня, зямля трасецца… Зрэшты, вядома, можа быць і медзьведзяня. Піва будзеце? Разалія! Гэй, старая! Два куфлі піва панам ксэнолягам! А ўсё-ткі прыемна з вамі пагутарыць, — сказаў ён Валянціну. — Гэткае прачышчэньне мазґоў, нібы ангельскай солі насыпалі пад чарапушку… А тое вось так працуеш, працуеш, а навошта, для чаго, што будзе, што здарыцца, чым сэрца супакоіцца…