— Вопыт з прысадкамі да мінэральных угнаеньняў? — сказаў Нунан.
— Напрыклад. Або прымяненьне «этакаў» у вайсковай прамысловасьці… Я не пра гэта. Дзеяньне кожнага карыснага аб’екта намі больш ці менш вывучана, больш ці менш растлумачана. Цяпер спыненьне за тэхналёгіяй, але гадоў празь пяцьдзесят мы самі навучымся вытвараць гэтыя каралеўскія пячаткі і тады ўволю будзем калоць імі арэхі. Складаней абстаіць справа з наступнай групай аб’ектаў, складаней менавіта таму, што ніякага прымяненьня яны ў нас не знаходзяць, а ўласьцівасьці іхныя ў рамках нашых сучасных уяўленьняў рашуча невытлумачальныя. Напрыклад, магнітныя пасткі розных тыпаў. Мы разумеем, што гэта магнітная пастка. Паноў гэта вельмі дасьціпна даказаў. Але мы не разумеем, дзе крыніца такога магутнага магнітнага поля, у чым прычына ягонай звышустойлівасьці… нічога не разумеем. Мы можам толькі будаваць фантастычныя гіпотэзы адносна такіх уласьцівасьцяў прасторы, пра якія мы раней нават і не падазравалі. Або К-231… Як вы іх называеце, гэтыя чорныя прыгожыя шарыкі, якія ідуць на ўпрыгажэньні?
— «Чорныя пырскі», — сказаў Нунан.
— Вось вось… Гм… Добрая назва… Ну, вы ведаеце пра іх уласьцівасьці. Калі пусьціць прамень сьвятла ў такі шарык, то сьвятло выйдзе зь яго з затрымкай, прычым гэтая затрымка залежыць ад вагі шарыка, ад памеру, яшчэ ад некаторых уласьцівасьцяў… і частата выходзячага сьвятла заўсёды меншая за частату ўваходзячага… Што гэта такое? Вы ведаеце, што існуе вар’яцкая ідэя, быццам гэтыя вашыя «чорныя пырскі» — гэта гіганцкія вобласьці прасторы, якая валодае іншымі ўласьцівасьцямі, чым нашая, і якая прыняла такую згорнутую форму пад узьдзеяньнем нашай прасторы… — Валянцін выцягнуў цыгарэту, закурыў. — Карацей кажучы, аб’екты гэтай групы для цяперашняй чалавечай практыкі цалкам бескарысныя, хоць з чыста навуковага пункту гледжаньня яны маюць велізарнае значэньне. Быццам зь неба зваліліся адказы на яшчэ не зададзеныя пытаньні. Згаданы вышэй сэр Ісак, вядома, не разабраўся б у лязэры, але ва ўсякім выпадку ён бы зразумеў, што такая рэч магчымая, і гэта моцна б паўплывала на ягоны навуковы сьветапогляд. Я ня буду ўдавацца ў падрабязнасьці, але існаваньне такіх рэчаў, як магнітныя пасткі, К-231, «белае кольца», разам закрэсьліла цэлае поле нядаўна квітнеючых тэорыяў і выклікала да жыцьця зусім новыя ідэі. А ёсьць жа яшчэ трэцяя група…
— Так, — сказаў Нунан. — «ведзьмін халадзец» і іншае дзярмо…
— Не, гэта трэба аднесьці альбо да першай, альбо да другой групы. Я маю на ўвазе аб’екты, пра якія мы ведаем толькі па чутках. Аб’екты, якія мы ніколі не трымалі ў руках. «Машына жаданьняў», «валацуга Дык», «вясёлыя здані»…
— Хвіліначку, хвіліначку, — сказаў Нунан. — Гэта яшчэ што такое? «Машына жаданьняў» — гэта я разумею…
Валянцін усьміхнуўся.
— Бачыце, у нас таксама ёсьць свая тэрміналёгія, свой жаргон. «Валацуга Дык» — гэта гіпатэтычнае завадное медзьведзяня, якое блукае ў руінах завода. А «вясёлыя здані» — гэта нейкая небясьпечная турбуленцыя, якая мае месца ў некаторых раёнах Зоны.
— Упершыню чую, — сказаў Нунан.
— Вы разумееце, Рычардзе, — сказаў Валянцін, — мы калупаемся ў Зоне паўтары дзясяткі гадоў, але мы ня ведаем і тысячнай долі таго, што яна ўтрымлівае. А ўжо калі казаць пра ўзьдзеяньне Зоны на чалавека… Вось, дарэчы, тут нам давядзецца ўвесьці ў клясыфікацыю яшчэ адну, чацьвёртую групу. Ужо не аб’ектаў, а узьдзеяньняў. Гэтая група вывучаная пачварна дрэнна, хаця фактаў назьбіралася, на мой погляд, больш чым дастаткова. Вы ведаеце, Нунан, я фізык і, такім чынам, скептык, але і мяне часам мароз прадзірае па скуры, калі я думаю пра гэтыя факты.
— Жывыя нябожчыкі… — прамармытаў Нунан.
— Ды не… Жывыя нябожчыкі — гэта загадкава, але ня больш за тое… Як бы гэта сказаць… Гэта ўяўна, ці што… А вось калі вакол чалавека раптам безь нічога ніякага пачынаюць адбывацца пазафізычныя, пазабіялягічныя зьявы…
— А, вы маеце на ўвазе эмігрантаў?
— Менавіта. Матэматычная статыстыка, ці ведаеце, гэта вельмі дакладная навука, хоць і мае яна справу з выпадковасьцямі. І акрамя таго, гэта вельмі красамоўная навука, вельмі наглядная…