Прынесьлі піва. Нунан сербануў, паглядзеў паверх пены, як Валянцін з выразам гідлівага сумневу разглядае свой куфаль.
— Што, не падабаецца? — спытаў ён, аблізваючы вусны.
— Ды я, уласна, ня п’ю, — нерашуча сказаў Валянцін.
— Ну так? — уразіўся Нунан.
— Чорт вазьмі! — сказаў Валянцін і рашуча адсунуў куфаль. — Замоўце мне лепш каньяку, калі так, — сказаў ён.
— Разалія! — неадкладна раўнуў Нунан, які дарэшты разьвесяліўся.
Калі прынесьлі каньяк, ён сказаў:
— І ўсё ж ткі так нельга. Я ўжо не кажу пра ваш «пікнік» — гэта наогул сьвінства, але калі нават прыняць вэрсію, што гэта, скажам, прэлюдыя да кантакту, усё роўна нядобра. Ну, я разумею там — «бранзалеты», «пустышкі»… Але «ведзьмін халадзец» навошта? «Камарыныя плешы», расьліннасьць гэтая страшная…
— Прабачце, — сказаў Валянцін. — Я не зусім разумею вашу тэрміналёгію. Якія, прабачце, плешы?
Нунан засьмяяўся.
— Гэта не мая тэрміналёгія, — сказаў ён. — Гэта ўсё сталкеры. Фальклёр, так бы мовіць, працоўны жаргон. «Камарыныя плешы» — гэта вобласьці падвышанай гравітацыі.
— А, так, вельмі загадкавая зьява. Накіраваная гравітацыя. Вось пра яе б я пагаварыў з задавальненьнем, але вы нічога не зразумееце.
— Чаму ж гэта я нічога не зразумею? Я таксама інжынэр.
— Вы не зразумееце, бо я сам не разумею, — сказаў Валянцін. — У мяне ёсьць толькі сыстэмы раўнаньняў, але я сам не разумею, як іх можна вытлумачыць… А «ведзьмін халадзец» — гэта, верагодна, калёйдны газ?
— Ён самы. Дарэчы, вы чулі пра катастрофу ў Карыганаўскіх лябараторыях?
— Я чуў у асноўным пра скандал… Кіраўніцтва фірмы было абвінавачанае ў выкраданьні гэтага самага калёйднага газу і ў выкананьні дасьледаваньняў, забароненых міжнародным правам. А дэталяў самой катастрофы я ня ведаю.
— Мне распавядалі сёе-тое. Яны памясьцілі фарфоравы кантэйнэр з «халадцом» у спэцыяльную камэру, гранічна ізаляваную ад навакольнага асяродзьдзя… то бок гэта яны думалі, што камэра гранічна ізаляваная… А калі яны адкрылі кантэйнэр маніпулятарамі, «халадзец» пайшоў праз мэтал і плястык, як вада праз прамакатку, вырваўся вонкі, і ўсё, да чаго ён датыкаўся, ператваралася зноў жа ў «халадзец». Загінула трыццаць пяць чалавек, больш за сто атрымала цяжкія калецтвы, і цяпер увесь гіганцкі будынак лябараторыі — вы бывалі там калі-небудзь? раскошнае збудаваньне! — прыведзены ў поўную непрыгоднасьць. «Халадзец» сьцёк у сутарэньні й ніжнія паверхі, ну і самі разумееце…
Валянцін увесь зморшчыўся.
— Злачынцы, — сказаў ён. — Але пагадзіцеся, Рычардзе, прышэльцы тут ні пры чым. Адкуль яны могуць ведаць пра існаваньне ваенна-прамысловых комплексаў?
— Трэба было ведаць, — павучальна адказаў Нунан.
— А яны б вам сказалі на гэта: трэба было даўным-даўно зьнішчыць ваенна-прамысловыя комплексы.
— І тое праўда, — згадзіўся Нунан. — Вось ім бы і заняцца…
— То бок, вы прапануеце ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы чалавецтва?
— Так, — сказаў Нунан. — Так мы, вядома, можам зайсьці вельмі далёка. Ня будзем пра гэта. Пагаворым лепш аб тым, з чаго пачалі гэтую размову. Чым жа ўсё гэта скончыцца? Вы кажаце, што гэта не канкрэтнае пытаньне. Згодны. Тады спытаем так: што вы яшчэ, навукоўцы, спадзяецеся атрымаць з Зоны? Што-небудзь фундамэнтальнае, сапраўды здольнае перавярнуць навуку, тэхналёгію, лад жыцьця…
Валянцін паціснуў плячыма.
— Вы зьвяртаецеся не па адрасе, Рычардзе. Я не люблю фантазьяваць упустую. Калі гаворка ідзе пра такія сур’ёзныя рэчы, я аддаю перавагу асьцярожнаму скепсысу. Калі сыходзіць з таго, што мы ўжо атрымалі, наперадзе цэлы спэктр магчымасьцяў, і нічога пэўнага сказаць нельга.
— Ну добра, паспрабуем зь іншага канца. Што мы, на вашую думку, ужо атрымалі?
— Як гэта ні забаўна, даволі мала. Мы выявілі шмат цудаў, мы нават навучыліся ў некаторых выпадках выкарыстоўваць гэтыя цуды для сваіх патрэбаў, але кіраваць гэтымі цудамі… Малпа націскае чырвоную кнопку — атрымлівае банан, націскае белую — апэльсын, але як прыстарацца бананаў і апэльсынаў бяз кнопак — яна ня ведае. Возьмем, скажам, «этакі». Мы навучыліся імі карыстацца, мы адкрылі ўмовы нават, пры якіх яны размножваюцца дзяленьнем, але мы да гэтага часу ня здолелі зрабіць аніводнага «этака» і, мяркуючы па тым, што нам вядома, здолеем ня скора. То бок я б сказаў так. Ёсьць аб’екты, якім мы знайшлі прымяненьне. Мы выкарыстоўваем іх, зразумела, пэўна ня так, як іх выкарыстоўвалі прышэльцы… падазраю, што мы наогул у большасьці выпадкаў забіваем мікраскопамі цьвікі, але ўсё-ткі мы іх прымяняем: «этакі», «бранзалеты», што стымулююць жыцьцёвыя працэсы… розныя кшталты квазібіялягічных масаў, якія зрабілі такі пераварот у анкалёгіі. Увогуле, што я іх вам пералічваю! Вы ведаеце ўсё гэта ня горш за мяне, «бранзалецік», я бачу, вы самі носіце. Назавем гэтую групу аб’ектаў карыснымі. Можна без перабольшаньня сказаць, што ў нейкай ступені чалавецтва імі адабрадзеяна, хоць ніколі ня варта забываць, што ў нашым эўклідавым сьвеце ўсякая палка мае два канцы…